Печатать книгуПечатать книгу

§ 19. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне чалавекам

  • Успомніце, якія расліны ў Беларусі часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ў лячэбных мэтах.
  • Як вы думаеце? Ці могуць лекавыя расліны ўяўляць пагрозу для здароўя чалавека?
  • Вы даведаецеся пра найбольш распаўсюджаныя лекавыя расліны Беларусі і іх выкарыстанне.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 19. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне чалавекам
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 9 Май 2024, 09:56

Прэамбула

Лячэбныя ўласцівасці раслін тысячагоддзямі выкарыстоўваліся ўсімі народамі свету. З іх дапамогай людзі лячылі шмат якія захворванні, звяртаючыся да прыроды, да яе дарункаў. У сваім складзе лекавыя расліны змяшчаюць каштоўныя хімічныя рэчывы, таму шырока выкарыстоўваюцца як у лячэбных, так і ў прафілактычных мэтах. 

Распаўсюджаныя ў Беларусі лекавыя расліны

Пазнаёмімся з некаторымі лекавымі раслінамі Беларусі і іх выкарыстаннем.

Табліца. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне

Расліна

Выкарыстанне

Падарожнік вялікі
(Plantago major)

Сок і настой з лістоў выкарыстоўваюць пры лячэнні захворванняў страўнікава-кішачнага тракту, як супрацьзапаленчы і раназагойны сродак. Экстракт лістоў выкарыстоўваецца ў тэрапіі верхніх дыхальных шляхоў. Кампрэсы са здробленых свежых лістоў эфектыўныя пры лячэнні ранак, парэзаў, болек

Рамонак лекавы,
або аптэчны (Chаmomilla recutita)

 

Настой суквеццяў ужываюць для паласкання ротавай поласці і зева пры ангіне, ларынгіце. Рамонак часта выкарыстоўваюць у лекавых зборах у камбінацыі з іншымі раслінамі. У якасці прымочак або кампрэсаў выкарыстоўваецца пры экзэме, нарывах, апёках, адмарожваннях і больках

Бяроза абвіслая
(Betura pendula)

 

Настой і адвар са свежых лістоў валодаюць мачагонным і патагонным дзеяннем. З іх робяць кампрэсы для зняцця боляў пры рэўматызме і неўралгіі. Бярозавы сок выкарыстоўваецца пры некаторых захворваннях лёгкіх як агульнаўмацавальны  сродак.  Драўняны бярозавы вугаль (карбален, або актываваны вугаль) выкарыстоўваецца як адсарбіруючы сродак

Шыпшына майская
(Rosa majalis)

 

Гарбата і настой з пладоў валодаюць агульнатанізуючым, супрацьзапаленчым, агульнаўмацавальным дзеяннем. Настой з пладоў выкарыстоўваецца ў комплекснай тэрапіі цукровага дыябету, для памяншэння ўтрымання халестэрыну ў крыві, зніжэння САЭ (скорасці асядання эрытрацытаў). Прэпараты з расліны ўжываюцца для лячэння захворванняў скуры

Валяр’ян лекавы
(Valeriana officinalis)

 

Прэпараты з каранёў расліны выкарыстоўваюцца як заспакаяльны сродак пры нервовым узбуджэнні, гіпертанічнай хваробе, бяссонніцы, для паляпшэння стрававання, як жаўцягонны сродак у дэрматалогіі, а таксама пры лячэнні захворванняў шчытападобнай залозы і астмы. Экстракт валяр’яны ўваходзіць у склад такіх прэпаратаў, як карвалол, валакардзін

Дзьмухавец лекавы
(Taraxacum)

 

Прэпараты з кветак, каранёў, лістоў  выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту і паляпшэння стрававання, як патагонны, жаўцягонны, адхарквальны і танізуючы сродак, а таксама як сродак, які павышае ахоўныя ўласцівасці арганізма. Карані выкарыстоўваюць пры дыябеце і як антысклератычны сродак

Чарніцы звычайныя
(Vaccinium myrtillus)

 

Настой і адвар з ягад выкарыстоўваюць пры болях у страўніку, кішэчніку, мачавым пузыры. Ужыванне ў ежу свежых і сушаных ягад чарніц станоўча дзейнічае на кровазабеспячэнне сятчаткі вока, што паляпшае начны зрок. Настой лістоў зніжае ўзровень глюкозы ў крыві 

Мята перачная
(Mentha piperita)

 

Настой лістоў выкарыстоўваюць як сродак для паляпшэння стрававання, павышэння апетыту, ад спазмаў у страўніку, млоснасці, як заспакаяльнае пры нервовым узбуджэнні. Экстракт травы дабаўляюць у супрацьзапаленчыя мазі, ён уваходзіць у склад сардэчных прэпаратаў

Маліны звычайныя
(Rubus idaeus)

 

Плады валодаюць супрацьзапаленчым, гарачкапаніжальным і супрацьсклератычным дзеяннем. Яны карысныя як прафілактычны і лячэбны сродак пры парушэннях абмену рэчываў, захворваннях дыхальных шляхоў, гастрыце, энтэрыце, анеміі, гіпертаніі, цукровым дыябеце, экзэме

Зверабой прадзіраўлены
(Hypericum perforatum)

 

Прэпараты са сцёблаў з лістамі, кветкамі і пладамі шырока выкарыстоўваюцца пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, цукровым дыябеце, для загойвання ран, язваў, апёкаў, для лячэння хранічных стаматыту і гаймарыту. Адвар паскарае загойванне язваў страўніка і дванаццаціперснай кішкі, спыняе метэарызм

Дзівасіл высокі
(Inula helenium)

 

Настой з кораня ўжываецца як адхарквальны сродак пры вострых і хранічных захворваннях дыхальных шляхоў, а таксама пры паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку і запаленні слізістай абалонкі страўніка (гастрыце), язвавай хваробе, для лячэння захворванняў скуры і гнойных ран

Брусніцы звычайныя
(Vaccinium vitis-idaea)

 

Морс і сіроп з ягад выкарыстоўваюць пры гіпавітамінозах, траўмах, запаленчых працэсах, павышэнні тэмпературы цела, пасля аперацый і цяжкіх захворванняў. Вонкава сок ужываюць пры захворваннях вачэй і скуры

Фітанцыды

Шмат якія расліны (ядловец, сасна, яліна, бяроза, дуб, таполя і інш.) вылучаюць рэчывы, якія атрымалі назву фітанцыды (ад грэч. слова phytó— расліна і лац. caedo — забіваю). Фітанцыды забіваюць мікраарганізмы або прадухіляюць іх размнажэнне. Яны здольныя нармалізаваць сардэчны рытм і артэрыяльны ціск, зніжаць узровень цукру ў крыві, спрыяльна ўздзейнічаць на стан печані, а таксама на імунную і нервовую сістэмы чалавека.

!  Гэта цікава

Рэкардсменамі па вылучэнні фітанцыдаў з’яўляюцца хвойныя расліны. Так, 1 га ядлоўцу вылучае ў суткі 30 кг лятучых рэчываў, а сасна і яліна — каля 20 кг. Дзякуючы здольнасці раслін вылучаць фітанцыды паветра паркаў змяшчае ў 200 разоў менш бактэрый, чым паветра вуліц.

* Выкарыстанне эфірнага алею і фітанцыдаў раслін для аздараўлення атрымала назву ароматэрапія. Ароматэрапія забяспечвае дабратворнае ўздзеянне на нервовую, дыхальную і стрававальную сістэму, паляпшэнне стану скуры, нармалізацыю кровазвароту і гарманальнага фону, павышэнне актыўнасці імуннай сістэмы. Сёння гэты метад тэрапіі шырока ўжываецца шмат у якіх санаторыях і медыцынскіх установах Беларусі. Ароматэрапеўтычныя метады — інгаляцыі, спрэі, аромалампы, масажы, ванны, кампрэсы, прыём унутр — ужываюцца па індывідуальных прызначэннях.

Для ароматэрапіі могуць быць супрацьпаказанні, напрыклад у выпадку алергічных рэакцый, пры некаторых захворваннях нервовай сістэмы, язвава-эразіўных захворваннях слізістай абалонкі стрававальнага тракта ў вострым перыядзе, захворваннях органаў дыхання. Уплыў водараў на настрой таксама мае індывідуальны характар.

Лекавыя расліны шырока выкарыстоўваюцца фармацэўтычнай прамысловасцю. Згодна з даследаваннямі, толькі 33 % новых лекавых сродкаў з’яўляюцца сінтэтычнымі злучэннямі, якія не маюць аналагаў у жывой прыродзе. Астатнія 67 % чалавек бярэ з прыроды.

Для таго каб вызначыць і вылучыць хімічнае злучэнне, якое ўвойдзе ў склад лекавага сродку, неабходны доўгія гады працы вучоных і фармацэўтаў.

Правілы прыёму раслінных лекавых прэпаратаў

Перад прыёмам раслінных лекавых прэпаратаў трэба абавязкова пракансультавацца з урачом, які падбярэ неабходную дозу і распрацуе рэжым прыёму прэпарата. Самалячэнне можа прывесці да атручэння. Напрыклад, працяглае ўжыванне баркуну лекавага можа выклікаць галавакружэнне, млоснасць, ваніты, мігрэнь, санлівасць, парушэнне работы печані і ЦНС.

Лекавыя расліны, якія выкарыстоўваюцца па прызначэнні ўрача, здольныя не толькі лячыць, але і павялічваць працаздольнасць і вынослівасць, паляпшаючы якасць жыцця чалавека.

Паўторым галоўнае. Найбольш распаўсюджанымі ў Беларусі лекавымі раслінамі з’яўляюцца: падарожнік вялікі, рамонак лекавы, або аптэчны, бяроза абвіслая, шыпшына майская, валяр’ян лекавы, дзьмухавец лекавы, чарніцы звычайныя, мята перачная, маліны звычайныя, зверабой прадзіраўлены, дзівасіл высокі, брусніцы звычайныя і інш.

Лекавыя расліны змяшчаюць каштоўныя хімічныя рэчывы, у тым ліку вітаміны і фітанцыды. Таму яны шырока выкарыстоўваюцца як у лячэбных, так і ў прафілактычных мэтах. Настоі, адвары, фітапрэпараты з лекавых раслін лёгка засвойваюцца і маюць менш пабочных эфектаў. Набываць іх трэба ў аптэках, а перад прыёмам абавязкова пракансультавацца з урачом. 

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Пералічыце асноўныя віды і ўласцівасці лекавых раслін, якія растуць у Беларусі.
2. Які ўплыў робяць на арганізм чалавека фітанцыды?
3.
Чаму перад прыёмам лекавых раслін неабходна абавязкова пракансультавацца з урачом?

    Складаныя пытанні

1. Якія лекавыя расліны, акрамя пералічаных у тэксце параграфа, растуць у Беларусі? Для лячэння якіх захворванняў яны выкарыстоўваюцца?
2.
У якіх выпадках лекавыя расліны могуць прынесці чалавеку шкоду?

* Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы вучэбную і навуковую літаратуру, вывучыце хімічны склад фітанцыдаў.