§ 27-3. Перабудова ў СССР і яе вынікі
1. Перабудова: вытокі, прычыны, мэты
У 1985 г. генеральным сакратаром ЦК КПСС быў абраны М. С. Гарбачоў. Першыя крокі Гарбачова ішлі ў агульным рэчышчы мер, прынятых раней Ю. В. Андропавым: барацьба з карупцыяй і бюракратызмам сярод высокапастаўленых чыноўнікаў. Акрамя таго, да 1987 г. у сувязі з узростам была заменена большая частка чыноўнікаў, прызначаных пры Брэжневе. Такім чынам, вышэйшае звяно савецкай эліты было хутка абноўлена, заменена на тых, хто лаяльна ставіўся да перабудовачных ідэй, агучаных Гарбачовым.
Былі абазначаны наступныя стратэгічныя эканамічныя мэты «палітыкі паскарэння», якая праводзілася Гарбачовым: павышэнне прадукцыйнасці працы, мадэрнізацыя вытворчасці. Сярод метадаў па дасягненні пастаўленых мэт было ўзмацненне жорсткасці працоўнай дысцыпліны, павышэнне адказнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў.
Аднак «палітыка паскарэння» правалілася, дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту павялічыўся ўтрая, знешняя запазычанасць з 1985 па 1986 г. вырасла з 27,2 млрд да 39,4 млрд долараў.
У рамках перабудовы эканомікі прапанавалася ўвядзенне элементаў рыначных адносін. Прадпрыемствы пераводзіліся на самаакупнасць і гасразлік, што павінна было падштурхнуць іх да ўкаранення новых тэхналогій, стварыць стымулы да павышэння прадукцыйнасці працы. Пасля выканання дзяржзаказу прадпрыемства магло само рэалізаваць прадукцыю, у тым ліку і на замежныя рынкі. Райкамы і абкамы партыі больш не маглі ўмешвацца ў дзейнасць прадпрыемстваў. З 1988 г. дазвалялася прыватнае прадпрымальніцтва і фермерства.
У выніку эканамічнае становішча СССР рэзка пагоршылася: скарацілася аграрная і прамысловая вытворчасць, адзначаліся інфляцыя, дэфіцыт бюджэту, абвастрылася праблема недахопу тавараў першай неабходнасці.
Квітнела ценевая эканоміка. Сродкі прадпрыемстваў іх дырэктарамі пераводзіліся на рахункі створаных імі ж кааператываў, якія не займаліся вытворчасцю, а гандлявалі дэфіцытнымі таварамі масавага попыту па кааператыўных, не рэгламентаваных дзяржавай, цэнах. У 1989 г. па краіне пракацілася хваля забастовак. У снежні 1990 г. кіраўнік урада М. І. Рыжкоў прызнаў правал перабудовы і падаў у адстаўку.
У палітычнай сферы праводзілася палітыка галоснасці, пад якой разумелася, што сродкі масавай інфармацыі будуць больш падрабязна інфармаваць грамадства аб дзейнасці кіраўніцтва СССР, існуючых праблемах. У грамадстве сталі абмяркоўвацца праблемы прывілеяў наменклатуры, уводу войскаў у Венгрыю, Чэхаславакію, Афганістан. У 1987 г. была створана камісія па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, якая ажыццявіла нашмат больш шырокую, чым у часы Хрушчова, рэабілітацыю ахвяр рэпрэсій 1930—1950-х гг. Публікаваліся раней засакрэчаныя архіўныя матэрыялы. З’явіліся публікацыі, накіраваныя на перагляд гісторыі, разбурэнне стэрэатыпаў грамадскай свядомасці.