*§ 41—2. Каменсалізм, протакааперацыя і мутуалізм — тыпы станоўчых біятычных узаемаадносін

Каменсалізм

Каменсалізм (ад лац. commensalis — сатрапезнік) — тып узаема-адносін, пры якім арганізмы аднаго віду атрымліваюць карысць, не прыносячы ні шкоды, ні карысці арганізмам іншага віду.

Каменсалізм, які ўзнікае ў выніку трафічных сувязей і заснаваны на спажыванні адным відам рэшткаў ежы іншага віду, называецца нахлебніцтвам. Напрыклад, дробныя птушкі кормяцца рэшткамі ежы кракадзілаў, пясцы даядаюць рэшткі трапезы мядзведзя белага, а птушкі-трупаеды ці гіены ядуць рэшткі ежы буйных драпежнікаў (ільвоў, леапардаў). Узаемаадносіны па тыпе нахлебніцтва ўстанаўліваюцца нават паміж насякомымі і некаторымі раслінамі. Напрыклад, у вадкасці кветак-збаноў насякомаедных раслін жывуць лічынкі стракоз, пакровы якіх ахоўваюць іх ад ператраўлівання ферментамі расліны. Яны кормяцца насякомымі, якія ў лішку трапляюць у лоўчыя гарлачы.

Калі ж арганізмы ўзаемадзейнічаюць на аснове тапічных сувязей, выкарыстоўваючы сховішчы, гнёзды, норы або целы арганізмаў іншых відаў у якасці месцапражывання, не прычыняючы ім шкоды, то гэта праяўленне каменсалізму называецца кватаранцтвам. Напрыклад, рыба-прыліпала прымацоўваецца да панцыра марской чарапахі, дробныя рыбкі часта хаваюцца ў поласці цела галатурый, малькі некаторых рыб — пад парасонікамі медуз, якія маюць жыгучыя клеткі. Кватаранцтвам можна лічыць паселішча раслін-эпіфітаў на кары дрэў (лішайнікі, архідэі).

У гнёздах птушак, норах грызуноў жыве вялізная колькасць відаў членістаногіх, якія выкарыстоўваюць мікраклімат гэтых сховішчаў і знаходзяць там ежу ў выглядзе арганічных рэштак, што раскладаюцца, ці іншых відаў сужыцеляў. Пры такім ладзе жыцця адначасова маюць месца абедзве формы каменсалізму — кватаранцтва і нахлебніцтва.

Адносіны па тыпе каменсалізму вельмі важныя ў прыродзе, бо спрыяюць больш поўнаму засваенню асяроддзя і выкарыстанню харчовых рэсурсаў.