§ 9. Паняцце пра асяроддзе жыцця. Воднае асяроддзе жыцця
Газавы рэжым воднага асяроддзя
У водным асяроддзі ўтрыманне кіслароду ў 20—30 разоў меншае, чым у паветры, таму ён часта становіцца лімітуючым фактарам. У насычанай кіслародам вадзе пры нізкай тэмпературы ўтрыманне яго дасягае 10 мл на 1 л вады.
Кісларод паступае ў ваду за кошт фотасінтэзу водных раслін і здольнасці кіслароду паветра растварацца ў вадзе. Верхнія пласты вады багацейшыя на кісларод, чым ніжнія. З павышэннем тэмпературы і салёнасці вады канцэнтрацыя кіслароду памяншаецца. Каля дна вадаёма кісларод можа наогул адсутнічаць з прычыны паглынання доннымі адкладамі.
Пры дэфіцыце кіслароду назіраюцца заморы (масавая гібель водных арганізмаў). Зімовыя заморы бываюць, калі вадаёмы пакрыты льдом. Летнія — калі пры высокай тэмпературы вады памяншаецца растваральнасць кіслароду і павялічваецца яго паглынанне доннымі адкладамі. Прычынай можа быць і павышэнне канцэнтрацыі таксічных газаў (метану, серавадароду), якія ўтвараюцца пры раскладанні адмерлых арганізмаў.
З прычыны зменлівасці канцэнтрацыі кіслароду большасць водных арганізмаў у адносінах да яго — эўрыбіёнты. Але ёсць і стэнабіёнты (фарэль, планарыя, лічынкі аўсянікаў і шыцікаў), якія не пераносяць недахопу кіслароду. Яны з’яўляюцца індыкатарамі высокага ўтрымання кіслароду ў вадаёме.
Вуглякіслы газ раствараецца ў вадзе ў 35 разоў лепш за кісларод, і яго канцэнтрацыя ў ёй у 700 разоў вышэйшая, чым у паветры. Марская вада — галоўны рэзервуар вуглякіслага газу на планеце: тут ён запасіцца дзякуючы дыханню водных арганізмаў, раскладанню арганічных рэшткаў. Вуглякіслы газ забяспечвае фотасінтэз водных раслін і выкарыстоўваецца пры ўтварэнні вапнавых шкілетаў беспазваночых жывёл.