§ 27-2. СССР у 1945 — пачатку 1980-х гг.: палітычнае развіццё
2. Спробы дэмакратызацыі палітычнай сістэмы
Перыяд у гісторыі СССР з сярэдзіны 1950-х да сярэдзіны 1960-х гг. мае назву «хрушчоўская адліга». Перайграўшы сваіх сапернікаў, першым сакратаром ЦК КПСС 7 верасня 1953 г. стаў М. С. Хрушчоў. Сам тэрмін стаў ужывацца пасля выдання вядомым савецкім пісьменнікам І. Р. Эрэнбургам аповесці «Адліга». Асноўная ідэя аповесці заключалася ў тым, што пры Сталіне была «зіма», а пры Хрушчове надышла «адліга».
Дадзены перыяд прынята характарызаваць як пазітыўныя змены ў савецкім грамадстве. Аднак да гэтага часу пытанне «хрушчоўскай адлігі» застаецца дыскусійным. Гэта датычыцца рэабілітацыі ахвяр ГУЛАГа. Але трэба разумець, што, як і дэсталінізацыя, рэабілітацыя была павярхоўнай, на волю выйшлі далёка не ўсе палітычныя зняволеныя.
Сістэма сацыялістычнага грамадства, прынцыпы развіцця эканомікі і многія іншыя пытанні не змяніліся. Праблему «хрушчоўскай адлігі» варта разглядаць перш за ўсё з пункта гледжання барацьбы за ўладу пасля смерці Сталіна, якую выйграў Хрушчоў. Ён і прывёў да ўлады свае кадры, каб утрымаць уладу. І каб легітымна правесці масавую кадравую чыстку, была патрэбная дэсталінізацыя.
У ліку першых ініцыятыў Хрушчова ў палітычнай сферы была рэарганізацыя ў красавіку 1954 г. Міністэрства дзяржбяспекі ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі пры Саўміне СССР, якая суправаджалася значнай зменай кадраў. М. С. Хрушчоў забеспечыў вяртанне цэнтра ўлады ў партыйна-дзяржаўны апарат, умацаваў яго значнасць. Усе змены на партыйным узроўні вяліся выключна для ўмацавання асабістай улады М. С. Хрушчова.
Рэальнай дэмакратызацыі органаў кіравання СССР не адбылося. Ажыццяўляліся перастаноўкі кадраў, якія прывялі да кіравання краінай выключна прыхільнікаў Хрушчова. Такім чынам, сталінская вертыкаль улады была заменена хрушчоўскай гарызанталлю, пры якой лідары і кіраўніцтва краіны назаўсёды ўтрымлівалі свае пазіцыі, а новым таленавітым людзям падняцца да вершыні ўлады было практычна немагчыма. Эліта, якая падтрымала Хрушчова, атрымала гарантыі захавання сваіх пасад, чаго не было раней. У выніку эліта стала на бок Хрушчова. У гэтым крыецца адна з прычын наступнай герантакратыі — «улады старых» у СССР. Пытанне «адлігі», змены сістэмы ўлады, што адбылася пры Хрушчове, — гэта пытанне вывучэння прычын распаду Савецкага Саюза.
«Адліга» шмат у чым закранула культурную сферу жыцця. Сталі публікаваць творы Ясеніна, Ахматавай, Зошчанкі. Аднак свабода слова ў друку праявілася ў абмежаваным маштабе. Яна не закранула, напрыклад, вядомы раман Б. Пастарнака «Доктар Жывага» аб гібелі Расіі і яе інтэлігенцыі ў гады Грамадзянскай вайны. Можна было крытыкаваць толькі сталінскую сістэму кіравання і ранейшую савецкую мадэль, але не новую ўладу і Хрушчова.
У 1957 г. адбыўся Міжнародны фестываль моладзі і студэнтаў — адна са знакавых падзей хрушчоўскай адлігі. Запрашэнне прадстаўнікоў замежжа стала адной з перадумоў падзення железнай заслоны.