§ 17. Ядавітыя расліны
Ядавітыя расліны, якія часта сустракаюцца ў Беларусі
Беларускімі вучонымі складзены каталог ядавітых раслін, што растуць у нашай краіне. Пагрозу для здароўя чалавека могуць уяўляць знаёмыя і шырока распаўсюджаныя расліны. Для таго каб папярэдзіць выпадкі атручэння, неабходна ведаць, як выглядаюць ядавітыя расліны і якія сімптомы атручэння імі (гл. табл.).
Табліца. Ядавітыя расліны Беларусі
Расліна |
Сімптомы атручэння |
Цыкута ядавітая
|
Карэнішчы і карані расліны смяротна ядавітыя. Пасля ўжывання ў ежу сцёблаў з лістамі назіраюцца галаўны боль, млоснасць, ваніты, болі ў жываце. Лятальны канец магчымы ад спынення дыхання на фоне вострай сардэчнай недастатковасці |
Балігалоў рабы
|
Пасля ўжывання ў ежу сцёблаў з лістамі назіраюцца млоснасць, слінацячэнне, галавакружэнне, парушэнне глытання, маўлення, паблядненне і страта адчувальнасці скуры, прыгнечанне цэнтральнай нервовай сістэмы, параліч, расшырэнне зрэнак і адсутнасць рэакцыі на святло |
Дурнап’ян звычайны
|
Пры ўдыханні лятучых рэчываў кветак назіраюцца трызненне, галюцынацыі, якія могуць прывесці да псіхічнага расстройства. Сухасць у роце, расстройства глытання, крывавая дыярэя, парушэнне функцый ЦНС з’яўляюцца пры ўжыванні ў ежу любой часткі расліны. Цяжкае атручэнне можа прывесці да лятальнага канца |
Блёкат чорны
|
Усе часткі расліны ядавітыя. Назіраюцца сутаргі са стратай прытомнасці, павышаецца тэмпература. Магчымы лятальны канец. Пры паяданні алеістага насення назіраецца востры псіхоз з галюцынацыямі |
Казялец ядавіты
|
Пры пападанні соку расліны на скуру назіраецца хімічны апёк, а таксама пякота, рэзкі боль у вачах, пачуццё іншароднага цела, слёзацячэнне, часовая страта зроку. Пры высокай канцэнтрацыі яду ў крыві — трэмар, сутаргі, памутненне свядомасці. Пры ўдыханні лятучых рэчываў кветак — пяршэнне і пякота ў насаглотцы, моцны насмарк, чханне |
Ландыш майскі
|
Пры паглынанні пладоў (чырвоных ягад) назіраюцца бледнасць скуры, моцная млоснасць, болі ў жываце, неўтаймаваныя ваніты, рэзкая слабасць, санлівасць, галюцынацыі, парушэнне свядомасці. Пры моцным атручэнні можа адбыцца спыненне сэрца |
Воўчае лыка
|
Пры ўжыванні ўсіх частак расліны назіраюцца дыярэя, ваніты, гарачка, моцнае раздражненне скуры, якое можа прывесці да некрозу. Пры ўжыванні ягад расліны ўзнікае цяжкае пашкоджанне страўніка, кішэчніка і нырак, зніжаецца згусальнасць крыві, што можа прывесці да лятальнай кровастраты |
Бузіна чырвоная
|
Пасля паглынання пладоў назіраюцца галавакружэнне, дэзарыентацыя ў прасторы, млоснасць, ваніты, гарката ў роце, пяршэнне ў горле, болі ў жываце, дыярэя, павышанае слінавыдзяленне, пачашчэнне пульсу. Пры атручэнні тканкі арганізма адчуваюць кіслароднае галаданне |
Баршчэўнік Сасноўскага
|
Сок і раса расліны выклікаюць апёкі скуры аж да III ступені. Удыханне пылку ці эфірных масел выклікае распуханне гартані, удушша і можа прывесці да лятальнага канца. Сок ці пылок пры пападанні ў вочы здольныя выклікаць слепату |