§ 23. Кампаненты ежы і іх функцыі
Асноўныя функцыі і крыніцы кампанентаў ежы
Усе харчовыя прадукты змяшчаюць неабходныя арганізму кампаненты: пажыўныя рэчывы (бялкі, тлушчы, вугляводы), вітаміны, мінеральныя солі, ваду. Іх асноўныя функцыі і крыніцы прыведзены ў табліцы.
Табліца. Асноўныя пажыўныя рэчывы
Кампанент ежы |
Асноўныя функцыі |
Крыніцы |
Бялкі |
Будаўнічы матэрыял для новых тканак і замены адмерлых клетак |
Мяса, малако, тварог, сыр, хлеб, гарох, фасоль, грэцкія крупы |
Тлушчы |
Крыніца энергіі, транспарт тлушчарастваральных вітамінаў |
Масла расліннае і сметанковае, авакада, арэхі, насенне |
Вугляводы |
Асноўная крыніца энергіі |
Мучныя вырабы, фасоль, сачавіца, гарох, соя, бульба, садавіна |
Вітаміны |
Удзел у абмене рэчываў, дабратворнае дзеянне на нервовую сістэму, забеспячэнне звычайнага росту і развіцця арганізма |
Агародніна і садавіна, алей, рыба, рыбін тлушч і печань |
Мінеральныя |
Падтрыманне пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма, удзел у згусанні крыві, перадачы нервовых імпульсаў і транспарце рэчываў |
Кухонная соль, рыба, яйкі, хлеб, мінеральная вада, агародніна, садавіна |
Вада |
Асноўнае асяроддзе для працякання абмену рэчываў |
Пітная вада, сокі, вада ў складзе харчовых прадуктаў |
Частка кампанентаў ежы, якія не могуць сінтэзавацца ў арганізме чалавека, называюцца незаменнымі. Да іх належаць вада, шэраг вітамінаў, мінеральныя солі і некаторыя амінакіслоты. Такім чынам, атрымаць гэтыя кампаненты чалавек можа толькі з ежай.
Сутачная патрэбнасць у вадзе для дарослага чалавека складае 30—40 г на 1 кг масы цела і залежыць ад кліматычных умоў, ладу жыцця і стану здароўя. Пры гэтым у выглядзе вадкасці спажываецца прыкладна 48 % сутачнай нормы, 40 % паступае ў выглядзе ежы і 3 % утвараецца непасрэдна ў арганізме ў выніку біяхімічных працэсаў. Каб пазбегнуць атручэння, рэкамендуецца ўжываць ваду, што прадаецца ў бутэльках, або кіпячоную ваду, а таксама ваду з крыніц, якая прайшла лабараторную праверку.
Энергетычная каштоўнасць (каларыйнасць) ежы вызначаецца колькасцю энергіі, якая вызваляецца з харчовых прадуктаў у працэсе яе засваення. Яна выкарыстоўваецца для забеспячэння фізіялагічных функцый арганізма.
Мінімальная колькасць энергіі, неабходная для ажыццяўлення функцыянавання органаў і іх сістэм у стане тэмпературнага камфорту (20 °С), поўнага фізічнага і псіхічнага спакою нашча, называецца велічынёй асноўнага абмену. У сярэднім яна складае 4,2 кДж на 1 кг масы цела ў гадзіну. У мужчын з масай цела 70 кг асноўны абмен складае каля 7113 кДж у суткі, а ў жанчын з масай цела 55 кг — каля 5858 кДж у суткі. Стрэсавыя станы і гіперфункцыя шчытападобнай залозы часам павялічваюць асноўны абмен да значных велічынь.
Розныя віды дзейнасці патрабуюць ад чалавека розных энергетычных затрат (гл. табл.).
Табліца. Прыблізныя энергетычныя затраты чалавека
Від дзейнасці |
Энергетычныя затраты (кДж) за 1 г на 1 кг масы цела |
Стан спакою: у становішчы седзячы у становішчы стоячы |
4,2 5,9 6,3 |
Разумовая праца седзячы |
9,0 |
Хада |
11,7—13,4 |
Работа цесляра |
17,9 |
Работа муляра |
23,9 |
Асноўнымі крыніцамі энергіі з’яўляюцца вугляводы (42 %) і тлушчы (40 %). Колькасць энергіі, якая вылучаецца пры акісленні 1 г бялкоў і 1 г вугляводаў, складае прыкладна 17 кДж, а 1 г тлушчаў — 39 кДж.