*§ 21—22-3. Дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі

3. Умацаванне антыгітлераўскай кааліцыі

У Вашынгтоне 12—25 мая 1943 г. прайшла англа-амерыканская канферэнцыя, на якой Чэрчыль па-ранейшаму заяўляў, што дэсантная аперацыя праз Ла-Манш можа быць ажыццёўлена толькі ў 1945—1946 гг. Пад ціскам з боку амерыканскіх дыпламатаў была прынята кампрамісная фармулёўка аб магчымасці адкрыцця другога фронту не раней вясны 1944 г., што выклікала пратэст Сталіна. Адносіны паміж удзельнікамі антыгітлераўскай кааліцыі абвастрыліся.

У жніўні 1943 г. у Квебеку Чэрчыль і Рузвельт правялі чарговую сустрэчу, на якой абмеркавалі падрыхтоўку да дэсантавання саюзных войскаў у Францыі 1 мая 1944 г. (аперацыя «Аверлорд»), таксама абмяркоўвалася высадка саюзнікаў у Кітаі і на Філіпінах.

Тым часам палітычнае адзінства фашысцкага блока слабела: Японія так і не выступіла супраць СССР, пасля звяржэння фашысцкай дыктатуры Мусаліні ў верасні 1943 г. Італія капітулявала, а ў кастрычніку 1943 г. аб’явіла вайну Германіі і яе саюзнікам. Усё гэта садзейнічала ўмацаванню палітычнага супрацоўніцтва ўдзельнікаў антыгітлераўскай кааліцыі. У кастрычніку 1943 г. адбылася Маскоўская канферэнцыя міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, на якой абмяркоўвалася пытанне аб адкрыцці другога фронту. З мэтай наблізіць дату адкрыцця другога фронту ў Еўропе Сталін паабяцаў саюзнікам уступіць у вайну супраць Японіі пасля перамогі над Германіяй. Аднак ЗША і Вялікабрытанія так і не вызначылі канкрэтную дату адкрыцця другога фронту.