§ 21—22-2. Вялікая Айчынная вайна

4. Партызанская і падпольная барацьба на акупаваных тэрыторыях

Яшчэ ў 1920-я гг. у заходніх рэгіёнах СССР ствараліся мабільныя атрады колькасцю 300—500 чалавек, якія лёгка маглі разгортвацца да 3—5 тыс., для вядзення баявых дзеянняў у лясах на выпадак вайны. Былі створаны засакрэчаныя школы для падрыхтоўкі камандзіраў такіх атрадаў. У тайніках хаваліся боепрыпасы і ўзбраенне. Праўда, пасля 1935 г. шырокая падрыхтоўка да магчымай партызанскай вайны была замарожана, а затым і згорнута ў сувязі са змяненнем савецкай ваеннай канцэпцыі, якая выражалася лозунгам «Мы будзем біць ворага на яго тэрыторыі». Аднак пасля нападу фашысцкай Германіі да ідэі партызанскай вайны вярнуліся. 29 чэрвеня 1941 г. у сакрэтнай дырэктыве Саўнаркома партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей было дадзена ўказанне прыступіць да арганізацыі падпольнага і партызанскага руху. Партызанскія атрады ствараліся шляхам закідвання з Масквы дыверсантаў, якія затым фарміравалі баявыя падраздзяленні ў тыле ворага, а таксама ўтвараліся на базе падпольных арганізацый.

Такім чынам, арганізаваны партызанскі рух на акупаванай тэрыторыі СССР пачаўся практычна адразу пасля пачатку вайны. Для гітлераўцаў гэта стала поўнай нечаканасцю. Нічога падобнага да нападу на СССР яны не сустракалі ў акупаванай Еўропе. Ім давялося ваяваць фактычна на два франты: з аднаго боку — супраць рэгулярных войскаў Чырвонай арміі, з іншага — супраць арганізаваных партызанскіх сіл.

30 чэрвеня 1941 г. Цэнтральны камітэт кампартыі Беларусі прыняў Дырэктыву № 1 «Аб пераходзе на падпольную працу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам». У ёй акрэсліваліся задачы падполля, формы пабудовы, спосабы сувязі, падкрэслівалася неабходнасць выканання строгай канспірацыі. Усяго на акупаванай тэрыторыі было створана каля 800 падпольных гаркамаў і райкамаў партыі і камсамолу.

Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва інфармацыю аб становішчы на фронце і ў савецкім тыле, забяспечвалі партызан разведвальнымі дадзенымі, дапамагалі ім медыкаментамі, здзяйснялі дыверсіі і арганізоўвалі сабатаж на захопленых немцамі прамысловых прадпрыемствах, ладзілі выбухі, падпалы і дыверсіі на камунікацыях ворага, выводзілі з акружэння байцоў Чырвонай арміі і аказвалі дапамогу параненым, ажыццяўлялі разведку. У выніку германскаму кіраўніцтву не ўдалося выкарыстаць для ўмацавання сваёй ваеннай эканомікі многія савецкія фабрыкі і заводы.

18 ліпеня 1941 г. выйшла спецыяльная пастанова ЦК партыі «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле ворага». 30 мая 1942 г. быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П. К. Панамарэнкам. Гэта дазволіла каардынаваць аперацыі Чырвонай арміі і дзеянні партызан, істотна палепшыць забеспячэнне партызан сродкамі сувязі, зброяй, боепрыпасамі. У 1942 г. узніклі партызанскія краі — адваяваныя ў захопнікаў вобласці, якія цалкам кантраляваліся партызанамі — у Ленінградскай вобласці, Беларусі і Украіне. Да канца 1943 г. партызанскі рух стаў масавым, колькасць партызан павялічылася больш чым у два разы. Усяго ў гады вайны ў тыле ворага змагаліся са зброяй у руках каля 1 млн чалавек. Партызаны адцягнулі на сябе 10 % нямецкіх баявых сіл.

Спектр дзейнасці партызан быў даволі шырокім: парушэнне камунікацый праціўніка, разбурэнне мостаў і ліній сувязі, падрыў варожых эшалонаў, мостаў, чыгуначных вузлоў, напад на германскія штабы і гарнізоны, арганізацыя ўцёкаў ваеннапалонных, перашкаджэнне масаваму накіраванню людзей на прыпрымусовыя работы ў Германію, збор разведдадзеных. Нярэдка партызаны дзейнічалі сумесна з рэгулярнай арміяй, захопліваючы для яе плацдармы. Асабліва буйныя злучэнні здзяйснялі рэйды па варожых тылах.

Са жніўня 1943 г. па жнівень 1944 г. партызаны ажыццявілі аперацыі па знішчэнні чыгуначнага палатна «рэйкавая вайна» (на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Украіны) і «канцэрт» (да ранейшых абласцей дадаліся Карэлія, Прыбалтыка, Крым).