Печатать книгуПечатать книгу

*§ 41—1. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм — тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін

  • Успомніце, у якія тыпы сувязей уступаюць арганізмы розных відаў, што жывуць у адным біяцэнозе.
  • Як вы думаеце? Якія тыпы сувязей у найбольшай ступені могуць уплываць на колькасць відаў, што ўзаемадзейнічаюць?
  • Вы даведаецеся пра разнастайнасць узаемаадносін, якія могуць зніжаць колькасць абодвух ці аднаго з відаў,  пра іх ролю ў рэгуляцыі колькасці відаў, што ўзаемадзейнічаюць.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 41—1. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм — тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 5 Июль 2025, 11:17

Прэамбула

Асновай для ўзнікнення і існавання біяцэнозаў з’яўляюцца сувязі і ўзаемаадносіны, у якія ўступаюць адзін з адным віды, што жывуць у адным і тым жа біятопе. Яны вызначаюць асноўныя ўмовы жыцця відаў у згуртаванні, магчымасці здабывання ежы і заваявання новай прасторы.

З папярэдняга параграфа вы даведаліся пра тыпы сувязей, якія ўзнікаюць паміж арганізмамі розных відаў, што існуюць у адным біяцэнозе. На аснове гэтых сувязей фарміруюцца розныя біятычныя ўзаемаадносіны, якія могуць па-рознаму адлюстроўвацца на колькасці і жыццяздольнасці папуляцый, што ўзаемадзейнічаюць.

Класіфікацыя тыпаў узаемаадносін

Класіфікацыі біятычных узаемаадносін будуюцца на аснове розных прынцыпаў. Адным з папулярных падыходаў з’яўляецца прапанаваная амерыканскім эколагам Ю. Одумам адзнака магчымага выніку кантактаў двух відаў. Для кожнага з відаў вынік можа ацэньвацца як станоўчы, як адмоўны ці як нейтральны. Паводле гэтай класіфікацыі, любыя ўзаемаадносіны паміж арганізмамі можна апісаць з дапамогай спалучэння двух сімвалаў, якія паказваюць яго вынік для відаў, што ўзаемадзейнічаюць. Знак нуль («0») азначае нейтральны вынік, гэта значыць адсутнасць прыметных для віду наступстваў дадзеных узаемаадносін. Станоўчы для віду вынік ад узаемадзеяння з арганізмамі іншага віду абазначаецца сімвалам «+», а адмоўны ўплыў — сімвалам «–». Выкарыстоўваючы гэтыя сімвалы, характарыстыку найбольш распаўсюджаных у экасістэме тыпаў узаемаадносін арганізмаў розных відаў можна паказаць у выглядзе табліцы.

Табліца. Класіфікацыя біятычных узаемаадносін

Тып
узаемаадносін

Від А 

Від Б 

Характарыстыка ўзаемадзеяння 

Канкурэнцыя

 

 

Прамое і непрамое прыгнечанне абодвух відаў пры дэфіцыце агульнага рэсурсу

Драпежніцтва

+

Від А (драпежнік) атрымлівае карысць, а від Б (ахвяра) нясе страты 

Паразітызм

+

Від А (паразіт) атрымлівае карысць, а від Б (гаспадар) прыгнятаецца

Каменсалізм

+

0

Від А атрымлівае карысць, а для віду Б гэта ўзаемадзеянне абыякавае

Протакааперацыя

+

+

Узаемадзеянне спрыяльнае для абодвух відаў, але не абавязковае

Мутуалізм

+

+

Узаемадзеянне спрыяльнае для абодвух відаў і абавязковае хоць бы для аднаго з іх

Узаемаадносіны, якія прыводзяць да зніжэння колькасці хоць бы од-нага з відаў, умоўна называюцца адмоўнымі. Да іх належаць канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм. А ўзаемаадносіны, пры якіх абодва віды ці адзін з іх павялічваюць сваю колькасць, не прыгнятаючы іншага віду, умоўна называюцца станоўчымі. Да іх належаць каменсалізм, протакааперацыя, мутуалізм. З пункту гледжання экалогіі паняцце «адмоўныя» ці «станоўчыя» ўзаемаадносіны не азначае «дрэнныя» ці «добрыя». Гэтыя паняцці паказваюць на характар змянення колькасці відаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Ва ўстойлівым біяцэнозе назіраецца ўзаемаўраўнаважванне адмоўных і станоўчых узаемаадносін і, як следства, падтрымліваецца адносная стабільнасць біялагічнай сістэмы. Разгледзім больш падрабязна ролю адмоўных узаемаадносін у біяцэнозе.

Канкурэнцыя

Канкурэнцыя (ад лац. concurrentia — суперніцтва) — невыгадны для абодвух відаў тып узаемаадносін, які ўзнікае паміж арганізмамі з падобнымі экалагічнымі патрэбнасцямі. Пры сумесным жыцці кожны з іх знаходзіцца ў неспрыяльным становішчы ў сувязі з тым, што прысутнасць іншага віду памяншае магчымасці ў авалоданні харчовымі рэсурсамі, сховішчамі і іншымі сродкамі да існавання, якія маюцца ў месцапражыванні. Канкурэнцыя належыць да тыпу біятычных адносін, якія адмоўна адбіваюцца на партнёрах, што ўзаемадзейнічаюць. Яна выяўляецца або ў форме прамой канкурэнцыі, калі арганізмы ўступаюць у адкрытую барацьбу, або ў форме ўскоснай канкурэнцыі за абмежаваны рэсурс.

У выніку прамой канкурэнцыі арганізмы розных відаў прыгнятаюць адзін аднаго ў выніку непасрэднага кантакту, пры гэтым адбываецца зніжэнне колькасці абодвух відаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Напрыклад, шпакі і вераб’і ў гнездавы перыяд нападаюць адзін на аднаго, канкурыруючы за месцы гнездавання.

У выпадку ўскоснай канкурэнцыі колькасць арганізмаў абодвух відаў зніжаецца з прычыны недахопу агульнага рэсурсу. Прыкладам можа служыць канкурэнцыя паміж раслінамі розных відаў за святло, ваду і мінеральныя рэчывы (культурныя расліны і пустазелле), паміж траваеднымі жывёламі розных відаў за раслінныя рэсурсы (зубр і алень высакародны).

І разам з тым, калі два віды з аднолькавымі экалагічнымі патрэбнасцямі апынаюцца ў адным згуртаванні, то, як правіла, адзін канкурэнт выцясняе іншага. Гэта заканамернасць — экалагічны закон, які атрымаў назву закона канкурэнтнага выключэння. Закон быў сфармуляваны расійскім эколагам Р. Ф. Гаўзе на аснове вынікаў доследаў па вырошчванні двух відаў недрапежных інфузорый роду Paramecium (P. сaudatum і P. аurelia) на адным і тым жа харчовым рэсурсе.

У монакультуры абодва віды добра раслі, і з часам іх колькасць стабілізавалася. Але калі Гаўзе змяшчаў абодва віды ў адну пасудзіну, то кожны від спачатку хутка павялічваў сваю колькасць, аднак з часам колькасць P. сaudatum зніжалася, аж да поўнага вымірання. Такім чынам, пры канкурэнцыі за агульны харчовы рэсурс P. сaudatum выявіла нізкую канкурэнтаздольнасць і была выцеснена больш канкурэнтаздольнай  P. aurelia.

На аснове атрыманых вынікаў Гаўзе сфармуляваў закон канкурэнтнага выключэння: два віды не могуць існаваць у адным месцапражыванні, калі іх экалагічныя патрэбнасці аднолькавыя.

!  Гэта цікава

У якасці прыкладу закона канкурэнтнага выключэння можна прывесці змяненне колькасці плоткі, краснапёркі і акуня пры іх сумесным пражыванні ў азёрах. Плотка з цягам часу выцясняе краснапёрку і акуня. Даследаванні паказалі, што канкурэнцыя праяўляецца на стадыі малькоў, калі іх кармавыя спектры  перакрываюцца. У гэты час малькі плоткі выяўляюцца як больш канкурэнтаздольныя.

Часта ў прыродзе віды, якія канкурыруюць за ежу ці прастору, разыходзяцца ў часе. Адбываецца дзяленне жывёл на дзённых і начных (ястрабы і совы, ластаўкі і кажаны, конікі і цвыркуны, розныя віды рыб, што выяўляюць актыўнасць у розны час сутак).

Драпежніцтва

Драпежніцтва — тып узаемаадносін, пры якім арганізм аднаго віду (драпежнік) ловіць, забівае і з’ядае арганізмы іншага віду (ахвяру). Адным з відаў драпежніцтва з’яўляецца канібалізм, калі арганізмы аднаго віду з'ядаюць адзін аднаго. Ён сустракаецца, напрыклад, у пацукоў. Калі ж у якасці ахвяры выступаюць расліны, то гэтыя ўзаемаадносіны называюць раслінаеднасцю.

Прыкладамі драпежніцтва з’яўляюцца: з’яданне стракозамі і павукамі мух, матылькоў, камароў; выкарыстанне насякомаеднымі раслінамі насякомых у якасці корму; паляванне ваўкоў, соў, лісіц на зайцаў і мышападобных грызуноў; з'яданне тыграмі, леапардамі казуль, аленяў.

З роляй драпежніцтва ў рэгуляцыі колькасці драпежніка і ахвяры вы пазнаёміліся пры вывучэнні раздзела «Від і папуляцыя». Неразумнае ўмяшанне ва ўзаемаадносіны драпежніка і ахвяры часта прыносіць шкоду прыродзе і чалавеку. 

Паразітызм

Паразітызм (ад грэч. parásitos — нахлебнік) — тып узаемаадносін арганізмаў розных відаў, пры якім арганізм аднаго віду (паразіт) выкарыстоўвае арганізм іншага віду (гаспадара) у якасці асяроддзя пражывання і крыніцы ежы. З дадзеным тыпам узаемаадносін вы пазнаёміліся пры вывучэнні § 13. Паразітызм узнік на аснове трафічных і тапічных сувязей. Паразіт прыгнятае жыццядзейнасць гаспадара, што можа стаць прычынай яго гібелі. Паразітамі часцей за ўсё з’яўляюцца дробныя арганізмы — вірусы, патагенныя бактэрыі, некаторыя пратысты, аднаклетачныя грыбы. Сярод беспазваночных найбольшая колькасць відаў-паразітаў маецца сярод чарвей (асабліва плоскіх і круглых). Сустракаюцца паразіты і сярод раслін (павітуха, заразіха).

Прыкладамі паразітызму могуць служыць узаемаадносіны паміж аскарыдай і чалавекам, смактуном пячоначным і буйной рагатай жывёлай, павітухай і канюшынай. Эктапаразіты, як правіла, часовыя і размяшчаюцца на покрыве цела (вошы, блохі, кляшчы, клапы), эндапаразіты — часцей пастаянныя і жывуць у поласцях і тканках цела арганізма (вірусы, бактэрыі, пратысты, паразітычныя чэрві). Паразітызм, гэтак жа як драпежніцтва і канкурэнцыя, адыгрывае важную ролю ў рэгуляцыі колькасці папуляцый у прыродзе.

!  Гэта цікава

У біяцэнозе сустракаецца тып узаемаадносін, пры якім адзін арганізм уздзейнічае на іншы і прыгнятае яго жыццядзейнасць, а сам не адчувае ніякіх адмоўных уплываў з боку прыгнечанага. Такі тып узаемаадносін называецца аменсалізмам. Часцей за ўсё ён сустракаецца ў раслін. Напрыклад, святлолюбівыя травяністыя расліны ніжняга яруса, якія растуць пад ялінай, адчуваюць прыгнятанне ў выніку моцнага зацянення яе кронай, тады як для самога дрэва іх суседства абыякавае. Некаторыя віды выдзяляюць прадукты жыццядзейнасці ў навакольнае асяроддзе, атручваючы яго і робячы непрыдатным для жыцця іншых відаў. Напрыклад, сосны выдзяляюць фітанцыды, пад дзеяннем якіх гінуць бактэрыі, таму ў хвойным боры паветра асабліва чыстае. Грыб пеніцыл у працэсе жыццядзейнасці выпрацоўвае антыбіётыкі, якія таксама прыгнятаюць жыццядзейнасць бактэрый. Узаемаадносіны гэтага тыпу ўплываюць на размеркаванне і ўзаемны падбор відаў.

Такім чынам, адмоўныя ўзаемаадносіны маюць вялікае значэнне для рэгуляцыі колькасці папуляцый, якія ўзаемадзейнічаюць.

У выніку экалагічных даследаванняў было вызначана, што у біяцэнозах, якія сфарміраваліся нядаўна, верагоднасць узнікнення моцна выяўленых адмоўных узаемаадносін вельмі вялікая. Па меры развіцця біясістэмы іх роля зніжаецца за кошт фарміравання станоўчых узаемаадносін.

Паўторым галоўнае. Біятычныя ўзаемаадносіны ў біяцэнозе фарміруюцца часцей за ўсё на аснове трафічных ці тапічных сувязей паміж арганізмамі розных відаў. Паводле характару ўплыву на колькасць асобін віду, якія ўзаемадзейнічаюць, адрозніваюць адмоўныя і станоўчыя ўзаемаадносіны. Да адмоўных належаць узаемаадносіны, якія зніжаюць колькасць хоць бы аднаго з відаў, — канкурэнцыя (прамая і ўскосная), драпежніцтва і паразітызм. У біяцэнозах, што сфарміраваліся нядаўна, мацней выяўлены адмоўныя ўзаемаадносіны. Па меры развіцця біясістэмы ўзрастае роля станоўчых узаемаадносін. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм удзельнічаюць у самарэгуляцыі біяцэнозу, дапамагаючы дасягаць яго ўстойлівасці.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія тыпы ўзаемаадносін паміж арганізмамі розных відаў могуць рэгуляваць колькасць відаў? Прывядзіце прыклады.
2. Драпежныя млекакормячыя маюць нямала асаблівасцей, якія дапамагаюць ім на паляванні. Чаму ў прыродзе колькасць саміх драпежнікаў і іх ахвяр застаецца прыкладна на адным узроўні?
3. Устанавіце адпаведнасць паміж тыпамі адмоўных узаемаадносін і іх прыкладамі.
Тыпы ўзаемаадносін: 1. Паразітызм. 2. Канкурэнцыя. 3. Драпежніцтва.
Прыклады: а) пільшчык сасновы — сасна; б) фітафтора — таматы; в) павукі — мухі; г) смактун пячоначны — буйная рагатая жывёла; д) пацук шэры — пацук чорны; е) удаў — трус; ж) культурныя расліны — пустазелле.

    Складаныя пытанні

1. Прачытайце фрагмент паэмы «Храм прыроды» Эразма Дарвіна:

Свирепый волк с кормящею волчат
Волчицею — гроза невинных стад;
Орел, стремясь из-под небес стрелою,
Грозит голубке слабой смертью злою;
Голубка ж, как овца, опять должна,
Кормясь, губить ростки и семена.

Пра які тып біятычных узаемаадносін ідзе гаворка? Прывядзіце іншыя прыклады дадзенага тыпу ўзаемаадносін.

2. Растлумачце, чаму драпежнік, які спецыялізуецца на харчаванні адным відам ахвяры, з большай верагоднасцю можа рэгуляваць колькасць папуляцыі ахвяры, чым драпежнік, які корміцца рознымі відамі.
3. Калі пачалі шырока ўжываць яды супраць насякомых-шкоднікаў, то выявілася, што некаторыя з іх сталі ўзмоцнена размнажацца і прыносіць яшчэ больш шкоды сельскай і лясной гаспадарцы. Як можна растлумачыць гэты феномен з пункту гледжання біятычных узаемаадносін?
4. Прачытайце фрагмент паэмы «Храм прыроды» Эразма Дарвіна:

И меж растений царствует война.
Деревья, травы — вверх растут задорно,
За свет и воздух борются упорно,
А корни их, в земле неся свой труд,
За почву и за влажность спор ведут…

Пра які тып біятычных узаемаадносін ідзе гаворка? Прывядзіце прыклады дадзенынага тыпу ўзаемаадносін.

Індывідуальнае дамашняе заданне.  У папярэднім параграфе вам было прапанавана заданне — устанавіць тыпы сувязей паміж арганізмамі розных відаў у бліжэйшым біяцэнозе. Выкарыстоўваючы вынікі папярэдніх назіранняў, вызначыце тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін, якія могуць узнікаць паміж дадзенымі відамі арганізмаў на аснове сувязей, што інуюць паміж імі. Складзіце пары арганізмаў з рознымі тыпамі ўзаемаадносін. Як гэтыя ўзаемаадносіны могуць уплываць на іх колькасць?