*§ 41—2. Каменсалізм, протакааперацыя і мутуалізм — тыпы станоўчых біятычных узаемаадносін
- Успомніце, якія тыпы ўзаемаадносін прыводзяць да зніжэння колькасці абодвух ці аднаго з відаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Чаму іх называюць рэгулюючымі ўзаемаадносінамі?
- Як вы думаеце? Ці існуе ў біяцэнозе ўзаемадапамога паміж рознымі відамі? Ці могуць віды быць карысныя адзін аднаму?
- Вы даведаецеся пра тыпы ўзаемаадносін, узаемавыгадных ці выгадных аднаму з відаў, якія ўзаемадзейнічаюць, а таксама пра іх ролю ў біяцэнозе.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | *§ 41—2. Каменсалізм, протакааперацыя і мутуалізм — тыпы станоўчых біятычных узаемаадносін |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 5 Июль 2025, 06:16 |
Прэамбула
У папярэднім параграфе вы пазнаёміліся з узаемаадносінамі паміж відамі ў біяцэнозе, якія прыводзяць да зніжэння іх колькасці. Тым не менш у сфармаваных біяцэнозах колькасць відаў з’яўляецца адносна пастаяннай. Такім чынам, існуюць узаемаадносіны, якія спрыяюць павышэнню колькасці відаў, што ўзаемадзейнічаюць. Як вы ведаеце, узаемаадносіны, пры якіх віды карысныя адзін аднаму, прычым у адных выпадках гэта карысць узаемная, а ў іншых аднабаковая, умоўна называюцца станоўчымі. Як бачна з табліцы (*§ 41—1), да іх належаць каменсалізм, протакааперацыя, мутуалізм. Разгледзім іх адметныя асаблівасці і ролю ў біяцэнозе.
Каменсалізм
Каменсалізм (ад лац. commensalis — сатрапезнік) — тып узаема-адносін, пры якім арганізмы аднаго віду атрымліваюць карысць, не прыносячы ні шкоды, ні карысці арганізмам іншага віду.
Каменсалізм, які ўзнікае ў выніку трафічных сувязей і заснаваны на спажыванні адным відам рэшткаў ежы іншага віду, называецца нахлебніцтвам. Напрыклад, дробныя птушкі кормяцца рэшткамі ежы кракадзілаў, пясцы даядаюць рэшткі трапезы мядзведзя белага, а птушкі-трупаеды ці гіены ядуць рэшткі ежы буйных драпежнікаў (ільвоў, леапардаў). Узаемаадносіны па тыпе нахлебніцтва ўстанаўліваюцца нават паміж насякомымі і некаторымі раслінамі. Напрыклад, у вадкасці кветак-збаноў насякомаедных раслін жывуць лічынкі стракоз, пакровы якіх ахоўваюць іх ад ператраўлівання ферментамі расліны. Яны кормяцца насякомымі, якія ў лішку трапляюць у лоўчыя гарлачы.
Калі ж арганізмы ўзаемадзейнічаюць на аснове тапічных сувязей, выкарыстоўваючы сховішчы, гнёзды, норы або целы арганізмаў іншых відаў у якасці месцапражывання, не прычыняючы ім шкоды, то гэта праяўленне каменсалізму называецца кватаранцтвам. Напрыклад, рыба-прыліпала прымацоўваецца да панцыра марской чарапахі, дробныя рыбкі часта хаваюцца ў поласці цела галатурый, малькі некаторых рыб — пад парасонікамі медуз, якія маюць жыгучыя клеткі. Кватаранцтвам можна лічыць паселішча раслін-эпіфітаў на кары дрэў (лішайнікі, архідэі).
У гнёздах птушак, норах грызуноў жыве вялізная колькасць відаў членістаногіх, якія выкарыстоўваюць мікраклімат гэтых сховішчаў і знаходзяць там ежу ў выглядзе арганічных рэштак, што раскладаюцца, ці іншых відаў сужыцеляў. Пры такім ладзе жыцця адначасова маюць месца абедзве формы каменсалізму — кватаранцтва і нахлебніцтва.
Адносіны па тыпе каменсалізму вельмі важныя ў прыродзе, бо спрыяюць больш поўнаму засваенню асяроддзя і выкарыстанню харчовых рэсурсаў.
Протакааперацыя
Протакааперацыя — сумеснае існаванне, выгаднае для абодвух відаў, якое не з’яўляецца абавязковай умовай выжывання. Прыклады такіх узаемаадносін: апыленне пчоламі лугавых раслін; рыбы-чысцільшчыкі, якія вызваляюць цела буйных рыб ад вонкавых паразітаў. На ракавіне рака-адзінотніка можа пасяляцца каралавы паліп актынія, які мае жыгучыя клеткі, якія вылучаюць яд. Актынія ахоўвае рака ад драпежных рыб, а рак-адзінотнік, перамяшчаючыся, спрыяе павелічэнню кармавой прасторы актыніі. Але і рак-адзінотнік, і актынія могуць існаваць адно без аднаго.
Мутуалізм
Мутуалізм (ад лац. mutuus — узаемны) — узаемавыгадны тып узаемаадносін, калі або адзін з відаў, або абодва не могуць існаваць асобна. Пры парушэнні гэтых узаемаадносін іх жыццё становіцца немагчымым. Класічны прыклад мутуалізму — лішайнікі, якія ўяўляюць сабой цеснае ўзаемадзеянне грыба і водарасці. У свабодным стане лішайнікавыя грыбы практычна не сустракаюцца ў прыродзе. Большасць жа відаў водарасцей, якія ўваходзяць у склад лішайнікаў, сустракаецца і ў свабодным стане. Гіфы грыба, аплятаючы клеткі і ніткі водарасцей, утвараюць спецыяльныя вырасты, якія пранікаюць унутр клетак водарасцей. Праз іх грыб атрымлівае арганічныя рэчывы, сінтэзаваныя водарасцямі. У сваю чаргу водарасці атрымліваюць з гіфаў грыба ваду і мінеральныя рэчывы. Аналагічнае ўзаемадзеянне назіраецца ў шапачкавых грыбоў і дрэвавых раслін, якія ўтвараюць мікарызу (грыбакорань).
У мнагаклетачных жывёл і раслін вельмі шырока распаўсюджаны мутуалізм з мікраарганізмамі. Добра вядомы прыклад мутуалізму — траваедныя капытныя і цэлюлозалітычныя бактэрыі, якія жывуць у іх страўніку. Яны выпрацоўваюць ферменты, што расшчапляюць цэлюлозу, таму неабходны для траваедных жывёл, у якіх такія ферменты адсутнічаюць. Траваедныя капытныя са свайго боку даюць бактэрыям пажыўныя рэчывы і асяроддзе пражывання з аптымальнымі тэмпературай і вільготнасцю.
Прыкладам мутуалізму могуць служыць узаемаадносіны бабовых раслін з клубеньчыкавымі бактэрыямі, якія фіксуюць малекулярны азот паветра. Бактэрыі-азотфіксатары выяўлены на каранях каля 200 відаў пакрытанасенных і голанасенных раслін. Часам мутуалізм з мікраарганізмамі заходзіць так далёка, што калоніі бактэрый можна разглядаць у якасці спецыялізаваных органаў мнагаклетачных. Напрыклад, у каракаціц і некаторых кальмараў бактэрыі, якія свецяцца, уваходзяць у склад органаў свячэння — фотафораў.
Акрамя адмоўных і станоўчных узаемаадносін, у экалогіі вылучаюць нейтральны тып узаемаадносін. Нейтралізм — гэта такая форма біятычных адносін, пры якой два віды жывуць на адной тэрыторыі і не звязаны адзін з адным непасрэдна, але залежаць ад стану згуртавання ў цэлым. Напрыклад, вавёркі і ласі, жывучы ў адным лесе, практычна не кантактуюць адно з адным. Аднак прыгнечанне лесу працяглай засухай або масавым размнажэннем шкоднікаў адбіваецца на кожным з гэтых відаў, хоць і ў рознай ступені. Адносіны па тыпе нейтралізму асабліва развіты ў насычаных відамі згуртаваннях, якія ўключаюць розныя па экалагічнай спецыялізацыі віды. Напрыклад, розныя віды антылоп у саванах Афрыкі ядуць расліны розных ярусаў і таму ніяк не ўплываюць адзін на адзін, хоць усё з’яўляюцца раслінаеднымі. Жырафавая газэль корміцца лістамі дрэў, гну — лістамі хмызнякоў, куду — нізкай травой.
Біятычныя ўзаемаадносіны маюць вялікае экалагічнае значэнне. Каменсалізм, протакааперацыя і мутуалізм забяспечваюць максімальнае выкарыстанне харчовых рэсурсаў і асяроддзя пражывання. Узаемавыгадныя ўзаемаадносіны спрыяюць лепшаму выжыванню відаў, іх размнажэнню, а значыць, падтрыманню відавой разнастайнасці біяцэнозу.
Паўторым галоўнае. Узаемаадносіны, пры якіх віды павялічваюць сваю колькасць, умоўна называюцца станоўчымі. Да іх належаць каменсалізм (нахлебніцтва, кватаранцтва), протакааперацыя і мутуалізм. Па меры развіцця біяцэнозу іх роля ўзрастае. Гэтыя ўзаемаадносіны забяспечваюць максімальнае выкарыстанне харчовых рэсурсаў і асяроддзя пражывання, што спрыяе выжыванню відаў і захаванню відавой разнастайнасці. Ва ўстойлівым біяцэнозе назіраецца ўзаемаўраўнаважанне адмоўных і станоўчых узаемаадносін і, як следства, падтрымліваецца яго адносная стабільнасць.
Праверым веды
Ключавые пытанні
1. Якія тыпы ўзаемаадносін паміж арганізмамі розных відаў з’яўляюцца ўзаемавыгаднымі для відаў, якія ўзаемадзейнічаюць? Прывядзіце прыклады.
2. У чым падабенства і адрозненне протакааперацыі і мутуалізму?
3. Прачытайце фрагмент верша:
«Запрягся рак-отшельник: актиния на нем.
Отшельник не досадует, что ноша тяжела,
ведь часто крошки падают к нему с ее стола...»
Пра які тып узаемаадносін відаў ідзе гаворка? Прывядзіце прыклады.
4. Устанавіце адпаведнасць паміж станоўчымі тыпамі ўзаемаадносін арганізмаў і іх прыкладамі.
Тыпы ўзаемаадносін: 1. Каменсалізм. 2. Мутуалізм.
Прыклады: а) чырвонагаловік — асіна; б) пясцы — мядзведзь белы; в) рыбы-прыліпалы — марскія чарапахі; г) клубеньчыкавыя бактэрыі — бабовыя расліны.
Складаныя пытанні
1. Існуе ўяўленне пра тое, што адны віды шкодныя, а іншыя карысныя. Ці правільна гэта? Дайце аргументаваны адказ і пацвердзіце прыкладамі.
2. Чаму антрапагеннае ўздзеянне на біяцэноз аслабляе рэгулятарнае дзеянне біятычных узаемаадносін?
3. Прачытайце фрагмент верша М. Грыбачова:
«Цветок всю ночь нектар готовит,
Пчелу-сластену в гости ждет.
Бери, мол, но, как другу,
мне окажи услугу:
пыльцу мучную эту перенеси соседу…
Пчела несет ее, и вот — цветок увял, и зреет плод».
Пра які тып узаемаадносін відаў ідзе гаворка? Прывядзіце прыклады.
Індывідуальнае дамашняе заданне. У § 40 вам было прапанавана заданне — вызначыць тыпы сувязей паміж арганізмамі розных відаў у бліжэйшым біяцэнозе. Выкарыстоўваючы вынікі папярэдніх назіранняў, вызначыце станоўчыя тыпы ўзаемаадносін, якія могуць узнікаць паміж дадзенымі арганізмамі на аснове сувязей, якія існуюць паміж імі. Складзіце пары арганізмаў з рознымі станоўчымі тыпамі ўзаемаадносін. Як гэтыя ўзаемаадносіны могуць уплываць на іх колькасць?