§ 27-1. СССР у 1945 — першай палове 1980-х гг.: эканамічнае
2. Рэформы М. С. Хрушчова
Пасля смерці Сталіна (5 сакавіка 1953 г.) у СССР былі ажыццёўлены важныя палітычныя і эканамічныя рэформы, звязаныя з імем новага лідара савецкай дзяржавы М. С. Хрушчова.
У 1956 г. здарылася падзея, якая мела далёкія наступствы, — адбыўся XX з’езд КПСС, дзе на закрытым пасяджэнні Хрушчоў выступіў з дакладам, у якім выкрыў культ асобы І. В. Сталіна, на якога была ўскладзена ўся адказнасць за рэпрэсіі 1930—1950-х гг.
Пасля з’езда па ўсёй краіне пачаліся дэмантаж помнікаў Сталіну, перайменаванне вуліц і гарадоў, якія насілі яго імя. Прапаганда паспрабавала выкрасліць імя Сталіна з гісторыі. У краіне спыніліся масавыя палітычныя рэпрэсіі, больш дэмакратычныя адносіны пачалі складвацца ўнутры партыі. XXII з’езд КПСС (1961) зноў асудзіў культ асобы Сталіна. На з’ездзе была прынята новая праграма партыі, якая ўзяла курс на пабудову камунізму ў СССР і фарміраванне яго матэрыяльна-тэхнічнай базы да 1980 г., што было ўтапічным рашэннем.
Буйныя перамены адбываліся ў эканоміцы. Яшчэ ў жніўні 1953 г. было пастаўлена пытанне аб яе пераарыентацыі на патрэбы чалавека, аб павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання і тавараў народнага спажывання. Такая канцэпцыя эканамічнага развіцця СССР пачала рэалізоўвацца пасля прыходу да ўлады Хрушчова. У гады сямігодкі (1959—1965) ішло актыўнае будаўніцтва шматлікіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці і таннага практычнага жылля. Станоўчыя вынікі гэтага курсу адразу сталі відавочныя. Змяніўся ўзровень жыцця савецкіх людзей. У іх з’явілася магчымасць набываць тэлевізары, халадзільнікі, радыёпрыёмнікі, больш якаснае адзенне. Многія простыя грамадзяне пераехалі з камунальных кватэр i баракаў у асобнае жыллё.
Важныя змены адбыліся ў галіне сельскай гаспадаркі. Былі ліквідаваныя машынна-трактарныя станцыі, у залежнасці ад якіх знаходзіліся калгасы, тэхніка непасрэдна перадавалася ў распараджэнне гаспадарак. Значна выраслі дзяржаўныя закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, калгаснікі сталі больш зарабляць. Атрымала пашырэнне індывідуальная дачная гаспадарка. У гэты ж час пачалося асваенне цалінных зямель Казахстана. Цяпер у краіне ў вялікай колькасці з’явіўся танны хлеб, знікла пагроза масавага голаду.
Вынікам развіцця савецкай дзяржавы стаў магутны тэхналагічны прарыў. СССР першым у свеце пабудаваў атамную электрастанцыю (1954), спусціў на ваду атамны ледакол «Ленін» (1957), запусціў у космас штучны спадарожнік Зямлі (кастрычнік 1957). 12 красавіка 1961 г. адбыўся першы ў свеце палёт чалавека ў космас — яго здзейсніў савецкі касманаўт Ю. А. Гагарын. Сапраўдны штурм космасу стаў своеасаблівым сімвалам савецкага навукова-тэхнічнага прагрэсу.
У краіне адбыліся змены ва ўнутранай палітыцы, якія атрымалі назву «адліга». Знікла пачуццё ўсеагульнага страху, характэрнае для сталінскай эпохі, сталі рэалізоўвацца асноўныя правы і свабоды, у друку з’явіліся смелыя публікацыі. У той жа час часткай палітыкі стала новая барацьба з Праваслаўнай царквой, мэтай якой было яе поўнае знішчэнне.
Разам з тым Хрушчоў зрабіў нямала сур’ёзных памылак: самавольства ў прыняцці рашэнняў, непаслядоўнасць і частыя кіданні з боку у бок, пастаянныя перастаноўкі кадраў, якія выклікалі незадаволенасць у вярхоў партыйнага апарату. У выніку ўпершыню ў гісторыі СССР кіраўнік такога высокага рангу быў зняты ў кастрычніку 1964 г. кіраўніцтвам партыі з усіх займаных пасад.