§ 42. Відавая структура біяцэнозу
Відавая разнастайнасць біяцэнозу
Дастаткова толькі паглядзець на розныя біяцэнозы, каб заўважыць іх адрозненні па відавым складзе. Скласці поўнае ўяўленне пра відавую разнастайнасць біяцэнозу практычна немагчыма, бо нельга ўлічыць усе віды мікраарганізмаў. Але нават колькасная характарыстыка добра прыметных арганізмаў дае магчымасць атрымаць пра біяцэноз важную інфармацыю. Відавую разнастайнасць біяцэнозу можна ахарактарызаваць з дапамогай двух колькасных паказчыкаў: відавое багацце і відавая насычанасць.
Відавое багацце — агульная колькасць відаў, якія жывуць у біятопе. Кожны від у біяцэнозе прадстаўлены папуляцыяй. Прыродныя біяцэнозы лічацца беднымі, калі іх відавое багацце складае сотні і тысячы відаў (біяцэнозы хвойных лясоў, пустынь, высакагор’яў). У багатых біяцэнозах колькасць відаў дасягае дзясяткаў і соцень тысяч (трапічныя лясы, саванны). Чым вышэйшае відавое багацце, тым больш устойлівы біяцэноз у адносінах да рэзкіх змяненняў умоў асяроддзя і нашэсця шкоднікаў. Чым можна растлумачыць такую залежнасць? Па-першае, у кожнай папуляцыі ёсць магчымасць утварыць большую колькасць сувязей і задаволіць свае экалагічныя патрэбнасці. Гэта павышае яе выжывальнасць, а значыць, і захаванне біяцэнозу ў цэлым. Па-другое, маецца магчымасць узаемазамяняльнасці адных відаў іншымі пры выкананні іх функцыі, дзякуючы чаму пры знікненні якога-небудзь віду не парушаецца функцыянальная структура біяцэнозу.
Відавая насычанасць — колькасць відаў, якія прыпадаюць на адзінку плошчы або адзінку аб’ёму біятопу. Два біяцэнозы, якія маюць аднолькавае відавое багацце, не будуць у роўнай ступені ўстойлівыя, калі яны займаюць розныя па плошчы біятопы. Больш устойлівым будзе біяцэноз з меншай плошчай біятопу. У ім будзе вышэйшая відавая насычанасць, а значыць, большая верагоднасць утварэння сувязей паміж папуляцыямі і вышэйшая іх трываласць.
Такім чынам, каб атрымаць уяўленне пра відавую разнастайнасць біяцэнозу, недастаткова ведаць агульную колькасць відаў у біятопе. Неабходна мець інфармацыю і пра шчыльнасць яго засялення відамі — відавую насычанасць.
Відавая разнастайнасць біяцэнозу залежыць ад умоў асяроддзя ў біятопе. Напрыклад, у тундры, дзе ўвесь час адчуваецца дэфіцыт цяпла, біяцэнозы маюць невялікую відавую разнастайнасць. Аснову яго складаюць імхі і лішайнікі. Ва ўмераных шыротах відавая разнастайнасць у асноўным вызначаецца пакрытанасеннымі і голанасеннымі раслінамі, з жывёл — птушкамі, млекакормячымі і ў меншай ступені грыбамі. У трапічных лясах самая багатая разнастайнасць флоры і фаўны.
Такім чынам, можна зрабіць вывад: чым больш спрыяльныя ўмовы асяроддзя, тым большая відавая разнастайнасць біяцэнозаў, і наадварот. Значыць, па відавой разнастайнасці біяцэнозу можна рабіць вывад пра ступень спрыяльнасці ўмоў асяроддзя для жыцця арганізмаў у дадзеным біятопе.
Відавая разнастайнасць залежыць і ад узросту біяцэнозу. Маладыя біяцэнозы, якія толькі пачынаюць развівацца, бедныя па відавым складзе. Багацейшымі яны становяцца па меры развіцця. Найбольшая відавая разнастайнасць назіраецца ў сталых устойлівых біяцэнозах. Такім чынам, па відавой разнастайнасці можна вызначыць стадыю развіцця біяцэнозу.