§ 21—22-2. Вялікая Айчынная вайна
6. Роля Савецкага Саюза ў разгроме фашысцкага блока
СССР адыграў вырашальную ролю ў перамозе над фашызмам. На працягу ўсёй Другой сусветнай вайны савецка-германскі фронт быў галоўным. Менавіта тут Германія і яе саюзнікі сканцэнтравалі свае асноўныя людскія сілы і матэрыяльна-тэхнічныя сродкі. Менавіта на савецка-германскім фронце Германіі былі нанесены смяротныя ўдары. У. Чэрчыль у сваім дзённіку пісаў: «Атрымліваецца, што гонар амаль усіх перамог на сушы належыць рускім, і ў простага чалавека можа скласціся ўражанне, што вайну выйграе Расія, якая ператвараецца ў дыпламатычнага гаспадара свету».
Разгром фашысцкага блока быў дасягнуты СССР коштам вялізных чалавечых ахвяр. Загінула 27 млн савецкіх грамадзян. Было зруйнавана 1710 гарадоў, звыш 70 тыс. сёлаў і вёсак. Страты Германіі, уключаючы ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, склалі забітымі каля 7 млн чалавек. Італія страціла забітымі прыкладна 400 тыс. чалавек. Агульныя страты Японіі (з 1937 г.) склалі каля 2 млн чалавек.