§ 27-1. СССР у 1945 — першай палове 1980-х гг.: эканамічнае
5. Ценевая эканоміка
Гэта даволі складаная і недастаткова вывучаная з’ява. У даваенны перыяд яна фактычна адсутнічала. Пачала расці пры М. С. Хрушчове і буйна расквітнела пры Л. І. Брэжневе. Менавіта ў эпоху Брэжнева склаўся так званы «ценевы сектар эканомікі».
Галоўная прычына гэтай з’явы была відавочнай. Савецкае заканадаўства забараняла ўсялякую прыватную прадпрымальніцкую дзейнасць, якая прыносіла даход. Да гэтага варта дадаць таксама адсутнасць у савецкім грамадстве значных матэрыяльных стымулаў да працы, а таксама дэфіцыт многіх тавараў і прадуктаў. У дадзеных умовах асобныя несумленныя людзі, якія мелі доступ да матэрыяльных каштоўнасцей або сродкаў вытворчасці, сталі займацца падпольнай вытворчасцю альбо продажам няўлічаных сыравіны і прадукцыі. Такая незаконная дзейнасць, а дакладней, махлярства і крадзеж, прыносіла ім вялізныя даходы.
Для многіх «дзелавых людзей» ценевая эканоміка стала па сутнасці сферай прафесійнай дзейнасці. Па звестках праваахоўных органаў, з 1970-х гг. пачаліся масавыя крадзяжы і прыпіскі ў справаздачнасці практычна ва ўсіх галінах савецкай эканомікі. Да пачатку 1980-х гг. у будаўніцтве яны дасягнулі 70 % ад кошту фактычна зробленых работ, у здабыўнай прамысловасці — да 40 %, у сельскай гаспадарцы — ад 20 до 50 %, а на транспарце — да 100 %.
Страты для эканомікі краіны былі неверагодна вялізнымі. Да сярэдзіны 1980-х гг. яны складалі штогод 60 млрд рублёў. Але самае страшнае, што ў гэты час 30—35 % даходаў ценевага капіталу ішло на подкуп партыйных і дзяржаўных чыноўнікаў, а таксама кіраўнікоў прадпрыемстваў. Да пачатку перабудовы партыйна-дзяржаўныя дзеячы, уцягнутыя ў ценевую эканоміку, уяўлялі сабой даволі ўплывовую сілу, якая была зацікаўлена ў змене ўлады, гэта значыць замене сацыялізму капіталізмам. Зрошчванне ценевай эканомікі і ўлады шмат у чым стала згубным для Савецкай дзяржавы.