§ 43. Прасторавая структура біяцэнозу
Вертыкальная структура біяцэнозу (яруснасць)
У наземных біяцэнозах асноўную ролю ў фарміраванні вертыкальнай структуры адыгрываюць расліны рознай вышыні. Сукупнасць раслін, якія займаюць аднолькавае становішча ў адносінах да ўзроўню глебы, называецца раслінным ярусам.
Галоўную ролю пры фарміраванні відавога складу раслінных ярусаў адыгрывае колькасць святла, якое дасягае кожнага яруса. Ад яго залежаць тэмпературны рэжым і вільготнасць на розных узроўнях (ярусах) біяцэнозу. Верхнія ярусы складаюць святлолюбівыя расліны. Ніжэй размяшчаюцца ценевынослівыя, а ў самым нізе растуць ценелюбівыя віды. Такое размеркаванне раслін спрыяе больш поўнаму засваенню сонечнай энергіі. Да паверхні глебы даходзіць толькі 1—5 % сонечнага святла, якое паступае ў біяцэноз. У аднаярусных фітацэнозах вялікая частка сонечнай энергіі, што паступае, не засвойваецца. Яна ідзе на награванне глебы і часткова адбіваецца.
У кожным ярусе складаецца свая сістэма сувязей і ўзаемаадносін паміж кампанентамі. Раслінныя ярусы ствараюць мікраклімат для існавання іншых відаў. Кожны раслінны ярус засяляецца пэўнымі відамі жывёл і мікраарганізмаў. Ярусы адрозніваюцца адзін ад аднаго сукупнасцю экалагічных умоў, складам відаў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Вертыкальная структура біяцэнозу, якая складаецца з розных ярусаў, называецца яруснасцю.
Большасць відаў прыстасавана да канкрэтных ярусаў. Аднак некаторыя віды з прычыны розных акалічнасцей у розны час жыцця займаюць розныя ярусы. Іх называюць пазаяруснымі відамі. Напрыклад, нельга залічыць да пэўнага яруса ліяны, лішайнікі, некаторыя віды імхоў і неспецыялізаваных паразітаў.
У наземных біяцэнозах адрозніваюць надземную і падземную яруснасць. Ярусы нумаруюцца рымскімі лічбамі. Першым лічыцца самы аддалены ад узроўню глебы ярус (як надземны, так і падземны). Найбольш выразна яруснасць выяўлена ў лясных біяцэнозах. У іх фітацэнозы ўтвораны рознымі жыццёвымі формамі раслін. Там прадстаўлены дрэвы, хмызнякі, кусцікі, аднагадовыя і шматгадовыя травы, якія займаюць рознае становішча адносна ўзроўню глебы.
Надземная яруснасць у ліставым лесе звычайна ўключае пяць, часам шэсць раслінных ярусаў. Ярус I утвораны дрэвамі першай велічыні (дуб, бяроза, ясень, ліпа). Да яруса II належаць дрэвы другой велічыні (дзікія яблыня і груша, чаромха, рабіна). Ярус III — гэта падлесак з хмызнякоў (ляшчына, брызгліна, ядловец, каліна, бузіна). Ярус IV прадстаўлены высокай травой і кусцікамі (папараць, крапіва, чыстацел, верас, багун). Ярус V складаюць нізкія травы і кусцікі (чарніцы, брусніцы, суніцы, талакнянка, ландыш), а таксама імхі і лішайнікі. У ніжніх ярусах звычайна прысутнічае падрост дрэўных раслін. Калі ярусаў шмат (4—5), то фітацэноз лічыцца складаным, а калі іх мала (1—2), — простым.
Жывёлы прымеркаваны да пэўных ярусаў фітацэнозу. Ярус I на-сяляюць лістагрызучыя насякомыя (жыхары кроны дрэў). У ярусе II жывуць птушкі і ствалавыя шкоднікі (жукі караеды, вусачы, златкі). У ярусах III і IV — капытныя і драпежныя млекакормячыя, птушкі, грызуны. Ярус V багаты рознымі мнаганожкамі, жужалямі, кляшчамі і іншымі дробнымі членістаногімі.
Падземная яруснасць абумоўлена рознай глыбінёй размяшчэння каранёвай сістэмы. Чым вышэйшыя дрэвы, тым глыбей у глебу пранікаюць іх карані. Размяшчэнне каранёў на рознай глыбіні зніжае вастрыню канкурэнцыі паміж раслінамі за ваду і мінеральнае жыўленне.
Узнікненне яруснасці — вынік працяглага прыстасавання розных відаў адзін да аднаго і фарміравання міжвідавых сувязей і ўзаемаадносін. Яруснасць спрыяе значнаму паслабленню канкурэнцыі паміж відамі за рэсурсы і тэрыторыю. Дзякуючы гэтаму павялічваецца колькасць асобін на адзінцы плошчы, больш поўна і рацыянальна выкарыстоўваюцца ўмовы і рэсурсы біятопу.
Вертыкальнае размеркаванне відаў у біяцэнозе ўплывае на яго гарызантальную структуру.