*§ 41—1. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм — тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін

Паразітызм

Паразітызм (ад грэч. parásitos — нахлебнік) — тып узаемаадносін арганізмаў розных відаў, пры якім арганізм аднаго віду (паразіт) выкарыстоўвае арганізм іншага віду (гаспадара) у якасці асяроддзя пражывання і крыніцы ежы. З дадзеным тыпам узаемаадносін вы пазнаёміліся пры вывучэнні § 13. Паразітызм узнік на аснове трафічных і тапічных сувязей. Паразіт прыгнятае жыццядзейнасць гаспадара, што можа стаць прычынай яго гібелі. Паразітамі часцей за ўсё з’яўляюцца дробныя арганізмы — вірусы, патагенныя бактэрыі, некаторыя пратысты, аднаклетачныя грыбы. Сярод беспазваночных найбольшая колькасць відаў-паразітаў маецца сярод чарвей (асабліва плоскіх і круглых). Сустракаюцца паразіты і сярод раслін (павітуха, заразіха).

Прыкладамі паразітызму могуць служыць узаемаадносіны паміж аскарыдай і чалавекам, смактуном пячоначным і буйной рагатай жывёлай, павітухай і канюшынай. Эктапаразіты, як правіла, часовыя і размяшчаюцца на покрыве цела (вошы, блохі, кляшчы, клапы), эндапаразіты — часцей пастаянныя і жывуць у поласцях і тканках цела арганізма (вірусы, бактэрыі, пратысты, паразітычныя чэрві). Паразітызм, гэтак жа як драпежніцтва і канкурэнцыя, адыгрывае важную ролю ў рэгуляцыі колькасці папуляцый у прыродзе.

!  Гэта цікава

У біяцэнозе сустракаецца тып узаемаадносін, пры якім адзін арганізм уздзейнічае на іншы і прыгнятае яго жыццядзейнасць, а сам не адчувае ніякіх адмоўных уплываў з боку прыгнечанага. Такі тып узаемаадносін называецца аменсалізмам. Часцей за ўсё ён сустракаецца ў раслін. Напрыклад, святлолюбівыя травяністыя расліны ніжняга яруса, якія растуць пад ялінай, адчуваюць прыгнятанне ў выніку моцнага зацянення яе кронай, тады як для самога дрэва іх суседства абыякавае. Некаторыя віды выдзяляюць прадукты жыццядзейнасці ў навакольнае асяроддзе, атручваючы яго і робячы непрыдатным для жыцця іншых відаў. Напрыклад, сосны выдзяляюць фітанцыды, пад дзеяннем якіх гінуць бактэрыі, таму ў хвойным боры паветра асабліва чыстае. Грыб пеніцыл у працэсе жыццядзейнасці выпрацоўвае антыбіётыкі, якія таксама прыгнятаюць жыццядзейнасць бактэрый. Узаемаадносіны гэтага тыпу ўплываюць на размеркаванне і ўзаемны падбор відаў.

Такім чынам, адмоўныя ўзаемаадносіны маюць вялікае значэнне для рэгуляцыі колькасці папуляцый, якія ўзаемадзейнічаюць.

У выніку экалагічных даследаванняў было вызначана, што у біяцэнозах, якія сфарміраваліся нядаўна, верагоднасць узнікнення моцна выяўленых адмоўных узаемаадносін вельмі вялікая. Па меры развіцця біясістэмы іх роля зніжаецца за кошт фарміравання станоўчых узаемаадносін.

Паўторым галоўнае. Біятычныя ўзаемаадносіны ў біяцэнозе фарміруюцца часцей за ўсё на аснове трафічных ці тапічных сувязей паміж арганізмамі розных відаў. Паводле характару ўплыву на колькасць асобін віду, якія ўзаемадзейнічаюць, адрозніваюць адмоўныя і станоўчыя ўзаемаадносіны. Да адмоўных належаць узаемаадносіны, якія зніжаюць колькасць хоць бы аднаго з відаў, — канкурэнцыя (прамая і ўскосная), драпежніцтва і паразітызм. У біяцэнозах, што сфарміраваліся нядаўна, мацней выяўлены адмоўныя ўзаемаадносіны. Па меры развіцця біясістэмы ўзрастае роля станоўчых узаемаадносін. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм удзельнічаюць у самарэгуляцыі біяцэнозу, дапамагаючы дасягаць яго ўстойлівасці.