§ 9. Паняцце пра асяроддзе жыцця. Воднае асяроддзе жыцця
Светлавы рэжым воднага асяроддзя
Святла ў вадзе менш, чым у паветры. Частка сонечных прамянёў адлюстроўваецца ад паверхні вады, а частка паглынаецца ў тоўшчы.
Фотасінтэзуючыя арганізмы ў чыстых водах мораў і акіянаў распаўсюджаны да глыбіні 200 м. У рэках гэты паказчык вагаецца ад 1,0 да 1,5 м і залежыць ад празрыстасці вады. Празрыстасць вады ў рэках і азёрах моцна зніжаецца з прычыны забруджвання суспензаванымі часцінкамі.
У водным асяроддзі з аўтатрофаў найбольш шырока прадстаўлены водарасці, з якімі вы пазнаёміліся ў курсе біялогіі 7-га класа.
Зялёныя водарасці змяшчаюць зялёны, аранжавы і жоўты пігменты. Яны здольныя да фотасінтэзу пры дастатковай інтэнсіўнасці сонечнага святла. Таму растуць у мелкіх прэсных вадаёмах або на марскім мелкаводдзі. Да зялёных водарасцей належаць: спірагіра, улотрыкс, ульва. Спірагіра расце толькі ў прэсных вадаёмах.
У бурых водарасцей, акрамя зялёнага, змяшчаюцца буры і жоўты пігменты. Яны здольныя ўлоўліваць менш інтэнсіўнае сонечнае выпраменьванне на глыбіні 40—100 м. Прадстаўнікамі бурых водарасцей з’яўляюцца ламінарыя і фукус, якія растуць толькі ў морах.
Чырвоныя водарасці (парфіра, філафора і інш.) могуць жыць на глыбіні да 200 м. Акрамя зялёнага, яны змяшчаюць чырвоны і сіні пігменты, здольныя ўлоўліваць нават нязначнае святло.