§ 9. Паняцце пра асяроддзе жыцця. Воднае асяроддзе жыцця
- Успомніце, што абазначаюць паняцці «асяроддзе пражывання» і «навакольнае асяроддзе».
- Як вы думаеце? Якія экалагічныя фактары з’яўляюцца лімітуючымі ў водным асяроддзі?
- Вы даведаецеся пра паняцце «асяроддзе жыцця», пра асаблівасці тэмпературнага, светлавога, газавага і салявога рэжымаў у водным асяроддзі жыцця.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 9. Паняцце пра асяроддзе жыцця. Воднае асяроддзе жыцця |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 12 Июль 2025, 17:39 |
Прэамбула
Вам ужо вядома такое паняцце, як «асяроддзе пражывання», якое разглядалася ў § 2. Але ёсць яшчэ і паняцце «асяроддзе жыцця». Неабходна навучыцца іх адрозніваць. Што ж такое «асяроддзе жыцця»?
Асяроддзе жыцця — частка прыроды з асаблівым комплексам фактараў, для існавання ў якой у розных сістэматычных груп арганізмаў сфарміраваліся падобныя адаптацыі.
На Зямлі можна вылучыць чатыры асноўныя асяроддзі жыцця: воднае, наземна-паветранае, глебавае і жывы арганізм.
Воднае асяроддзе
Воднае асяроддзе займае прыблізна 71 % паверхні зямнога шара. Вада як асноўны кампанент воднага асяроддзя мае шэраг спецыфічных уласцівасцей: вялікая шчыльнасць, павелічэнне ціску з глыбінёй, высокая ўдзельная цеплаёмістасць, моцнае паглынанне сонечных прамянёў, адносна малое ўтрыманне кіслароду. Асобныя вадаёмы адрозніваюцца па салявым рэжыме, наяўнасці плыней і іншых параметрах.
Усе расліны воднага асяроддзя называюцца гідрафітамі (ад грэч. hýdōr — вада, phýtōn — расліна). Жывёльныя арганізмы, якія жывуць у водным асяроддзі, называюцца гідрабіёнтамі (ад грэч. hýdōr — вада, bíos — жыццё).
Шчыльнасць вады
Шчыльнасць вады — фактар, які вызначае ўмовы перамяшчэння водных арганізмаў і ціск на розных глыбінях. Шчыльнасць вады ў 800 разоў большая за шчыльнасць паветранага асяроддзя. Прэсная вада мае максімальную шчыльнасць пры +4 °С. У тоўшчы вады ціск узрастае на 1 атм кожныя 10 м глыбіні. Шмат якія водныя беспазваночныя жывёлы выкарыстоўваюць шчыльнасць вады ў якасці апоры, як умову для лунання ў вадзе. Наяўнасць паверхневага нацяжэння вады дазваляе некаторым водным беспазваночным перамяшчацца па воднай паверхні (вадамеры, вертуны).
Большасць гідрабіёнтаў з’яўляюцца эўрыбіёнтамі ў адносінах да шчыльнасці асяроддзя і могуць жыць на розных глыбінях (акулы, кіты, марскія касцявыя рыбы). Так, некаторыя віды чарвей могуць жыць як у прыбярэжнай зоне, так і на вялікіх глыбінях. Аднак некаторыя гідрабіёнты жывуць на пэўных глыбінях (камбала, скаты, крабы, ракі) і з’яўляюцца стэнабіёнтамі ў адносінах да шчыльнасці вады.
Тэмпературны рэжым воднага асяроддзя
У вадзе тэмпература змяняецца ў меншай ступені, чым на сушы, з прычыны высокай удзельнай цеплаёмістасці і цеплаправоднасці вады. Павышэнне тэмпературы паветра на 10 °C выклікае павышэнне тэмпературы вады на 1 °C. З глыбінёй тэмпература паступова зніжаецца. На вялікіх глыбінях тэмпературны рэжым адносна пастаянны (не вышэй за +4 °C). Паколькі ў водным асяроддзі тэмпература змяняецца ў вузкім дыяпазоне, то для большасці гідрабіёнтаў патрабуецца стабільная тэмпература. Павышэнне тэмпературы ў вадаёмах больш чым на на 5—6 °C, выкліканае скіданнем прадпрыемствамі цёплых сцёкавых вод, прыводзіць да рэзкага скарачэння відавой разнастайнасці іх жыхароў. Гідрабіёнты, здольныя існаваць пры значных ваганнях тэмпературы, сустракаюцца толькі ў мелкіх вадаёмах. З прычыны невялікага аб’ёму вады ў гэтых вадаёмах назіраюцца значныя сутачныя і сезонныя перапады тэмпературы (ад 0 да +36 °C).
Светлавы рэжым воднага асяроддзя
Святла ў вадзе менш, чым у паветры. Частка сонечных прамянёў адлюстроўваецца ад паверхні вады, а частка паглынаецца ў тоўшчы.
Фотасінтэзуючыя арганізмы ў чыстых водах мораў і акіянаў распаўсюджаны да глыбіні 200 м. У рэках гэты паказчык вагаецца ад 1,0 да 1,5 м і залежыць ад празрыстасці вады. Празрыстасць вады ў рэках і азёрах моцна зніжаецца з прычыны забруджвання суспензаванымі часцінкамі.
У водным асяроддзі з аўтатрофаў найбольш шырока прадстаўлены водарасці, з якімі вы пазнаёміліся ў курсе біялогіі 7-га класа.
Зялёныя водарасці змяшчаюць зялёны, аранжавы і жоўты пігменты. Яны здольныя да фотасінтэзу пры дастатковай інтэнсіўнасці сонечнага святла. Таму растуць у мелкіх прэсных вадаёмах або на марскім мелкаводдзі. Да зялёных водарасцей належаць: спірагіра, улотрыкс, ульва. Спірагіра расце толькі ў прэсных вадаёмах.
У бурых водарасцей, акрамя зялёнага, змяшчаюцца буры і жоўты пігменты. Яны здольныя ўлоўліваць менш інтэнсіўнае сонечнае выпраменьванне на глыбіні 40—100 м. Прадстаўнікамі бурых водарасцей з’яўляюцца ламінарыя і фукус, якія растуць толькі ў морах.
Чырвоныя водарасці (парфіра, філафора і інш.) могуць жыць на глыбіні да 200 м. Акрамя зялёнага, яны змяшчаюць чырвоны і сіні пігменты, здольныя ўлоўліваць нават нязначнае святло.
Газавы рэжым воднага асяроддзя
У водным асяроддзі ўтрыманне кіслароду ў 20—30 разоў меншае, чым у паветры, таму ён часта становіцца лімітуючым фактарам. У насычанай кіслародам вадзе пры нізкай тэмпературы ўтрыманне яго дасягае 10 мл на 1 л вады.
Кісларод паступае ў ваду за кошт фотасінтэзу водных раслін і здольнасці кіслароду паветра растварацца ў вадзе. Верхнія пласты вады багацейшыя на кісларод, чым ніжнія. З павышэннем тэмпературы і салёнасці вады канцэнтрацыя кіслароду памяншаецца. Каля дна вадаёма кісларод можа наогул адсутнічаць з прычыны паглынання доннымі адкладамі.
Пры дэфіцыце кіслароду назіраюцца заморы (масавая гібель водных арганізмаў). Зімовыя заморы бываюць, калі вадаёмы пакрыты льдом. Летнія — калі пры высокай тэмпературы вады памяншаецца растваральнасць кіслароду і павялічваецца яго паглынанне доннымі адкладамі. Прычынай можа быць і павышэнне канцэнтрацыі таксічных газаў (метану, серавадароду), якія ўтвараюцца пры раскладанні адмерлых арганізмаў.
З прычыны зменлівасці канцэнтрацыі кіслароду большасць водных арганізмаў у адносінах да яго — эўрыбіёнты. Але ёсць і стэнабіёнты (фарэль, планарыя, лічынкі аўсянікаў і шыцікаў), якія не пераносяць недахопу кіслароду. Яны з’яўляюцца індыкатарамі высокага ўтрымання кіслароду ў вадаёме.
Вуглякіслы газ раствараецца ў вадзе ў 35 разоў лепш за кісларод, і яго канцэнтрацыя ў ёй у 700 разоў вышэйшая, чым у паветры. Марская вада — галоўны рэзервуар вуглякіслага газу на планеце: тут ён запасіцца дзякуючы дыханню водных арганізмаў, раскладанню арганічных рэшткаў. Вуглякіслы газ забяспечвае фотасінтэз водных раслін і выкарыстоўваецца пры ўтварэнні вапнавых шкілетаў беспазваночых жывёл.
Салявы рэжым воднага асяроддзя
Салёнасць вады адыгрывае важную ролю ў жыцці гідрабіёнтаў. Прыродныя воды па ўтрыманні солей падзяляюць на групы, прыведзеныя ў табліцы.
Табліца. Салёнасць прыродных вод
Тып прыродных вод |
Утрыманне солей, г/л |
Прэсныя Саланаватыя Салёныя |
Менш за 0,5 0,5—16 Больш за 16 |
У Сусветным акіяне салёнасць складае ў сярэднім 35 г/л. Самае высокае ўтрыманне солей у салёных азёрах (да 370 г/л). Тыповыя жыхары прэсных і салёных вод з’яўляюцца стэнабіёнтамі. Яны не пераносяць ваганняў салёнасці вады. Эўрыбіёнтаў параўнальна няшмат (вугор, колюшка, ласось). Яны могуць жыць як у прэснай, так і ў салёнай вадзе.
Паўторым галоўнае. На планеце Зямля вылучаюць чатыры асноўныя асяроддзі жыцця: воднае, наземна-паветранае, глебавае і жывы арганізм. Воднае асяроддзе мае вялікую шчыльнасць, высокую ўдзельную цеплаёмістасць, моцна паглынае сонечныя прамяні, змяшчае адносна малую колькасць кіслароду, але шмат вуглякіслага газу, ціск павялічваецца з глыбінёй. Шчыльнасць вады ў 800 разоў большая за шчыльнасць паветранага асяроддзя. У водным асяроддзі лімітуючым фактарам з’яўляецца кісларод. Тэмпературны рэжым у вадзе адносна пастаянны. Фотасінтэзуючыя арганізмы ў чыстых водах мораў і акіянаў распаўсюджаны да глыбіні 200 м. Па ўтрыманні солей прыродныя воды падзяляюць на тры групы: прэсныя, саланаватыя і салёныя.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Дайце азначэнне паняцця «асяроддзе жыцця». Чым гэта паняцце адрозніваецца ад паняцця «асяроддзе пражывання»? Якія асяроддзі жыцця можна вылучыць на планеце Зямля?
2. Назавіце прычыны зімовых і летніх замораў рыб. Прапануйце план мерапрыемстваў, якія дазваляюць іх прадухіляць.
3. Да якой глыбіні могуць быць распаўсюджаны фотасінтэзуючыя арганізмы ў морах і акіянах? Чаму?
4. Якія пігменты дазваляюць фотасінтэзаваць водарасцям, якія жывуць на рознай глыбіні мораў і акіянаў? Чым абумоўлена іх адрозненне?
Складаныя пытанні
1. Назавіце крыніцы кіслароду і вуглякіслага газу ў вадзе. Утрыманне якога з газаў з’яўляецца лімітуючым фактарам і чаму?
*2. Размяркуйце наступных жывёл па іх асяроддзях жыцця: мядзведзь буры, цэпень бычыны, крот, дэльфін, лось, кажан, кіт, вярблюд, бегемот, воласагалоў.
*3. Выберыце тры дакладныя адказы, у якіх паказаны характарыстыкі воднага асяроддзя: 1) вялікае ўтрыманне кіслароду; 2) высокая шчыльнасць; 3) слабыя перапады ціску; 4) высокая ступень празрыстасці; 5) невялікія змяненні тэмпературы; 6) нізкая ступень асветленасці.
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Ацаніце ўмовы жыцця арганізмаў у бліжэйшым вадаёме. Які з фактараў асяроддзя, на ваш погляд, з’яўляецца лімітуючым? Складзіце праект па паляпшэнні стану асяроддзя ў дадзеным вадаёме.