§ 19. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне чалавекам

Распаўсюджаныя ў Беларусі лекавыя расліны

Пазнаёмімся з некаторымі лекавымі раслінамі Беларусі і іх выкарыстаннем.

Табліца. Лекавыя расліны і іх выкарыстанне

Расліна

Выкарыстанне

Падарожнік вялікі
(Plantago major)

Сок і настой з лістоў выкарыстоўваюць пры лячэнні захворванняў страўнікава-кішачнага тракту, як супрацьзапаленчы і раназагойны сродак. Экстракт лістоў выкарыстоўваецца ў тэрапіі верхніх дыхальных шляхоў. Кампрэсы са здробленых свежых лістоў эфектыўныя пры лячэнні ранак, парэзаў, болек

Рамонак лекавы,
або аптэчны (Chаmomilla recutita)

 

Настой суквеццяў ужываюць для паласкання ротавай поласці і зева пры ангіне, ларынгіце. Рамонак часта выкарыстоўваюць у лекавых зборах у камбінацыі з іншымі раслінамі. У якасці прымочак або кампрэсаў выкарыстоўваецца пры экзэме, нарывах, апёках, адмарожваннях і больках

Бяроза абвіслая
(Betura pendula)

 

Настой і адвар са свежых лістоў валодаюць мачагонным і патагонным дзеяннем. З іх робяць кампрэсы для зняцця боляў пры рэўматызме і неўралгіі. Бярозавы сок выкарыстоўваецца пры некаторых захворваннях лёгкіх як агульнаўмацавальны  сродак.  Драўняны бярозавы вугаль (карбален, або актываваны вугаль) выкарыстоўваецца як адсарбіруючы сродак

Шыпшына майская
(Rosa majalis)

 

Гарбата і настой з пладоў валодаюць агульнатанізуючым, супрацьзапаленчым, агульнаўмацавальным дзеяннем. Настой з пладоў выкарыстоўваецца ў комплекснай тэрапіі цукровага дыябету, для памяншэння ўтрымання халестэрыну ў крыві, зніжэння САЭ (скорасці асядання эрытрацытаў). Прэпараты з расліны ўжываюцца для лячэння захворванняў скуры

Валяр’ян лекавы
(Valeriana officinalis)

 

Прэпараты з каранёў расліны выкарыстоўваюцца як заспакаяльны сродак пры нервовым узбуджэнні, гіпертанічнай хваробе, бяссонніцы, для паляпшэння стрававання, як жаўцягонны сродак у дэрматалогіі, а таксама пры лячэнні захворванняў шчытападобнай залозы і астмы. Экстракт валяр’яны ўваходзіць у склад такіх прэпаратаў, як карвалол, валакардзін

Дзьмухавец лекавы
(Taraxacum)

 

Прэпараты з кветак, каранёў, лістоў  выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту і паляпшэння стрававання, як патагонны, жаўцягонны, адхарквальны і танізуючы сродак, а таксама як сродак, які павышае ахоўныя ўласцівасці арганізма. Карані выкарыстоўваюць пры дыябеце і як антысклератычны сродак

Чарніцы звычайныя
(Vaccinium myrtillus)

 

Настой і адвар з ягад выкарыстоўваюць пры болях у страўніку, кішэчніку, мачавым пузыры. Ужыванне ў ежу свежых і сушаных ягад чарніц станоўча дзейнічае на кровазабеспячэнне сятчаткі вока, што паляпшае начны зрок. Настой лістоў зніжае ўзровень глюкозы ў крыві 

Мята перачная
(Mentha piperita)

 

Настой лістоў выкарыстоўваюць як сродак для паляпшэння стрававання, павышэння апетыту, ад спазмаў у страўніку, млоснасці, як заспакаяльнае пры нервовым узбуджэнні. Экстракт травы дабаўляюць у супрацьзапаленчыя мазі, ён уваходзіць у склад сардэчных прэпаратаў

Маліны звычайныя
(Rubus idaeus)

 

Плады валодаюць супрацьзапаленчым, гарачкапаніжальным і супрацьсклератычным дзеяннем. Яны карысныя як прафілактычны і лячэбны сродак пры парушэннях абмену рэчываў, захворваннях дыхальных шляхоў, гастрыце, энтэрыце, анеміі, гіпертаніі, цукровым дыябеце, экзэме

Зверабой прадзіраўлены
(Hypericum perforatum)

 

Прэпараты са сцёблаў з лістамі, кветкамі і пладамі шырока выкарыстоўваюцца пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, цукровым дыябеце, для загойвання ран, язваў, апёкаў, для лячэння хранічных стаматыту і гаймарыту. Адвар паскарае загойванне язваў страўніка і дванаццаціперснай кішкі, спыняе метэарызм

Дзівасіл высокі
(Inula helenium)

 

Настой з кораня ўжываецца як адхарквальны сродак пры вострых і хранічных захворваннях дыхальных шляхоў, а таксама пры паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку і запаленні слізістай абалонкі страўніка (гастрыце), язвавай хваробе, для лячэння захворванняў скуры і гнойных ран

Брусніцы звычайныя
(Vaccinium vitis-idaea)

 

Морс і сіроп з ягад выкарыстоўваюць пры гіпавітамінозах, траўмах, запаленчых працэсах, павышэнні тэмпературы цела, пасля аперацый і цяжкіх захворванняў. Вонкава сок ужываюць пры захворваннях вачэй і скуры