§ 44. Экасістэма. Біягеацэноз
- Успомніце, што такое біяцэноз. Што такое біятоп?
- Як вы думаеце? Якія працэсы звязваюць біяцэноз і біятоп у адзіную біялагічную сістэму, здольную да працяглага існавання?
- Вы даведаецеся пра паняцці «экасістэма», «біягеацэноз», пра размеркаванне арганізмаў на групы ў залежнасці ад іх ролі ў абмене рэчываў і ператварэнні энергіі.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 44. Экасістэма. Біягеацэноз |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 22 Ноябрь 2024, 04:01 |
Паняцце экасістэмы і біягеацэнозу
Тэрмін «экасістэма» ўпершыню быў прапанаваны англійскім эколагам А. Тэнслі ў 1935 г. Экасістэмы лічацца асноўнымі структурнымі адзінкамі прыроды на Зямлі.
Экасістэма — біялагічная сістэма, якая складаецца з жывых арганізмаў і асяроддзя іх пражывання, звязаных сукупнасцю сувязей, што здзяйсняюць абмен рэчывам і энергіяй паміж імі. Для абазначэння падобных сістэм на аднародных участках сушы рускі геабатанік У. М. Сукачоў у 1942 г. прапанаваў тэрмін «біягеацэноз».
Біягеацэноз (ад грэч. bίos — жыццё, gé — зямля, koinós — агульны) — біялагічная сістэма, якая ўключае згуртаванне жывых арганізмаў (біяцэноз) і цесна звязаную з ім сукупнасць абіятычных фактараў асяроддзя (біятоп) у межах аднароднай тэрыторыі, звязаных паміж сабой кругаваротам рэчываў і патокам энергіі.
Як бачна з прыведзенага азначэння, біягеацэноз уключае дзве структурныя часткі — біяцэноз і біятоп. Кожная з гэтых частак складаецца з пэўных кампанентаў, якія паміж сабой узаемазвязаны.
Біягеацэноз і экасістэма — блізкія паняцці, якія абазначаюць біясістэмы аднаго ўзроўню арганізацыі. Аднак вышэйназваныя паняцці не з’яўляюцца сінонімамі.
Экасістэмы маюць розную ступень складанасці, розныя маштабы, яны могуць быць натуральнымі (прыроднымі) і штучнымі (створанымі чалавекам). Экасістэмы не маюць пэўнай размернасці. Пень, які гніе, з яго жыхарамі — беспазваночнымі, грыбамі і бактэрыямі — уяўляе сабой экасістэму невялікага маштабу (мікраэкасістэма). Возера з воднымі і каляводнымі арганізмамі з’яўляецца экасістэмай сярэдняга маштабу (мезаэкасістэма). А мора з яго разнастайнасцю водарасцей, рыб, малюскаў, ракападобных — экасістэма буйнога маштабу (макраэкасістэма).
Біягеацэноз адрозніваецца ад экасістэмы тэрытарыяльнай абмежаванасцю. Яго межы вызначаюцца наземным раслінным покрывам (фітацэнозам). Змяненне расліннасці сведчыць пра змяненне ўмоў у біятопе і пра мяжу з суседнім біягеацэнозам. Напрыклад, пераход ад дрэвавай расліннасці да травяністай сведчыць пра мяжу паміж лясным і лугавым біягеацэнозамі. Біягеацэнозы вылучаюць толькі на сушы, бо іх абавязковым кампанентам з’яўляецца глеба.
З пункту гледжання забеспячэння пажыўнымі рэчывамі біягеацэнозы больш аўтаномныя (незалежныя ад іншых біягеацэнозаў), чым экасістэмы. У кожным з устойлівых (існуючых працяглы час) біягеацэнозаў ажыццяўляецца дастаткова поўны кругаварот рэчываў, які можна супаставіць па характары з кругаваротам рэчываў у біясферы планеты Зямля, але толькі ў значна меншым маштабе. Экасістэмы ж больш адкрытыя сістэмы для прытоку і адтоку рэчыва і энергіі. Гэта яшчэ адно адрозненне біягеацэнозаў ад экасістэм.
Такім чынам, паняцце «экасістэма» шырэйшае, чым «біягеацэноз». Экасістэмай можна назваць любы біягеацэноз, а вось біягеацэнозам можна назваць толькі наземныя экасістэмы.
Структурныя і функцыянальныя блокі экасістэмы
У экасістэме віды арганізмаў выконваюць розныя функцыі, дзякуючы якім ажыццяўляецца кругаварот рэчываў. У залежнасці ад ролі, якую віды адыгрываюць у кругавароце, іх залічваюць да розных функцыянальных блокаў (груп): прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў.
Прадуцэнты (ад лац. producens — які стварае), або вытворцы, — аўтатрофныя арганізмы, якія сінтэзуюць арганічнае рэчыва з мінеральнага з выкарыстаннем энергіі. Калі для сінтэзу арганічнага рэчыва выкарыстоўваецца сонечная энергія, то прадуцэнтаў называюць фотааўтатрофамі. Да фотааўтатрофаў належаць усе зялёныя расліны, водарасці, лішайнікі, цыянабактэрыі, аўтатрофныя пратысты, зялёныя і пурпурныя бактэрыі. Прадуцэнты, якія выкарыстоўваюць для сінтэзу арганічнага рэчыва энергію хімічных рэакцый акіслення неарганічных рэчываў, называюцца хемааўтатрофамі. Імі з’яўляюцца жалезабактэрыі, бясколерныя серабактэрыі, нітрыфікуючыя і вадародныя бактэрыі.
Кансументы (ад лац. consumo — спажываю), або спажыўцы, — гетэратрофныя арганізмы, якія спажываюць жывое арганічнае рэчыва і перадаюць наяўную ў ім энергію па харчовых ланцугах. Да іх належаць усе жывёлы і расліны-паразіты. У залежнасці ад віду арганічнага рэчыва, якое спажываюць кансументы, яны падзяляюцца на парадкі. Арганізмы, якія спажываюць прадуцэнтаў, называюцца кансументамі I парадку. Да іх належаць раслінаедныя жывёлы (саранча, грызуны, парна- і няпарнакапытныя жывёлы) і расліны-паразіты. Кансументаў I парадку спажываюць кансументы II парадку, якія прадстаўлены драпежнымі жывёламі. Кансументамі III і наступных парадкаў з’яўляюцца драпежныя жывёлы, якія кормяцца кансументамі II і наступных парадкаў. Колькасць парадкаў кансументаў у экасістэме абмежавана і вызначаецца аб’ёмам біямасы, створанай прадуцэнтамі.
Рэдуцэнты (ад лац. reducens — які вяртае), або разбуральнікі, — гетэратрофныя арганізмы, якія разбураюць адмерлае арганічнае рэчыва любога паходжання да мінеральнага. У экалогіі адмерлае арганічнае рэчыва, што ўключаецца ў працэс раскладання, называецца дэтрытам. Дэтрыт (ад лац. detritus — сцёрты) — адмерлыя рэшткі раслін і грыбоў, трупы і экскрэменты жывёл з наяўнымі ў іх бактэрыямі. Мінеральнае рэчыва, якое ўтвараецца з дэтрыту, запасіцца ў глебе і ў далейшым паглынаецца прадуцэнтамі.
У працэсе раскладання дэтрыту ўдзельнічаюць дэтрытафагі і сапраўдныя рэдуцэнты. Да дэтрытафагаў належаць макрыцы, шэраг кляшчоў, мнаганожкі, нагахвосткі, жукі трупаеды, некаторыя насякомыя і іх лічынкі, чэрві. Яны спажываюць дэтрыт і ў ходзе жыццядзейнасці пакідаюць экскрэменты, якія змяшчаюць арганіку. Сапраўднымі рэдуцэнтамі лічацца грыбы, гетэратрофныя пратысты, глебавыя бактэрыі, што разбураюць арганічнае рэчыва да мінеральнага. Усе прадстаўнікі дэтрытафагаў і рэдуцэнтаў, адміраючы, таксама ўтвараюць дэтрыт.
Роля рэдуцэнтаў у прыродзе вельмі вялікая. Без іх у біясферы запасіліся б адмерлыя арганічныя рэшткі, а мінеральныя рэчывы, неабходныя прадуцэнтам, вычарпаліся б. І жыццё на Зямлі ў той форме, якую мы ведаем, спынілася б.
Узаемасувязь функцыянальных груп у экасістэме можна паказаць на наступнай схеме.
У экасістэме з вялікай відавой разнастайнасцю можа ажыццяўляцца ўзаемазамяняльнасць аднаго віду на іншы без парушэння функцыянальнай структуры.
Паўторым галоўнае. Экасістэма — біялагічная сістэма, якая складаецца з жывых арганізмаў і асяроддзя іх пражывання, звязаных сукупнасцю сувязей, што здзяйсняюць абмен рэчывам і энергіяй паміж імі. Наземныя экасістэмы называюць біягеацэнозамі. Біягеацэноз — сукупнасць біяцэнозу і біятопу, звязаных паміж сабой кругаваротам рэчываў і патокам энергіі. Функцыянальнымі кампанентамі экасістэмы з’яўляюцца прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Параўнайце азначэнні паняццяў «біягеацэноз» і «экасістэма». Што паміж імі агульнае? У чым адрозненне?
2. Якія з пералічаных экасістэм можна назваць біягеацэнозамі: пойменны луг, возера, дуброва, гнілы пень, мора, хвойны лес, рака?
3. У чым заключаецца роля прадуцэнтаў у экасістэме? Прывядзіце прыклады фота- і хемааўтатрофаў.
*4. Якую функцыю ў экасістэме выконваюць рэдуцэнты? Назавіце іх прадстаўнікоў.
*5. Устанавіце адпаведнасць паміж функцыянальнымі кампанентамі экасістэмы і іх прадстаўнікамі.
Функцыянальныя кампаненты: 1. Прадуцэнты. 2. Кансументы. 3. Рэдуцэнты.
Прадстаўнікі: а) бяроза; б) лось; в) чарвяк дажджавы; г) шчупак; д) падасінавік; е) лішайнік; ж) ламінарыя; з) мнаганожка; і) дафнія.
6. Дайце экалагічны прагноз магчымых наступстваў у экасістэме, калі ў ёй адбудзецца рэзкае скарачэнне колькасці рэдуцэнтаў. Якія наступствы маглі б чакаць Зямлю, калі б зніклі ўсе рэдуцэнты?
Складаныя пытанні
1. Выберыце тры істотныя прыметы экасістэмы:
1) высокая колькасць відаў кансументаў III парадку;
2) наяўнасць кругавароту рэчываў і патоку энергіі;
3) сезонныя змяненні тэмпературы і вільготнасці;
4) нераўнамернае размеркаванне асобін віду-эдыфікатару;
5) наяўнасць прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў;
6) узаемасувязь абіятычных і біятычных кампанентаў.
2. Дайце экалагічны прагноз магчымых наступстваў у экасістэме, калі ў ёй адбудзецца рэзкае скарачэнне колькасці дэтрытафагаў.
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Прааналізуйце відавы склад бліжэйшай экасістэмы (лес, поле, возера, парк і інш.). Размяркуйце жыхароў экасістэмы на функцыянальныя групы ў адпаведнасці з іх роляй у кругавароце рэчываў і ператварэнні энергіі ў экасістэме.