§ 21—22-2. Вялікая Айчынная вайна

3. Ход ваенных дзеянняў

Савецкае камандаванне, натхнёнае перамогай пад Масквой, імкнулася замацаваць дасягнуты поспех, кінуўшы значныя сілы Чырвонай арміі на вызваленне Украіны. Аднак у бітве пад Харкавам буйна́я групоўка савецкіх войскаў была акружана і знішчана. Пасля гэтага германскія войскі нанеслі канцэнтраваны ўдар па стэпавай тэрыторыі паўднёвай часткі Расіі. Былі захоплены Кубань і Паўночны Каўказ. У ліпені 1942 г. нямецкая армія прасунулася да Сталінграда і Волгі. Мэтамі гэтага наступлення з’яўляліся выхад у глыбокі тыл СССР — да ўральскіх заводаў — і пазбаўленне Чырвонай арміі паліўных рэсурсаў Каўказа. У выпадку пераходу немцаў за Волгу Японія і Турцыя абавязваліся ўступіць у вайну супраць Савецкага Саюза, а Вялікабрытанія і ЗША маглі пайсці на заключэнне сепаратнага міру з Германіяй.

Таму бітва пад Сталінградам (17 ліпеня 1942 г. — 2 лютага 1943 г.) мела вялікае гістарычнае значэнне. Сюды былі сцягнуты значныя сілы Чырвонай арміі. Паражэнні і няўдачы пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны сталі для савецкага боку ўрокам. Быў сфарміраваны новы афіцэрскі корпус, войскі набылі вялікі вопыт баявых дзеянняў. Значна ўмацавалася матэрыяльная база Чырвонай арміі. З канца 1942 г. савецкая эканоміка выпускала ўзбраенняў і боепрыпасаў больш, чым Германія і яе саюзнікі.

Адметнай рысай Сталінградскай бітвы з’яўляўся высокі маральны патэнцыял савецкіх байцоў і камандзіраў, якія ўсведамлялі, што бітва за Сталінград — апошні шанц пераламаць ход вайны. Упартае супраціўленне абаронцаў Сталінграда на подступах да горада і ў ходзе вулічных баёў падарвала баявы дух нямецкай арміі. Пасля таго як праціўнік быў маральна і фізічна знясілены, 19 лістапада 1942 г. Чырвоная армія перайшла ў контрнаступленне. Нямецкая 6-я армія, трапіўшы ў акружэнне, 2 лютага 1943 г. капітулявала, нягледзячы на загад Гітлера не здавацца. З гэтага часу і да канца вайны стратэгічнай ініцыятывай валодалі савецкія войскі.

У Курскай бітве (5 ліпеня — 23 жніўня 1943 г.) гітлераўцы таксама пацярпелі буйное стратэгічнае паражэнне. Контрнаступленне Чырвонай арміі суправаджалася маштабнай «рэйкавай вайной», якую пачалі ў тыле ворага партызаны. У бітве на Курскай дузе Германія страціла асноўную частку сваёй арміі і перайшла да абароны. Пачалося выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі СССР. З жніўня па снежань 1943 г. працягвалася бітва за дняпроўскі рубеж, у выніку якой савецкія часці фарсіравалі Днепр і вызвалілі Кіеў, панёсшы вялікія страты.

З лета 1942 г. па люты 1943 г. вырашальныя па сваім характары ваенныя дзеянні адбываліся на Ціхім акіяне. Пад ударамі амерыканскай авіяцыі японскі флот быў вымушаны пайсці на поўнач. У 1943 г. англа-амерыканскія войскі паспяхова наступалі ў Паўночнай Афрыцы. Ад германскай і італьянскай акупацыі былі вызвалены Егіпет, Лівія, Туніс. Высадзіўшыся на Сіцыліі, саюзнікі прымусілі капітуляваць Італію. Пачалася падрыхтоўка да адкрыцця другога фронту — высадкі саюзных СССР войскаў у Нармандыі (поўнач Францыі).

Перамогі Чырвонай арміі пад Сталінградам і на Курскай дузе, якія азначалі карэнны пералом у ходзе вайны, садзейнічалі ўмацаванню антыгітлераўскай кааліцыі. На сустрэчы кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Тэгеране (Іран) 28 лістапада — 1 снежня 1943 г. былі вызначаны час і месца адкрыцця другога фронту ў Еўропе, дасягнута згода СССР уступіць у вайну супраць Японіі пасля завяршэння баявых дзеянняў у Еўропе.

Перыяд Вялікай Айчыннай вайны з пачатку 1944 г. па 9 мая 1945 г. характарызуецца тым, што ўвосень 1944 г. завяршылася вызваленне тэрыторыі СССР. Была знятая блакада Ленінграда, вызвалены большая частка Прыбалтыкі, Беларуская, Украінская і Малдаўская ССР. Пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі ў Еўропу.

Амаль не аказаўшы супраціўлення, здаліся два саюзнікі Германіі — Румынія і Балгарыя. Бязлітаснае супраціўленне аказала Венгрыя. Але самыя цяжкія баі разгарнуліся за Польшчу, якую немцы разглядалі як апошні бастыён на шляху ў Германію. За вызваленне гэтай краіны ад нямецка-фашысцкай акупацыі Савецкі Саюз заплаціў самую высокую цану — 600 тыс. загінулых вайскоўцаў.

Адначасова з савецкім наступленнем у Еўропе быў адкрыты другі фронт. У чэрвені 1944 г. англа-амерыканскія войскі высадзіліся ў Паўночнай Францыі. Да пачатку 1945 г. баі перамясціліся на тэрыторыю Германіі, якая апынулася ў кольцы франтоў. Другая сустрэча лідараў краін «вялікай тройкі», якая адбылася ў Ялце ў лютым 1945 г., канчаткова вызначыла лёс пасляваеннай Германіі. Было прынята рашэнне аб падзеле гэтай краіны на чатыры акупацыйныя зоны, а горада Берліна — на чатыры акупацыйныя сектары. СССР пацвердзіў сваю гатоўнасць праз два-тры месяцы пасля завяршэння баявых дзеянняў у Еўропе ўступіць у вайну супраць Японіі.

Аднак паміж саюзнікамі ўзрастаў узаемны недавер. Улічваючы магчымасць заключэння сепаратнага аб’яднання Германіі з ЗША і Вялікабрытаніяй, савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне тэрмінова і самастойна штурмаваць сталіцу Германіі. 16 красавіка 1945 г. пачалася бітва за Берлін — апошняя буйна́я бітва Вялікай Айчыннай вайны. Берлін не стаў нямецкім Сталінградам. Насуперак спадзяванням нацысцкіх правадыроў савецкія войскі ўзялі горад за некалькі дзён. 30 красавіка разведчыкі М. А. Ягораў і М. В. Кантарыя ўзнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам. У гэты ж дзень Гітлер скончыў жыццё самагубствам. 8 мая 1945 г. Германія падпісала акт аб поўнай і безагаворачнай капітуляцыі. 9 мая 1945 г. было абвешчана ў СССР Днём Перамогі.