§ 42. Відавая структура біяцэнозу
- Успомніце, якія структурныя кампаненты ўваходзяць у склад біяцэнозу.
- Як вы думаеце? Ці ўплывае разнастайнасць відаў раслін, жывёл, грыбоў і мікраарганізмаў у біяцэнозе на яго ўстойлівасць?
- Вы даведаецеся пра характарыстыкі відавой структуры біяцэнозу, якія дазваляюць ацаніць ступень яго ўстойлівасці.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Падручнік: | § 42. Відавая структура біяцэнозу |
Надрукаваны: | Госць |
Дата: | Пятніца 4 Ліпень 2025 |
Прэамбула
Прыродныя біяцэнозы характарызуюцца пэўнай відавой структурай. Відавая структура — гэта відавая разнастайнасць біяцэнозу і суадносіны відаў па колькасці.
Відавая разнастайнасць біяцэнозу
Дастаткова толькі паглядзець на розныя біяцэнозы, каб заўважыць іх адрозненні па відавым складзе. Скласці поўнае ўяўленне пра відавую разнастайнасць біяцэнозу практычна немагчыма, бо нельга ўлічыць усе віды мікраарганізмаў. Але нават колькасная характарыстыка добра прыметных арганізмаў дае магчымасць атрымаць пра біяцэноз важную інфармацыю. Відавую разнастайнасць біяцэнозу можна ахарактарызаваць з дапамогай двух колькасных паказчыкаў: відавое багацце і відавая насычанасць.
Відавое багацце — агульная колькасць відаў, якія жывуць у біятопе. Кожны від у біяцэнозе прадстаўлены папуляцыяй. Прыродныя біяцэнозы лічацца беднымі, калі іх відавое багацце складае сотні і тысячы відаў (біяцэнозы хвойных лясоў, пустынь, высакагор’яў). У багатых біяцэнозах колькасць відаў дасягае дзясяткаў і соцень тысяч (трапічныя лясы, саванны). Чым вышэйшае відавое багацце, тым больш устойлівы біяцэноз у адносінах да рэзкіх змяненняў умоў асяроддзя і нашэсця шкоднікаў. Чым можна растлумачыць такую залежнасць? Па-першае, у кожнай папуляцыі ёсць магчымасць утварыць большую колькасць сувязей і задаволіць свае экалагічныя патрэбнасці. Гэта павышае яе выжывальнасць, а значыць, і захаванне біяцэнозу ў цэлым. Па-другое, маецца магчымасць узаемазамяняльнасці адных відаў іншымі пры выкананні іх функцыі, дзякуючы чаму пры знікненні якога-небудзь віду не парушаецца функцыянальная структура біяцэнозу.
Відавая насычанасць — колькасць відаў, якія прыпадаюць на адзінку плошчы або адзінку аб’ёму біятопу. Два біяцэнозы, якія маюць аднолькавае відавое багацце, не будуць у роўнай ступені ўстойлівыя, калі яны займаюць розныя па плошчы біятопы. Больш устойлівым будзе біяцэноз з меншай плошчай біятопу. У ім будзе вышэйшая відавая насычанасць, а значыць, большая верагоднасць утварэння сувязей паміж папуляцыямі і вышэйшая іх трываласць.
Такім чынам, каб атрымаць уяўленне пра відавую разнастайнасць біяцэнозу, недастаткова ведаць агульную колькасць відаў у біятопе. Неабходна мець інфармацыю і пра шчыльнасць яго засялення відамі — відавую насычанасць.
Відавая разнастайнасць біяцэнозу залежыць ад умоў асяроддзя ў біятопе. Напрыклад, у тундры, дзе ўвесь час адчуваецца дэфіцыт цяпла, біяцэнозы маюць невялікую відавую разнастайнасць. Аснову яго складаюць імхі і лішайнікі. Ва ўмераных шыротах відавая разнастайнасць у асноўным вызначаецца пакрытанасеннымі і голанасеннымі раслінамі, з жывёл — птушкамі, млекакормячымі і ў меншай ступені грыбамі. У трапічных лясах самая багатая разнастайнасць флоры і фаўны.
Такім чынам, можна зрабіць вывад: чым больш спрыяльныя ўмовы асяроддзя, тым большая відавая разнастайнасць біяцэнозаў, і наадварот. Значыць, па відавой разнастайнасці біяцэнозу можна рабіць вывад пра ступень спрыяльнасці ўмоў асяроддзя для жыцця арганізмаў у дадзеным біятопе.
Відавая разнастайнасць залежыць і ад узросту біяцэнозу. Маладыя біяцэнозы, якія толькі пачынаюць развівацца, бедныя па відавым складзе. Багацейшымі яны становяцца па меры развіцця. Найбольшая відавая разнастайнасць назіраецца ў сталых устойлівых біяцэнозах. Такім чынам, па відавой разнастайнасці можна вызначыць стадыю развіцця біяцэнозу.
*Суадносіны відаў па іх колькасці
У любым біяцэнозе ёсць віды, якія пераважаюць па колькасці і займаюць вялікую частку біятопу. Гэтыя віды называюцца дамінантнымі або дамінантамі. Яны вызначаюць тып біяцэнозу. Гэта, напрыклад, сасна — у сасновым лесе, бяроза — у бярозавым гаі, дуб — у дуброве, вольха — у алешніку. Дамінаванне віду не заўсёды азначае яго багацце, дамінантны від можа мець і нізкую абсалютную колькасць (напрыклад, вярблюджая калючка ў пустыні). Але ў параўнанні з колькасцю іншых відаў у дадзеным біяцэнозе яго колькасць самая высокая. Дамінанты, што ўдзельнічаюць у фарміраванні асяроддзя для ўсяго згуртавання (віды, якія ўтвараюць асяроддзе), называюцца відамі-эдыфікатарамі. Эдыфікатар верхавога балота — гэта сфагнум, стэпу — кавыль, дубровы — дуб. Часам эдыфікатарамі могуць быць і жывёлы: бабры фарміруюць бабровыя ландшафты, капытныя жывёлы — стэпавыя ландшафты. Выдаленне віду-эдыфікатару можа настолькі змяніць умовы асяроддзя пражывання, што дадзены біятоп стане непрыдатным для відаў, якія раней там існавалі. У яго пачнуць засяляцца новыя віды, і гэта прывядзе да змены біяцэнозу.
Акрамя відаў-дамінантаў, любы біяцэноз уключае мноства іншых відаў з меншай колькасцю. Яны падтрымліваюць разнастайнасць сувязей у біяцэнозе і служаць рэзервам для замяшчэння дамінантаў, гэта значыць надаюць стабільнасць біяцэнозу. У залежнасці ад долі асобін дадзенага віду ў агульнай колькасці асобін біяцэнозу — ступені дамінавання — іх падзяляюць на чатыры катэгорыі:
1) субдамінантныя віды — даволі шматлікія і часта сустракаемыя ў біятопе віды, якія прыметна саступаюць па колькасці дамінантным;
2) малаколькасныя віды — віды з невялікай колькасцю, якія рэдка сустракаюцца ў біятопе;
3) рэдкія віды — віды з вельмі малой колькасцю, што сустракаюцца толькі ў асобных месцах біятопу;
4) выпадковыя віды — віды, нетыповыя для дадзенага біяцэнозу і прадстаўленыя тут адзінкавымі асобінамі.
Дамінантныя і субдамінантныя віды чалавек можа выкарыстоўваць у працэсе гаспадарчай дзейнасці без шкоды для біяцэнозу. Малаколькасныя і рэдкія віды трэба ахоўваць у межах дадзенага біяцэнозу.
Асаблівай увагі заслугоўваюць віды з вельмі нізкай колькасцю, якія сустракаюцца толькі ў асобных месцах біятопу. Калі іх колькасць і(ці) арэалы хутка скарачаюцца за кароткія прамежкі часу, то яны заносяцца ў Міжнародную ці нацыянальныя Чырвоныя кнігі і падлягаюць ахове. Гэтыя віы называюцца рэдкімі. Выпадковыя віды не заслугоўваюць увагі, бо яны ў дадзеным біяцэнозе існаваць не змогуць і з часам знікнуць.
Паўторым галоўнае. Відавая структура біяцэнозу характарызуецца відавой разнастайнасцю і суадносінамі відаў па іх колькасці. Відавая разнастайнасць вызначаецца такімі паказчыкамі, як відавое багацце і відавая насычанасць. Віды, якія пераважаюць па колькасці і займаюць бо́льшую частку біятопу, называюцца дамінантнымі. Калі яны ўдзельнічаюць у фарміраванні асяроддзя для ўсяго згуртавання, то іх называюць відамі-эдыфікатарамі. Віды, колькасць і(ці) арэал якіх вельмі малыя і хутка скарачаюцца за кароткія прамежкі часу, заносяцца ў Чырвоную кнігу, называюцца рэдкімі і падлягаюць ахове.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Якімі паказчыкамі характарызуецца відавая разнастайнасць біяцэнозу?
2. Як па відавой разнастайнасці можна вызначыць стадыю развіцця біяцэнозу?
*3. На якія катэгорыі падзяляюць віды па ступені дамінавання?
4. Якую ролю ў жыцці біяцэнозу адыгрываюць віды-эдыфікатары?
Складаныя пытанні
*1. Устанавіце адпаведнасць паміж біяцэнозамі і іх відамі-эдыфікатарамі.
Біяцэнозы: 1. Верхавое балота. 2. Стэп. 3. Тайга. 4. Тундра. 5. Мяшаны лес.
Віды-эдыфікатары: а) кавыль; б) асіна; в) сфагнум; г) сасна; д) яліна; е) бяроза; ж) дуб; з) ягель; і) карлікавая бяроза.
2. Прывядзіце доказы залежнасці ўстойлівасці біяцэнозаў ад іх відавой разнастайнасці.
3. Назавіце віды-эдыфікатары тыповых біяцэнозаў вашага рэгіёна. Пакажыце, якія ахоўныя віды раслін ці жывёл жывуць у вашым рэгіёне.
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Прааналізуйце відавую структуру бліжэйшага біяцэнозу (лугу, лесу, парку і г. д.). Вылучыце некалькі пробных пляцовак у розных месцах біятопу дадзенага біяцэнозу, палічыце агульную колькасць відаў і прыкладную колькасць асобін кожнага з іх. Знайдзіце сярэднія значэнні атрыманых паказчыкаў. Размяркуйце віды на катэгорыі па ступені іх дамінавання. Вызначыце, якія віды дамінантныя, а якія рэдкія і маюць патрэбу ў ахове.