§ 42. Відавая структура біяцэнозу
*Суадносіны відаў па іх колькасці
У любым біяцэнозе ёсць віды, якія пераважаюць па колькасці і займаюць вялікую частку біятопу. Гэтыя віды называюцца дамінантнымі або дамінантамі. Яны вызначаюць тып біяцэнозу. Гэта, напрыклад, сасна — у сасновым лесе, бяроза — у бярозавым гаі, дуб — у дуброве, вольха — у алешніку. Дамінаванне віду не заўсёды азначае яго багацце, дамінантны від можа мець і нізкую абсалютную колькасць (напрыклад, вярблюджая калючка ў пустыні). Але ў параўнанні з колькасцю іншых відаў у дадзеным біяцэнозе яго колькасць самая высокая. Дамінанты, што ўдзельнічаюць у фарміраванні асяроддзя для ўсяго згуртавання (віды, якія ўтвараюць асяроддзе), называюцца відамі-эдыфікатарамі. Эдыфікатар верхавога балота — гэта сфагнум, стэпу — кавыль, дубровы — дуб. Часам эдыфікатарамі могуць быць і жывёлы: бабры фарміруюць бабровыя ландшафты, капытныя жывёлы — стэпавыя ландшафты. Выдаленне віду-эдыфікатару можа настолькі змяніць умовы асяроддзя пражывання, што дадзены біятоп стане непрыдатным для відаў, якія раней там існавалі. У яго пачнуць засяляцца новыя віды, і гэта прывядзе да змены біяцэнозу.
Акрамя відаў-дамінантаў, любы біяцэноз уключае мноства іншых відаў з меншай колькасцю. Яны падтрымліваюць разнастайнасць сувязей у біяцэнозе і служаць рэзервам для замяшчэння дамінантаў, гэта значыць надаюць стабільнасць біяцэнозу. У залежнасці ад долі асобін дадзенага віду ў агульнай колькасці асобін біяцэнозу — ступені дамінавання — іх падзяляюць на чатыры катэгорыі:
1) субдамінантныя віды — даволі шматлікія і часта сустракаемыя ў біятопе віды, якія прыметна саступаюць па колькасці дамінантным;
2) малаколькасныя віды — віды з невялікай колькасцю, якія рэдка сустракаюцца ў біятопе;
3) рэдкія віды — віды з вельмі малой колькасцю, што сустракаюцца толькі ў асобных месцах біятопу;
4) выпадковыя віды — віды, нетыповыя для дадзенага біяцэнозу і прадстаўленыя тут адзінкавымі асобінамі.
Дамінантныя і субдамінантныя віды чалавек можа выкарыстоўваць у працэсе гаспадарчай дзейнасці без шкоды для біяцэнозу. Малаколькасныя і рэдкія віды трэба ахоўваць у межах дадзенага біяцэнозу.
Асаблівай увагі заслугоўваюць віды з вельмі нізкай колькасцю, якія сустракаюцца толькі ў асобных месцах біятопу. Калі іх колькасць і(ці) арэалы хутка скарачаюцца за кароткія прамежкі часу, то яны заносяцца ў Міжнародную ці нацыянальныя Чырвоныя кнігі і падлягаюць ахове. Гэтыя віы называюцца рэдкімі. Выпадковыя віды не заслугоўваюць увагі, бо яны ў дадзеным біяцэнозе існаваць не змогуць і з часам знікнуць.
Паўторым галоўнае. Відавая структура біяцэнозу характарызуецца відавой разнастайнасцю і суадносінамі відаў па іх колькасці. Відавая разнастайнасць вызначаецца такімі паказчыкамі, як відавое багацце і відавая насычанасць. Віды, якія пераважаюць па колькасці і займаюць бо́льшую частку біятопу, называюцца дамінантнымі. Калі яны ўдзельнічаюць у фарміраванні асяроддзя для ўсяго згуртавання, то іх называюць відамі-эдыфікатарамі. Віды, колькасць і(ці) арэал якіх вельмі малыя і хутка скарачаюцца за кароткія прамежкі часу, заносяцца ў Чырвоную кнігу, называюцца рэдкімі і падлягаюць ахове.