§ 21—22-2. Вялікая Айчынная вайна

7. Крыніцы перамогі

Перамога ў вайне была дасягнута дзякуючы небывалай мужнасці і патрыятызму савецкіх людзей і адраджэнню нацыянальных традыцый, разбураных у 1917—1941 гг. У 1941—1943 гг. савецкае кіраўніцтва рэабілітавала нацыянальных герояў мінулага і адмовілася ад палітыкі ваяўнічага атэізму, прызнаўшы ролю праваслаўнай царквы ў барацьбе з фашызмам. У вайне перамог савецкі народ, людзі, выхаваныя савецкай сістэмай сталінскага ўзору ў 1930-я гг., якія аказаліся мацнейшымі, чым немцы, арганізаваныя ў нацыянал-сацыялістычную сістэму.

Ваенная перамога над Германіяй была б немагчымай без перамогі ў эканамічным змаганні. Перад нападам на Савецкі Саюз прамысловая база Германіі, на якую працавала практычна ўся Еўропа, уключаючы акупаваныя і саюзныя краіны, пераўзыходзіла савецкую ў паўтара раза. Пасля акупацыі часткі тэрыторыі СССР у канцы 1942 г. Германія стала пераўзыходзіць Савецкі Саюз па аб’ёме прамысловай вытворчасці ў 3,5 раза.

У такой крытычнай сітуацыі стаўка была зроблена на цэнтралізацыю кіравання, максімальную мабілізацыю насельніцтва і вялізныя прыродныя рэсурсы — быў створаны зладжаны і эфектыўны ваенна-эканамічны комплекс. Савецкі эканамічны лад, самаадданасць мільёнаў працаўнікоў тылу забяспечылі эканамічную аснову ваенных перамог.