§ 19. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне чалавекам
Правілы прыёму раслінных лекавых прэпаратаў
Перад прыёмам раслінных лекавых прэпаратаў трэба абавязкова пракансультавацца з урачом, які падбярэ неабходную дозу і распрацуе рэжым прыёму прэпарата. Самалячэнне можа прывесці да атручэння. Напрыклад, працяглае ўжыванне баркуну лекавага можа выклікаць галавакружэнне, млоснасць, ваніты, мігрэнь, санлівасць, парушэнне работы печані і ЦНС.
Лекавыя расліны, якія выкарыстоўваюцца па прызначэнні ўрача, здольныя не толькі лячыць, але і павялічваць працаздольнасць і вынослівасць, паляпшаючы якасць жыцця чалавека.
Паўторым галоўнае. Найбольш распаўсюджанымі ў Беларусі лекавымі раслінамі з’яўляюцца: падарожнік вялікі, рамонак лекавы, або аптэчны, бяроза абвіслая, шыпшына майская, валяр’ян лекавы, дзьмухавец лекавы, чарніцы звычайныя, мята перачная, маліны звычайныя, зверабой прадзіраўлены, дзівасіл высокі, брусніцы звычайныя і інш.
Лекавыя расліны змяшчаюць каштоўныя хімічныя рэчывы, у тым ліку вітаміны і фітанцыды. Таму яны шырока выкарыстоўваюцца як у лячэбных, так і ў прафілактычных мэтах. Настоі, адвары, фітапрэпараты з лекавых раслін лёгка засвойваюцца і маюць менш пабочных эфектаў. Набываць іх трэба ў аптэках, а перад прыёмам абавязкова пракансультавацца з урачом.