*§ 41—1. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм — тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін

Канкурэнцыя

Канкурэнцыя (ад лац. concurrentia — суперніцтва) — невыгадны для абодвух відаў тып узаемаадносін, які ўзнікае паміж арганізмамі з падобнымі экалагічнымі патрэбнасцямі. Пры сумесным жыцці кожны з іх знаходзіцца ў неспрыяльным становішчы ў сувязі з тым, што прысутнасць іншага віду памяншае магчымасці ў авалоданні харчовымі рэсурсамі, сховішчамі і іншымі сродкамі да існавання, якія маюцца ў месцапражыванні. Канкурэнцыя належыць да тыпу біятычных адносін, якія адмоўна адбіваюцца на партнёрах, што ўзаемадзейнічаюць. Яна выяўляецца або ў форме прамой канкурэнцыі, калі арганізмы ўступаюць у адкрытую барацьбу, або ў форме ўскоснай канкурэнцыі за абмежаваны рэсурс.

У выніку прамой канкурэнцыі арганізмы розных відаў прыгнятаюць адзін аднаго ў выніку непасрэднага кантакту, пры гэтым адбываецца зніжэнне колькасці абодвух відаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Напрыклад, шпакі і вераб’і ў гнездавы перыяд нападаюць адзін на аднаго, канкурыруючы за месцы гнездавання.

У выпадку ўскоснай канкурэнцыі колькасць арганізмаў абодвух відаў зніжаецца з прычыны недахопу агульнага рэсурсу. Прыкладам можа служыць канкурэнцыя паміж раслінамі розных відаў за святло, ваду і мінеральныя рэчывы (культурныя расліны і пустазелле), паміж траваеднымі жывёламі розных відаў за раслінныя рэсурсы (зубр і алень высакародны).

І разам з тым, калі два віды з аднолькавымі экалагічнымі патрэбнасцямі апынаюцца ў адным згуртаванні, то, як правіла, адзін канкурэнт выцясняе іншага. Гэта заканамернасць — экалагічны закон, які атрымаў назву закона канкурэнтнага выключэння. Закон быў сфармуляваны расійскім эколагам Р. Ф. Гаўзе на аснове вынікаў доследаў па вырошчванні двух відаў недрапежных інфузорый роду Paramecium (P. сaudatum і P. аurelia) на адным і тым жа харчовым рэсурсе.

У монакультуры абодва віды добра раслі, і з часам іх колькасць стабілізавалася. Але калі Гаўзе змяшчаў абодва віды ў адну пасудзіну, то кожны від спачатку хутка павялічваў сваю колькасць, аднак з часам колькасць P. сaudatum зніжалася, аж да поўнага вымірання. Такім чынам, пры канкурэнцыі за агульны харчовы рэсурс P. сaudatum выявіла нізкую канкурэнтаздольнасць і была выцеснена больш канкурэнтаздольнай  P. aurelia.

На аснове атрыманых вынікаў Гаўзе сфармуляваў закон канкурэнтнага выключэння: два віды не могуць існаваць у адным месцапражыванні, калі іх экалагічныя патрэбнасці аднолькавыя.

!  Гэта цікава

У якасці прыкладу закона канкурэнтнага выключэння можна прывесці змяненне колькасці плоткі, краснапёркі і акуня пры іх сумесным пражыванні ў азёрах. Плотка з цягам часу выцясняе краснапёрку і акуня. Даследаванні паказалі, што канкурэнцыя праяўляецца на стадыі малькоў, калі іх кармавыя спектры  перакрываюцца. У гэты час малькі плоткі выяўляюцца як больш канкурэнтаздольныя.

Часта ў прыродзе віды, якія канкурыруюць за ежу ці прастору, разыходзяцца ў часе. Адбываецца дзяленне жывёл на дзённых і начных (ястрабы і совы, ластаўкі і кажаны, конікі і цвыркуны, розныя віды рыб, што выяўляюць актыўнасць у розны час сутак).