*§ 21—22-3. Дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі
2. Праблема адкрыцця другога фронту
Яшчэ 18 ліпеня 1941 г. СССР паставіў перад Вялікабрытаніяй пытанне аб адкрыцці другога фронту на поўначы Францыі, але У. Чэрчыль адказаў, што гэта будзе магчыма толькі праз два-тры гады. Другі фронт адкрылі толькі тады, калі ўбачылі, што СССР можа без падтрымкі Захаду выйсці на атлантычнае ўзбярэжжа Францыі, распаўсюдзіўшы свой уплыў на ўсю Еўропу, гэта значыць атрымае перамогу ў адзіночку, чаго саюзнікі дапусціць не маглі.
На англа-амерыканскіх перамовах у 1942 г. Чэрчыль здолеў пераканаць Рузвельта ў немагчымасці адкрыцця другога фронту ў Еўропе ў бліжэйшы час. 12 жніўня 1942 г. англійскі прэм’ер-міністр прыляцеў на перамовы ў Маскву, дзе галоўнае пытанне — аб адкрыцці другога фронту ў 1942 г. — не было вырашана. Чэрчыль пераконваў Сталіна, што для адкрыцця другога фронту няма ніякай магчымасці. Але на самай справе такая магчымасць была: саюзнікі замест Паўночнай Афрыкі маглі высадзіцца ў Паўднёвай Францыі, дзе ўвогуле не было нямецкіх войскаў, а французская самаабарона не магла аказаць сур’ёзнага супраціўлення, альбо ў Паўночнай Нарвегіі, дзе амерыканцы і англічане маглі б наладзіць «локцевую сувязь» з самым паўночным участкам савецка-германскага фронту. Ваенныя аперацыі ў Паўночнай Афрыцы (чэрвень 1940 г. — май 1943 г.) і Паўднёвай Італіі (ліпень 1943 г. — май 1945 г.) праводзіліся англа-амерыканскімі войскамі не столькі з мэтай перамогі над Германіяй, колькі для забеспячэння гандлю ў Міжземным моры. Высадка саюзнікаў на поўначы Францыі пачалася 6 чэрвеня 1944 г.