§ 27-3. Перабудова ў СССР і яе вынікі

2. Паглыбленне крызісу савецкага грамадства і распад СССР

Эканамічныя цяжкасці СССР былі абумоўлены «халоднай вайной», неабходнасцю падтрымання ваеннага парытэту з ЗША і дапамогай саюзным рэспублікам. У 1987—1988 гг. Гарбачоў прапанаваў ідэю «новага палітычнага мыслення», якое прадугледжвала неабходнасць пошуку кампрамісаў з ЗША ў інтарэсах усіх народаў і дзяржаў, скарачэнне ўзбраенняў ажно да ліквідацыі ядзернай зброі.

Дыскусійным застаецца пытанне: чаму саступкі СССР ва Усходняй Еўропе, згода на аб’яднанне Германіі не былі аплачаны адпаведнымі саступкамі з боку краін НАТА ў ваенна-палітычных і эканамічных пытаннях. Гэтае пытанне актуалізавалася ў канцы 1990-х гг., калі НАТА стала пашырацца на Усход.

Спроба выхаду з эканамічнага крызісу была зроблена за кошт даходаў насельніцтва. Рост цэн прывёў да рэзкага падзення ўзроўню жыцця людзей. Пачаліся забастоўкі.

Адной з ключавых прычын распаду СССР стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС 27 красавіка 1986 г., якая падарвала аўтарытэт улады, нанесла ўдар па здароўі насельніцтва. Ліквідацыя наступстваў гэтай аварыі падарвала эканоміку краіны.

У 1988 г. на Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі Гарбачоў заклікаў грамадства да стварэння прававой дзяржавы, заснаванай на раздзяленні ўлад, да вызвалення КПСС ад адміністрацыйна-гаспадарчых функцый. У выніку пераходу многіх партыйных чыноўнікаў у дзяржструктуры ў 1989—1990 гг. КПСС страціла чвэрць сваіх членаў.

У 1990 г. на III з’ездзе народных дэпутатаў быў заснаваны пост Прэзідэнта СССР і адменены шосты артыкул канстытуцыі, які замацоўваў кіруючую ролю КПСС у грамадстве, усталёўвалася шматпартыйная сістэма.

Аднак у арміі, у дзяржапараце і ў партыйных органах узрастала і незадаволенасць курсам Гарбачова, які відавочна выклікаў эканамічны крызіс у СССР і падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва. У студзені 1987 г. у газеце «Савецкая Расія» выйшаў артыкул ленінградскага выкладчыка Н. А. Андрэевай «Не магу адступацца ад прынцыпаў».

У 1988 г. адбылося ўзброенае сутыкненне паміж армянамі і азербайджанцамі ў аўтаномнай вобласці Азербайджана Нагорны Карабах. У 1988—1989 гг. Латвія, Літва і Эстонія выступілі за выхад са складу СССР.

Склаліся ачагі напружанасці ва Узбекістане, Паўднёвай Асеціі, Грузіі, пачалося выцісканне некарэннага рускага насельніцтва з нацыянальных рэспублік. У адказ на рост нацыяналізму Прыднястроўе, дзе пераважала рускае насельніцтва, аб’явіла аб выхадзе са складу Малдавіі і далучэнні да РСФСР.

Справа дайшла да задушэння ваеннай сілай выступленняў прыхільнікаў незалежнасці ў красавіку 1989 г. у Грузіі, у студзені 1990 г. у Азербайджане, у студзені 1991 г. — у Літве і Латвіі.

У сакавіку — чэрвені 1990 г. дэкларацыі аб суверэнітэце прынялі Вярхоўныя Саветы Грузіі, Эстоніі, Латвіі. Вярхоўны Савет РСФСР заявіў аб дзяржаўнай незалежнасці Расійскай Федэрацыі 12 чэрвеня 1990 г. Абвяшчэнне суверэнітэту Расіі было ключавой падзеяй у працэсе распаду Савецкага Саюза. Пасля аб незалежнасці аб’явілі Узбекістан, Малдавія, Украіна, Туркменія, Арменія, Казахстан, Таджыкістан, Беларусь.

У сакавіку 1991 г. быў праведзены ўсенародны рэферэндум, які паказаў, што грамадзяне СССР не хочуць яго распаду, у красавіку 1991 г. дзевяць з пятнаццаці саюзных рэспублік (РСФСР, Украіна, Беларусь, Азербайджан, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Туркменія, Кіргізія) прынялі рашэнне заключыць новы саюзны дагавор. Аднак у Маскве адбылася спроба дзяржперавароту з мэтай не дапусціць распаду СССР. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы, створаны ў жніўні 1991 г., адхіліў ад улады Гарбачова, які знаходзіўся на ўрадавай дачы ў Фаросе (Крым). Аднак выступленне, не падтрыманае насельніцтвам, аказалася няўдалым, і яго арганізатары былі арыштаваны.

24 жніўня 1991 г. М. С. Гарбачоў заявіў аб складанні з сябе функцый Генеральнага сакратара ЦК КПСС і роспуску кампартыі. Гарбачоў быў гатовы заключыць новы саюзны дагавор, надаўшы саюзу форму канфедэрацыі, захаваўшы цэнтральную прэзідэнцкую ўладу. Аднак супраць гэтага праекта выступіла Украіна. У снежні 1991 г. ва Украіне прайшоў рэферэндум, згодна з якім каля 90 % украінцаў прагаласавалі за незалежнасць. Прэзідэнтам быў абраны Л. М. Краўчук, які заявіў аб выхадзе з дагавора 1922 г. Стыхійны распад СССР пачаўся.