§ 43. Прасторавая структура біяцэнозу
- Успомніце, чым адрозніваюцца жыццёвыя формы раслін лесу і лугу.
- Як вы думаеце? Ад чаго залежыць відавы склад ярусаў і іх колькасць у вертыкальнай прасторавай структуры?
- Вы даведаецеся пра вертыкальную і гарызантальную структуру біяцэнозу і прычыны іх фарміравання.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 43. Прасторавая структура біяцэнозу |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 14:30 |
Прэамбула
Любы біяцэноз у прыродзе займае пэўную прастору. Яна падзяляецца паміж відамі ў залежнасці ад іх біялагічных асаблівасцей. Гэта прыводзіць да фарміравання прасторавай структуры. Прасторавая структура біяцэнозу — заканамернае размяшчэнне відаў у біятопе, як у вертыкальным, так і ў гарызантальным напрамках. Для біяцэнозу характэрны вертыкальная (яруснасць) і гарызантальная (мазаічнасць) структуры.
Вертыкальная структура біяцэнозу (яруснасць)
У наземных біяцэнозах асноўную ролю ў фарміраванні вертыкальнай структуры адыгрываюць расліны рознай вышыні. Сукупнасць раслін, якія займаюць аднолькавае становішча ў адносінах да ўзроўню глебы, называецца раслінным ярусам.
Галоўную ролю пры фарміраванні відавога складу раслінных ярусаў адыгрывае колькасць святла, якое дасягае кожнага яруса. Ад яго залежаць тэмпературны рэжым і вільготнасць на розных узроўнях (ярусах) біяцэнозу. Верхнія ярусы складаюць святлолюбівыя расліны. Ніжэй размяшчаюцца ценевынослівыя, а ў самым нізе растуць ценелюбівыя віды. Такое размеркаванне раслін спрыяе больш поўнаму засваенню сонечнай энергіі. Да паверхні глебы даходзіць толькі 1—5 % сонечнага святла, якое паступае ў біяцэноз. У аднаярусных фітацэнозах вялікая частка сонечнай энергіі, што паступае, не засвойваецца. Яна ідзе на награванне глебы і часткова адбіваецца.
У кожным ярусе складаецца свая сістэма сувязей і ўзаемаадносін паміж кампанентамі. Раслінныя ярусы ствараюць мікраклімат для існавання іншых відаў. Кожны раслінны ярус засяляецца пэўнымі відамі жывёл і мікраарганізмаў. Ярусы адрозніваюцца адзін ад аднаго сукупнасцю экалагічных умоў, складам відаў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Вертыкальная структура біяцэнозу, якая складаецца з розных ярусаў, называецца яруснасцю.
Большасць відаў прыстасавана да канкрэтных ярусаў. Аднак некаторыя віды з прычыны розных акалічнасцей у розны час жыцця займаюць розныя ярусы. Іх называюць пазаяруснымі відамі. Напрыклад, нельга залічыць да пэўнага яруса ліяны, лішайнікі, некаторыя віды імхоў і неспецыялізаваных паразітаў.
У наземных біяцэнозах адрозніваюць надземную і падземную яруснасць. Ярусы нумаруюцца рымскімі лічбамі. Першым лічыцца самы аддалены ад узроўню глебы ярус (як надземны, так і падземны). Найбольш выразна яруснасць выяўлена ў лясных біяцэнозах. У іх фітацэнозы ўтвораны рознымі жыццёвымі формамі раслін. Там прадстаўлены дрэвы, хмызнякі, кусцікі, аднагадовыя і шматгадовыя травы, якія займаюць рознае становішча адносна ўзроўню глебы.
Надземная яруснасць у ліставым лесе звычайна ўключае пяць, часам шэсць раслінных ярусаў. Ярус I утвораны дрэвамі першай велічыні (дуб, бяроза, ясень, ліпа). Да яруса II належаць дрэвы другой велічыні (дзікія яблыня і груша, чаромха, рабіна). Ярус III — гэта падлесак з хмызнякоў (ляшчына, брызгліна, ядловец, каліна, бузіна). Ярус IV прадстаўлены высокай травой і кусцікамі (папараць, крапіва, чыстацел, верас, багун). Ярус V складаюць нізкія травы і кусцікі (чарніцы, брусніцы, суніцы, талакнянка, ландыш), а таксама імхі і лішайнікі. У ніжніх ярусах звычайна прысутнічае падрост дрэўных раслін. Калі ярусаў шмат (4—5), то фітацэноз лічыцца складаным, а калі іх мала (1—2), — простым.
Жывёлы прымеркаваны да пэўных ярусаў фітацэнозу. Ярус I на-сяляюць лістагрызучыя насякомыя (жыхары кроны дрэў). У ярусе II жывуць птушкі і ствалавыя шкоднікі (жукі караеды, вусачы, златкі). У ярусах III і IV — капытныя і драпежныя млекакормячыя, птушкі, грызуны. Ярус V багаты рознымі мнаганожкамі, жужалямі, кляшчамі і іншымі дробнымі членістаногімі.
Падземная яруснасць абумоўлена рознай глыбінёй размяшчэння каранёвай сістэмы. Чым вышэйшыя дрэвы, тым глыбей у глебу пранікаюць іх карані. Размяшчэнне каранёў на рознай глыбіні зніжае вастрыню канкурэнцыі паміж раслінамі за ваду і мінеральнае жыўленне.
Узнікненне яруснасці — вынік працяглага прыстасавання розных відаў адзін да аднаго і фарміравання міжвідавых сувязей і ўзаемаадносін. Яруснасць спрыяе значнаму паслабленню канкурэнцыі паміж відамі за рэсурсы і тэрыторыю. Дзякуючы гэтаму павялічваецца колькасць асобін на адзінцы плошчы, больш поўна і рацыянальна выкарыстоўваюцца ўмовы і рэсурсы біятопу.
Вертыкальнае размеркаванне відаў у біяцэнозе ўплывае на яго гарызантальную структуру.
Гарызантальная структура біяцэнозу (мазаічнасць)
Неаднароднасць глебавых умоў, рэльефу, дзейнасць чалавека вызначаюць характар гарызантальнага размеркавання відаў у біятопе — гарызантальную структуру біяцэнозу. Пад дзеяннем вышэйназваных фактараў у біяцэнозе адбываецца фарміраванне раслінных мікрагруповак. Напрыклад, у лугавых біяцэнозах можна выявіць мікрагрупоўкі бабовых, злакаў, складанакветных. Яны адрозніваюцца відавым складам, суадносінамі колькасці відаў, прадукцыйнасцю, біямасай. У кожнай такой расліннай мікрагрупоўцы фарміруецца пэўны мікраклімат, відавы склад жывёл, грыбоў і мікраарганізмаў. Сукупнасць усіх гэтых кампанентаў, звязаных трафічнымі і тапічнымі сувязямі, з’яўляецца структурнай адзінкай гарызантальнай структуры біяцэнозу. У лясным біяцэнозе, напрыклад, выразна бачныя адрозненні паміж узлескам і палянай у глыбіні лесу. Істотна адрозніваюцца ўчасткі лесу з выяўленым хмызняковым падростам і з суцэльным мохавым покрывам ці з покрывам з чарнічніку. Такім чынам, гарызантальная структура біяцэнозу з’яўляецца адлюстраваннем разнастайнасці ўмоў асяроддзя ў біятопе ў гарызантальным напрамку.
Дзякуючы фарміраванню гарызантальнай структуры біяцэноз больш поўна выкарыстоўвае магчымасці біятопу. У ім актыўна спажываюцца харчовыя рэсурсы, павялічваецца колькасць відаў і, як следства, узрастае стабільнасць біяцэнозу.
Паўторым галоўнае. Прасторавая структура біяцэнозу — размяшчэнне відаў у вертыкальным (яруснасць) і гарызантальным (мазаічнасць) напрамках. Вертыкальная структура фарміруецца дзякуючы наяўнасці раслін рознай вышыні, якія ўтвараюць ярусы. У біяцэнозах адрозніваюць надземную і падземную яруснасць. Гарызантальная структура біяцэнозу фарміруецца ў выніку неаднароднасці глебы і рэльефу ў біятопе.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Які кампанент біяцэнозу адыгрывае галоўную ролю ў фарміраванні вертыкальнай структуры біяцэнозу?
2. У якім ярусе ляснога біяцэнозу жывуць дажджавыя чэрві? Якая іх роля ва ўтварэнні глебы?
3. З прыведзенага пераліку раслін выберыце прадстаўнікоў яруса II ліставога лесу: бузіна, дуб, папараць арляк, ліпа, чаромха, ясень, бяроза, рабіна, ляшчына, яблыня дзікая, крушына, ажыны, чарніцы.
Складаныя пытанні
1. Устанавіце адпаведнасць паміж надземнымі ярусамі ліставога лесу і відамі жывёл, якія ўваходзяць у іх склад.
Ярусы: I; II; III; IV; V.
Віды: а) заяц, кабан, лісіца, воўк; б) кляшчы, жужалі, мнаганожкі, чмялі; в) птушкі, жукі караеды, вусачы, златкі; г) лістагрызучыя насякомыя; д) лось, казуля, зубр, алень высакародны.
2. Устанавіце прычынна-выніковыя сувязі паміж экалагічнымі фактарамі біятопу і відавым складам раслінных ярусаў біяцэнозу. Зыходзячы з гэтага, растлумачце прычыну адрознення відавога складу раслін у розных ярусах.
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Прааналізуйце вертыкальную прасторавую структуру біяцэнозаў ліставога і хвойнага лясоў. У чым заключаецца адрозненне? Растлумачце прычыну з экалагічнага пункту гледжання.