§ 27-1. СССР у 1945 — першай палове 1980-х гг.: эканамічнае
4. Дасягненні і пралікі ў сацыяльна-эканамічным развіцці
Нягледзячы на цяжкасці і супярэчнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця, у СССР былі дасягнуты поспехі вялізнага маштабу. Праз тры дзесяцігоддзі пасля распаду СССР яны здаюцца нам неверагоднымі.
Пасля страшнай і разбуральнай вайны ў лічаныя гады была адноўлена эканоміка. Савецкі Саюз стаў сусветным лідарам у многіх сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі і тэхнікі.
Сусветна вядомыя яго дасягненні ў касманаўтыцы (першы палёт штучнага спадарожніка Зямлі, першы палёт чалавека ў космас, першы месяцаход, першая мяккая пасадка спускальнага апарата на Марс і многае іншае). Ужо ў 1960-я гг. СССР ператварыўся ў касмічную дзяржаву.
Па вытворчасці электраэнергіі СССР саступаў толькі ЗША. СССР быў лідарам у свеце ў каляровай металургіі, па здабычы нафты, прыроднага газу, алмазаў, жалезнай руды, у чорнай металургіі, па вытворчасці трактараў. Ва ўсім свеце славіліся кар’ерныя самазвалы і трактары сям’і «Беларусь», якія выпускаліся ў БССР. У Савецкім Саюзе былі створаны першая ў свеце атамная электрастанцыя, першы ў свеце рэактыўны пасажырскі самалёт і г. д. Першы ў свеце пераносны мабільны тэлефон з’явіўся ў СССР у 1958 г., у ЗША — у 1973 г. У тым жа 1958 г. была створана першая ў свеце сетка з некалькіх камп’ютараў. У 1952—1966 гг. ствараліся вялікія электронна-вылічальныя машыны (БЭСМ-1 — БЭСМ-6) — найбольш вядомыя савецкія суперкамп’ютары, якія кіравалі касмічнымі палётамі. У 1962 г. вучонымі быў падрыхтаваны праект савецкіх электронных грошай. Бытавую радыёэлектроніку ў СССР выпускалі больш за 400 прадпрыемстваў.
Значнымі былі дасягненні ў сацыяльным развіцці. Адзначым, у прыватнасці, бясплатнае прадастаўленне жылля, медыцынскіх паслуг, адукацыі. Пенсійны ўзрост мужчын складаў 60 гадоў, жанчын — 55 гадоў. У краіне не было беспрацоўя, не было і нацыяналізму. Цяжка было ўявіць вайну на Паўночным Каўказе або вайну паміж армянамі і азербайджанцамі.
Бясконца доўга можна пералічваць поспехі і дасягненні СССР у сацыяльна-эканамічнай сферы. Аднак дзяржавы, якая забяспечвала гэтыя дасягненні, ужо не існуе, яна распалася ў 1991 г. Таму нас асабліва цікавяць прычыны сыходу з гістарычнай сцэны адной з буйнейшых дзяржаў свету, якую называлі супердзяржавай.
Вядома ж, савецкае кіраўніцтва зрабіла шмат памылак у сацыяльна-эканамічнай сферы. Спынімся толькі на адной з іх, бадай, асабліва важнай. Гаворка ідзе пра такую з’яву, як ценевая эканоміка.