§ 27-1. СССР у 1945 — першай палове 1980-х гг.: эканамічнае
3. Эпоха «развітога сацыялізму» (1964—1985)
Пасля таго як Хрушчоў пакінуў пост, лідарам СССР стаў Л. І. Брэжнеў, які захоўваў уладу да сваёй смерці ў 1982 г. Гэты перыяд, названы ў народзе брэжнеўскай эпохай, характарызаваўся максімальнай палітычнай і эканамічнай стабільнасцю. Менавіта ў гэтыя гады быў дасягнуты самы высокі ў гісторыі СССР узровень матэрыяльнага дабрабыту большасці насельніцтва.
Асабліва паспяховымі для краіны былі 1964—1977 гг. У 1965 г. пачала праводзіцца эканамічная рэформа, мэтай якой стала замена адміністрацыйных метадаў заахвочвання новымі — эканамічнымі. Аднак да канца 1960-х гг. яе прыйшлося згарнуць, як толькі стала зразумела, што планавую эканоміку не атрымліваецца сумясціць з асобнымі прынцыпамі рынку.
Дзяржава зноў перайшла да жорсткай адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання і знайшла выйсце са становішча. Эканамічная сітуацыя была палепшана не з дапамогай рэформаў, а шляхам выкарыстання прыродных рэсурсаў. У 1970-я гг. вырас продаж нафты і газу за мяжу. Такая палітыка першапачаткова аказвала станоўчы ўплыў на эканоміку і ўзровень жыцця людзей. Але пасля падзення сусветных коштаў на нафту і газ у пачатку 1980-х гг. савецкая дзяржава не змагла знайсці новых раўназначных крыніц даходу. Эканоміка «прызвычаілася» да «нафтадолараў», уступіла ў паласу глыбокага крызісу. Пачаўся татальны дэфіцыт неабходных тавараў, у тым ліку харчавання.
У гэты ж час намецілася адставанне СССР ад развітых краін Захаду, у якіх адбылася інфармацыйна-тэхналагічная рэвалюцыя, пачалася камп’ютарызацыя. У адрозненне ад 1930-х гг., калі вырашальнае значэнне мела цяжкая прамысловасць, вялікую ролю ў эканоміцы сталі адыгрываць высокія тэхналогіі. Важнай праблемай у СССР зрабіўся востры палітычны і маральны крызіс. Практычна знікла вера ў камуністычныя ідэалы, адбылося духоўнае перараджэнне партыйнага апарату, разрасталася карупцыя, асабліва ў нацыянальных рэспубліках, мела месца зрошчванне крымінальнага бізнесу і партыйнай эліты, у грамадстве панавалі песімізм і двайная мараль. Увядзенне савецкіх войскаў у Афганістан і вайна, якая там распачалася (1979—1989), дадатковым цяжарам ляглі на савецкую эканоміку і грамадства.