§ 27-3. Перабудова ў СССР і яе вынікі

3. Стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў і ўтварэнне незалежных постсавецкіх дзяржаў

Восьмага снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы кіраўнікі Расіі (прэзідэнт Б. М. Ельцын), Беларусі (старшыня Вярхоўнага Савета С. С. Шушкевіч) і Украіны (прэзідэнт Л. М. Краўчук) заявілі аб выхадзе з саюзнага дагавора 1922 г. і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). 21 снежня 1991 г. РСФСР, Украіна, Беларусь, Казахстан, Арменія, Кіргізія, Азербайджан, Малдавія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан падпісалі Дэкларацыю аб утварэнні СНД.

Удзень 25 снежня 1991 г. РСФСР была перайменавана ў Расійскую Федэрацыю, а ўвечары М. С. Гарбачоў падпісаў дакумент аб сваёй адстаўцы з пасады прэзідэнта СССР. «Ядзерны чамаданчык» ён перадаў прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Б. М. Ельцыну. Пасля гэтага былы кіраўнік вялікай дзяржавы патэлефанаваў прэзідэнту ЗША Д. Бушу і сказаў яму, што той можа спаць спакойна. 26 снежня Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР прыняў дэкларацыю аб спыненні існавання СССР. Сцяг СССР на флагштоку Крамля быў заменены на расійскі трыкалор.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У. У. Пуцін ацаніў распад СССР як адну з самых трагічных падзей сусветнай гісторыі.

Вось толькі асноўныя, агульнапрызнаныя вынікі распаду СССР:

  • рэзкае скарачэнне вытворчасці ва ўсіх краінах былога СССР і падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва;
  • узнікненне шматлікіх нацыянальных канфліктаў і з’яўленне тэрытарыяльных прэтэнзій паміж былымі рэспублікамі СССР;
  • паскарэнне працэсаў глабалізацыі, якія ператварылі свет у адзіную палітычную, інфармацыйную, эканамічную сістэму;
  • усталяванне аднапалярнага свету на чале з адзінай звышдзяржавай — Злучанымі Штатамі Амерыкі.