Печатать книгуПечатать книгу

§ 27-3. Перабудова ў СССР і яе вынікі

Ключавая ідэя: крызісныя з’явы, якія выявіліся ў СССР, патрабавалі неабходнасці перамен, аднак перабудова, пачаўшыся як спроба ўдасканалення сацыялістычнай сістэмы, прывяла да распаду СССР.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 27-3. Перабудова ў СССР і яе вынікі
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:44

1. Перабудова: вытокі, прычыны, мэты

У 1985 г. генеральным сакратаром ЦК КПСС быў абраны М. С. Гарбачоў. Першыя крокі Гарбачова ішлі ў агульным рэчышчы мер, прынятых раней Ю. В. Андропавым: барацьба з карупцыяй і бюракратызмам сярод высокапастаўленых чыноўнікаў. Акрамя таго, да 1987 г. у сувязі з узростам была заменена большая частка чыноўнікаў, прызначаных пры Брэжневе. Такім чынам, вышэйшае звяно савецкай эліты было хутка абноўлена, заменена на тых, хто лаяльна ставіўся да перабудовачных ідэй, агучаных Гарбачовым.

Былі абазначаны наступныя стратэгічныя эканамічныя мэты «палітыкі паскарэння», якая праводзілася Гарбачовым: павышэнне прадукцыйнасці працы, мадэрнізацыя вытворчасці. Сярод метадаў па дасягненні пастаўленых мэт было ўзмацненне жорсткасці працоўнай дысцыпліны, павышэнне адказнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Аднак «палітыка паскарэння» правалілася, дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту павялічыўся ўтрая, знешняя запазычанасць з 1985 па 1986 г. вырасла з 27,2 млрд да 39,4 млрд долараў.

У рамках перабудовы эканомікі прапанавалася ўвядзенне элементаў рыначных адносін. Прадпрыемствы пераводзіліся на самаакупнасць і гасразлік, што павінна было падштурхнуць іх да ўкаранення новых тэхналогій, стварыць стымулы да павышэння прадукцыйнасці працы. Пасля выканання дзяржзаказу прадпрыемства магло само рэалізаваць прадукцыю, у тым ліку і на замежныя рынкі. Райкамы і абкамы партыі больш не маглі ўмешвацца ў дзейнасць прадпрыемстваў. З 1988 г. дазвалялася прыватнае прадпрымальніцтва і фермерства.

У выніку эканамічнае становішча СССР рэзка пагоршылася: скарацілася аграрная і прамысловая вытворчасць, адзначаліся інфляцыя, дэфіцыт бюджэту, абвастрылася праблема недахопу тавараў першай неабходнасці.

Квітнела ценевая эканоміка. Сродкі прадпрыемстваў іх дырэктарамі пераводзіліся на рахункі створаных імі ж кааператываў, якія не займаліся вытворчасцю, а гандлявалі дэфіцытнымі таварамі масавага попыту па кааператыўных, не рэгламентаваных дзяржавай, цэнах. У 1989 г. па краіне пракацілася хваля забастовак. У снежні 1990 г. кіраўнік урада М. І. Рыжкоў прызнаў правал перабудовы і падаў у адстаўку.

У палітычнай сферы праводзілася палітыка галоснасці, пад якой разумелася, што сродкі масавай інфармацыі будуць больш падрабязна інфармаваць грамадства аб дзейнасці кіраўніцтва СССР, існуючых праблемах. У грамадстве сталі абмяркоўвацца праблемы прывілеяў наменклатуры, уводу войскаў у Венгрыю, Чэхаславакію, Афганістан. У 1987 г. была створана камісія па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, якая ажыццявіла нашмат больш шырокую, чым у часы Хрушчова, рэабілітацыю ахвяр рэпрэсій 1930—1950-х гг. Публікаваліся раней засакрэчаныя архіўныя матэрыялы. З’явіліся публікацыі, накіраваныя на перагляд гісторыі, разбурэнне стэрэатыпаў грамадскай свядомасці.

2. Паглыбленне крызісу савецкага грамадства і распад СССР

Эканамічныя цяжкасці СССР былі абумоўлены «халоднай вайной», неабходнасцю падтрымання ваеннага парытэту з ЗША і дапамогай саюзным рэспублікам. У 1987—1988 гг. Гарбачоў прапанаваў ідэю «новага палітычнага мыслення», якое прадугледжвала неабходнасць пошуку кампрамісаў з ЗША ў інтарэсах усіх народаў і дзяржаў, скарачэнне ўзбраенняў ажно да ліквідацыі ядзернай зброі.

Дыскусійным застаецца пытанне: чаму саступкі СССР ва Усходняй Еўропе, згода на аб’яднанне Германіі не былі аплачаны адпаведнымі саступкамі з боку краін НАТА ў ваенна-палітычных і эканамічных пытаннях. Гэтае пытанне актуалізавалася ў канцы 1990-х гг., калі НАТА стала пашырацца на Усход.

Спроба выхаду з эканамічнага крызісу была зроблена за кошт даходаў насельніцтва. Рост цэн прывёў да рэзкага падзення ўзроўню жыцця людзей. Пачаліся забастоўкі.

Адной з ключавых прычын распаду СССР стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС 27 красавіка 1986 г., якая падарвала аўтарытэт улады, нанесла ўдар па здароўі насельніцтва. Ліквідацыя наступстваў гэтай аварыі падарвала эканоміку краіны.

У 1988 г. на Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі Гарбачоў заклікаў грамадства да стварэння прававой дзяржавы, заснаванай на раздзяленні ўлад, да вызвалення КПСС ад адміністрацыйна-гаспадарчых функцый. У выніку пераходу многіх партыйных чыноўнікаў у дзяржструктуры ў 1989—1990 гг. КПСС страціла чвэрць сваіх членаў.

У 1990 г. на III з’ездзе народных дэпутатаў быў заснаваны пост Прэзідэнта СССР і адменены шосты артыкул канстытуцыі, які замацоўваў кіруючую ролю КПСС у грамадстве, усталёўвалася шматпартыйная сістэма.

Аднак у арміі, у дзяржапараце і ў партыйных органах узрастала і незадаволенасць курсам Гарбачова, які відавочна выклікаў эканамічны крызіс у СССР і падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва. У студзені 1987 г. у газеце «Савецкая Расія» выйшаў артыкул ленінградскага выкладчыка Н. А. Андрэевай «Не магу адступацца ад прынцыпаў».

У 1988 г. адбылося ўзброенае сутыкненне паміж армянамі і азербайджанцамі ў аўтаномнай вобласці Азербайджана Нагорны Карабах. У 1988—1989 гг. Латвія, Літва і Эстонія выступілі за выхад са складу СССР.

Склаліся ачагі напружанасці ва Узбекістане, Паўднёвай Асеціі, Грузіі, пачалося выцісканне некарэннага рускага насельніцтва з нацыянальных рэспублік. У адказ на рост нацыяналізму Прыднястроўе, дзе пераважала рускае насельніцтва, аб’явіла аб выхадзе са складу Малдавіі і далучэнні да РСФСР.

Справа дайшла да задушэння ваеннай сілай выступленняў прыхільнікаў незалежнасці ў красавіку 1989 г. у Грузіі, у студзені 1990 г. у Азербайджане, у студзені 1991 г. — у Літве і Латвіі.

У сакавіку — чэрвені 1990 г. дэкларацыі аб суверэнітэце прынялі Вярхоўныя Саветы Грузіі, Эстоніі, Латвіі. Вярхоўны Савет РСФСР заявіў аб дзяржаўнай незалежнасці Расійскай Федэрацыі 12 чэрвеня 1990 г. Абвяшчэнне суверэнітэту Расіі было ключавой падзеяй у працэсе распаду Савецкага Саюза. Пасля аб незалежнасці аб’явілі Узбекістан, Малдавія, Украіна, Туркменія, Арменія, Казахстан, Таджыкістан, Беларусь.

У сакавіку 1991 г. быў праведзены ўсенародны рэферэндум, які паказаў, што грамадзяне СССР не хочуць яго распаду, у красавіку 1991 г. дзевяць з пятнаццаці саюзных рэспублік (РСФСР, Украіна, Беларусь, Азербайджан, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Туркменія, Кіргізія) прынялі рашэнне заключыць новы саюзны дагавор. Аднак у Маскве адбылася спроба дзяржперавароту з мэтай не дапусціць распаду СССР. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы, створаны ў жніўні 1991 г., адхіліў ад улады Гарбачова, які знаходзіўся на ўрадавай дачы ў Фаросе (Крым). Аднак выступленне, не падтрыманае насельніцтвам, аказалася няўдалым, і яго арганізатары былі арыштаваны.

24 жніўня 1991 г. М. С. Гарбачоў заявіў аб складанні з сябе функцый Генеральнага сакратара ЦК КПСС і роспуску кампартыі. Гарбачоў быў гатовы заключыць новы саюзны дагавор, надаўшы саюзу форму канфедэрацыі, захаваўшы цэнтральную прэзідэнцкую ўладу. Аднак супраць гэтага праекта выступіла Украіна. У снежні 1991 г. ва Украіне прайшоў рэферэндум, згодна з якім каля 90 % украінцаў прагаласавалі за незалежнасць. Прэзідэнтам быў абраны Л. М. Краўчук, які заявіў аб выхадзе з дагавора 1922 г. Стыхійны распад СССР пачаўся.

3. Стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў і ўтварэнне незалежных постсавецкіх дзяржаў

Восьмага снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы кіраўнікі Расіі (прэзідэнт Б. М. Ельцын), Беларусі (старшыня Вярхоўнага Савета С. С. Шушкевіч) і Украіны (прэзідэнт Л. М. Краўчук) заявілі аб выхадзе з саюзнага дагавора 1922 г. і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). 21 снежня 1991 г. РСФСР, Украіна, Беларусь, Казахстан, Арменія, Кіргізія, Азербайджан, Малдавія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан падпісалі Дэкларацыю аб утварэнні СНД.

Удзень 25 снежня 1991 г. РСФСР была перайменавана ў Расійскую Федэрацыю, а ўвечары М. С. Гарбачоў падпісаў дакумент аб сваёй адстаўцы з пасады прэзідэнта СССР. «Ядзерны чамаданчык» ён перадаў прэзідэнту Расійскай Федэрацыі Б. М. Ельцыну. Пасля гэтага былы кіраўнік вялікай дзяржавы патэлефанаваў прэзідэнту ЗША Д. Бушу і сказаў яму, што той можа спаць спакойна. 26 снежня Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР прыняў дэкларацыю аб спыненні існавання СССР. Сцяг СССР на флагштоку Крамля быў заменены на расійскі трыкалор.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У. У. Пуцін ацаніў распад СССР як адну з самых трагічных падзей сусветнай гісторыі.

Вось толькі асноўныя, агульнапрызнаныя вынікі распаду СССР:

  • рэзкае скарачэнне вытворчасці ва ўсіх краінах былога СССР і падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва;
  • узнікненне шматлікіх нацыянальных канфліктаў і з’яўленне тэрытарыяльных прэтэнзій паміж былымі рэспублікамі СССР;
  • паскарэнне працэсаў глабалізацыі, якія ператварылі свет у адзіную палітычную, інфармацыйную, эканамічную сістэму;
  • усталяванне аднапалярнага свету на чале з адзінай звышдзяржавай — Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Пытанні

1. Якія фактары абумовілі крызіс савецкай сістэмы? Дакажыце, што крызіс меў агульнасістэмны характар.

2. Якія мерапрыемствы былі праведзены ў ходзе перабудовы ў сферы эканомікі, у сферы палітыкі? Ці можна перабудову разглядаць як заканамерны працэс развіцця савецкай дзяржавы?

3.   Якія дасягненні перыяду перабудовы з’яўляюцца, на ваш погляд, найбольш важнымі? Чаму перабудова, пачаўшыся як спроба ўдасканалення сістэмы, прывяла да распаду СССР?

4. Параўнайце мэты, якія ставіў М. С. Гарбачоў, пачынаючы перабудову, і яе вынікі. Чаму перабудовачныя працэсы набылі некіруемы характар і вызначылі яе незваротнасць?

5. Калі і з якой мэтай утворана Садружнасць Незалежных Дзяржаў? Як развіваецца супрацоўніцтва ў рамках СНД сёння?

6.   Вызначце геапалітычныя наступствы распаду СССР. Як гэтую падзею ацэньвалі ў той час і ацэньваюць цяпер розныя палітычныя дзеячы?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне