§ 19. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне чалавекам
Распаўсюджаныя ў Беларусі лекавыя расліны
Пазнаёмімся з некаторымі лекавымі раслінамі Беларусі і іх выкарыстаннем.
Табліца. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне
Расліна |
Выкарыстанне |
Падарожнік вялікі
|
Сок і настой з лістоў выкарыстоўваюць пры лячэнні захворванняў страўнікава-кішачнага тракту, як супрацьзапаленчы і раназагойны сродак. Экстракт лістоў выкарыстоўваецца ў тэрапіі верхніх дыхальных шляхоў. Кампрэсы са здробленых свежых лістоў эфектыўныя пры лячэнні ранак, парэзаў, болек |
Рамонак лекавы,
|
Настой суквеццяў ужываюць для паласкання ротавай поласці і зева пры ангіне, ларынгіце. Рамонак часта выкарыстоўваюць у лекавых зборах у камбінацыі з іншымі раслінамі. У якасці прымочак або кампрэсаў выкарыстоўваецца пры экзэме, нарывах, апёках, адмарожваннях і больках |
Бяроза абвіслая
|
Настой і адвар са свежых лістоў валодаюць мачагонным і патагонным дзеяннем. З іх робяць кампрэсы для зняцця боляў пры рэўматызме і неўралгіі. Бярозавы сок выкарыстоўваецца пры некаторых захворваннях лёгкіх як агульнаўмацавальны сродак. Драўняны бярозавы вугаль (карбален, або актываваны вугаль) выкарыстоўваецца як адсарбіруючы сродак |
Шыпшына майская
|
Гарбата і настой з пладоў валодаюць агульнатанізуючым, супрацьзапаленчым, агульнаўмацавальным дзеяннем. Настой з пладоў выкарыстоўваецца ў комплекснай тэрапіі цукровага дыябету, для памяншэння ўтрымання халестэрыну ў крыві, зніжэння САЭ (скорасці асядання эрытрацытаў). Прэпараты з расліны ўжываюцца для лячэння захворванняў скуры |
Валяр’ян лекавы
|
Прэпараты з каранёў расліны выкарыстоўваюцца як заспакаяльны сродак пры нервовым узбуджэнні, гіпертанічнай хваробе, бяссонніцы, для паляпшэння стрававання, як жаўцягонны сродак у дэрматалогіі, а таксама пры лячэнні захворванняў шчытападобнай залозы і астмы. Экстракт валяр’яны ўваходзіць у склад такіх прэпаратаў, як карвалол, валакардзін |
Дзьмухавец лекавы
|
Прэпараты з кветак, каранёў, лістоў выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту і паляпшэння стрававання, як патагонны, жаўцягонны, адхарквальны і танізуючы сродак, а таксама як сродак, які павышае ахоўныя ўласцівасці арганізма. Карані выкарыстоўваюць пры дыябеце і як антысклератычны сродак |
Чарніцы звычайныя
|
Настой і адвар з ягад выкарыстоўваюць пры болях у страўніку, кішэчніку, мачавым пузыры. Ужыванне ў ежу свежых і сушаных ягад чарніц станоўча дзейнічае на кровазабеспячэнне сятчаткі вока, што паляпшае начны зрок. Настой лістоў зніжае ўзровень глюкозы ў крыві |
Мята перачная
|
Настой лістоў выкарыстоўваюць як сродак для паляпшэння стрававання, павышэння апетыту, ад спазмаў у страўніку, млоснасці, як заспакаяльнае пры нервовым узбуджэнні. Экстракт травы дабаўляюць у супрацьзапаленчыя мазі, ён уваходзіць у склад сардэчных прэпаратаў |
Маліны звычайныя
|
Плады валодаюць супрацьзапаленчым, гарачкапаніжальным і супрацьсклератычным дзеяннем. Яны карысныя як прафілактычны і лячэбны сродак пры парушэннях абмену рэчываў, захворваннях дыхальных шляхоў, гастрыце, энтэрыце, анеміі, гіпертаніі, цукровым дыябеце, экзэме |
Зверабой прадзіраўлены
|
Прэпараты са сцёблаў з лістамі, кветкамі і пладамі шырока выкарыстоўваюцца пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, цукровым дыябеце, для загойвання ран, язваў, апёкаў, для лячэння хранічных стаматыту і гаймарыту. Адвар паскарае загойванне язваў страўніка і дванаццаціперснай кішкі, спыняе метэарызм |
Дзівасіл высокі
|
Настой з кораня ўжываецца як адхарквальны сродак пры вострых і хранічных захворваннях дыхальных шляхоў, а таксама пры паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку і запаленні слізістай абалонкі страўніка (гастрыце), язвавай хваробе, для лячэння захворванняў скуры і гнойных ран |
Брусніцы звычайныя
|
Морс і сіроп з ягад выкарыстоўваюць пры гіпавітамінозах, траўмах, запаленчых працэсах, павышэнні тэмпературы цела, пасля аперацый і цяжкіх захворванняў. Вонкава сок ужываюць пры захворваннях вачэй і скуры |