§ 44. Экасістэма. Біягеацэноз

Паняцце экасістэмы і біягеацэнозу

Тэрмін «экасістэма» ўпершыню быў прапанаваны англійскім эколагам А. Тэнслі ў 1935 г. Экасістэмы лічацца асноўнымі структурнымі адзінкамі прыроды на Зямлі.

Экасістэма — біялагічная сістэма, якая складаецца з жывых арганізмаў і асяроддзя іх пражывання, звязаных сукупнасцю сувязей, што здзяйсняюць абмен рэчывам і энергіяй паміж імі. Для абазначэння падобных сістэм на аднародных участках сушы рускі геабатанік У. М. Сукачоў у 1942 г. прапанаваў тэрмін «біягеацэноз».

Біягеацэноз (ад грэч. bίos — жыццё, gé — зямля, koinós — агульны) — біялагічная сістэма, якая ўключае згуртаванне жывых арганізмаў (біяцэноз) і цесна звязаную з ім сукупнасць абіятычных фактараў асяроддзя (біятоп) у межах аднароднай тэрыторыі, звязаных паміж сабой кругаваротам рэчываў і патокам энергіі.

Як бачна з прыведзенага азначэння, біягеацэноз уключае дзве структурныя часткі — біяцэноз і біятоп. Кожная з гэтых частак складаецца з пэўных кампанентаў, якія паміж сабой узаемазвязаны.

Біягеацэноз і экасістэма — блізкія паняцці, якія абазначаюць біясістэмы аднаго ўзроўню арганізацыі. Аднак вышэйназваныя паняцці не з’яўляюцца сінонімамі.

Экасістэмы маюць розную ступень складанасці, розныя маштабы, яны могуць быць натуральнымі (прыроднымі) і штучнымі (створанымі чалавекам). Экасістэмы не маюць пэўнай размернасці. Пень, які гніе, з яго жыхарамі — беспазваночнымі, грыбамі і бактэрыямі — уяўляе сабой экасістэму невялікага маштабу (мікраэкасістэма). Возера з воднымі і каляводнымі арганізмамі з’яўляецца экасістэмай сярэдняга маштабу (мезаэкасістэма). А мора з яго разнастайнасцю водарасцей, рыб, малюскаў, ракападобных — экасістэма буйнога маштабу (макраэкасістэма).

Біягеацэноз адрозніваецца ад экасістэмы тэрытарыяльнай абмежаванасцю. Яго межы вызначаюцца наземным раслінным покрывам (фітацэнозам). Змяненне расліннасці сведчыць пра змяненне ўмоў у біятопе і пра мяжу з суседнім біягеацэнозам. Напрыклад, пераход ад дрэвавай расліннасці да травяністай сведчыць пра мяжу паміж лясным і лугавым біягеацэнозамі. Біягеацэнозы вылучаюць толькі на сушы, бо іх абавязковым кампанентам з’яўляецца глеба.

З пункту гледжання забеспячэння пажыўнымі рэчывамі біягеацэнозы больш аўтаномныя (незалежныя ад іншых біягеацэнозаў), чым экасістэмы. У кожным з устойлівых (існуючых працяглы час) біягеацэнозаў ажыццяўляецца дастаткова поўны кругаварот рэчываў, які можна супаставіць па характары з кругаваротам рэчываў у біясферы планеты Зямля, але толькі ў значна меншым маштабе. Экасістэмы ж больш адкрытыя сістэмы для прытоку і адтоку рэчыва і энергіі. Гэта яшчэ адно адрозненне біягеацэнозаў ад экасістэм.

Такім чынам, паняцце «экасістэма» шырэйшае, чым «біягеацэноз». Экасістэмай можна назваць любы біягеацэноз, а вось біягеацэнозам можна назваць толькі наземныя экасістэмы.