§ 19. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне чалавекам

Фітанцыды

Шмат якія расліны (ядловец, сасна, яліна, бяроза, дуб, таполя і інш.) вылучаюць рэчывы, якія атрымалі назву фітанцыды (ад грэч. слова phytó— расліна і лац. caedo — забіваю). Фітанцыды забіваюць мікраарганізмы або прадухіляюць іх размнажэнне. Яны здольныя нармалізаваць сардэчны рытм і артэрыяльны ціск, зніжаць узровень цукру ў крыві, спрыяльна ўздзейнічаць на стан печані, а таксама на імунную і нервовую сістэмы чалавека.

!  Гэта цікава

Рэкардсменамі па вылучэнні фітанцыдаў з’яўляюцца хвойныя расліны. Так, 1 га ядлоўцу вылучае ў суткі 30 кг лятучых рэчываў, а сасна і яліна — каля 20 кг. Дзякуючы здольнасці раслін вылучаць фітанцыды паветра паркаў змяшчае ў 200 разоў менш бактэрый, чым паветра вуліц.

* Выкарыстанне эфірнага алею і фітанцыдаў раслін для аздараўлення атрымала назву ароматэрапія. Ароматэрапія забяспечвае дабратворнае ўздзеянне на нервовую, дыхальную і стрававальную сістэму, паляпшэнне стану скуры, нармалізацыю кровазвароту і гарманальнага фону, павышэнне актыўнасці імуннай сістэмы. Сёння гэты метад тэрапіі шырока ўжываецца шмат у якіх санаторыях і медыцынскіх установах Беларусі. Ароматэрапеўтычныя метады — інгаляцыі, спрэі, аромалампы, масажы, ванны, кампрэсы, прыём унутр — ужываюцца па індывідуальных прызначэннях.

Для ароматэрапіі могуць быць супрацьпаказанні, напрыклад у выпадку алергічных рэакцый, пры некаторых захворваннях нервовай сістэмы, язвава-эразіўных захворваннях слізістай абалонкі стрававальнага тракта ў вострым перыядзе, захворваннях органаў дыхання. Уплыў водараў на настрой таксама мае індывідуальны характар.

Лекавыя расліны шырока выкарыстоўваюцца фармацэўтычнай прамысловасцю. Згодна з даследаваннямі, толькі 33 % новых лекавых сродкаў з’яўляюцца сінтэтычнымі злучэннямі, якія не маюць аналагаў у жывой прыродзе. Астатнія 67 % чалавек бярэ з прыроды.

Для таго каб вызначыць і вылучыць хімічнае злучэнне, якое ўвойдзе ў склад лекавага сродку, неабходны доўгія гады працы вучоных і фармацэўтаў.