§ 40. Біяцэноз і біятоп. Сувязі арганізмаў у біяцэнозах

Склад біяцэнозу і біятопу

Кампанентамі, якія складаюць біяцэноз, з’яўляюцца: фітацэноз, зоацэноз, мікацэноз, мікробацэноз. Фітацэноз (ад грэч. phytó— расліна) — расліннае згуртаванне, якое расце на пэўнай тэрыторыі і змяняецца як па сезонах, так і па гадах. Зоацэноз (ад грэч. zóon — жывёла) — сукупнасць папуляцый жывёл, якія насяляюць пэўны біятоп. Мікацэноз (ад грэч. mýkе— грыб) — згуртаванне розных відаў грыбоў. Мікробацэноз (ад грэч. micró— малы) — сукупнасць папуляцый бактэрый і аднаклетачных пратыстаў.

Мяжа паміж біяцэнозамі вызначаецца па фітацэнозах, якія заўсёды маюць спецыфічныя асаблівасці. Напрыклад, луг рэзка адрозніваецца ад лесу, лес — ад балота, хвойны лес — ад ліставога, бярозавы гай — ад дубровы. Фітацэноз вызначае відавы склад зоацэнозу, мікацэнозу і мікробацэнозу, гэта значыць, з’яўляецца галоўным структурным кампанентам біяцэнозу.

Паводле паходжання адрозніваюць першасныя і другасныя біяцэнозы. Першасныя біяцэнозы сфарміраваліся ў прыродных умовах у ходзе эвалюцыі (недаступныя ўчасткі тайгі, горныя лясы). Іх кампаненты (арганізмы) адаптаваліся да навакольнага асяроддзя. Гэта надае біяцэнозам дынамічную ўстойлівасць. Да другасных належаць створаныя ці ператвораныя чалавекам біяцэнозы (большасць біяцэнозаў на Зямлі).

У курсе геаграфіі вы пазнаёміліся з разнастайнасцю прыродных біяцэнозаў Беларусі. Найбольш тыповымі для нашай краіны з’яўляюцца хвойныя і мяшаныя лясы, бярозавыя гаі, дубровы, пойменныя і сухадольныя лугі, балоты. Усе яны адчуваюць розную ступень уплыву гаспадарчай дзейнасці чалавека.

Біятоп уключае паветра з кліматычнымі фактарамі (кліматоп), глебу (эдафатоп) і ваду (гідратоп). Гэтыя кампаненты ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і фарміруюць асяроддзе пражывання біяцэнозу. Біяцэноз сваім існаваннем змяняе стан біятопу. У сваю чаргу зменлівы біятоп можа ўплываць на відавы склад біяцэнозу.