§ 21—22-2. Вялікая Айчынная вайна

2. Асаблівасці пачатковага перыяду вайны

Напад нацысцкай Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 г. стаў нечаканасцю для савецкага кіраўніцтва. Напярэдадні вайны яно дапусціла шэраг палітычных памылак і пралікаў у ацэнцы сітуацыі. Сталін, у прыватнасці, ігнараваў важнасць інфармацыі пра падрыхтоўку агрэсіі. Але больш сур’ёзнай памылкай, бадай, было тое, што мерамі па ўмацаванні прыгранічных ваенных акруг ён баяўся справакаваць немцаў на напад. Недаацэньваў ён і здольнасць Германіі ваяваць на некалькі франтоў.

Ад самага пачатку барацьба супраць нямецка-фашысцкіх агрэсараў набыла рысы народнай, Айчыннай вайны, якая стала важнейшай састаўной часткай Другой сусветнай.

У пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны (22 чэрвеня 1941 г. — 18 лістапада 1942 г.) савецкія войскі панеслі вялізныя страты. Да канца верасня 1941 г. Чырвоная армія страціла забітымі, параненымі і палоннымі каля 5 млн чалавек, а таксама значную частку самалётаў і танкаў. Вораг наблізіўся да Масквы, узяў у блакаднае кольца Ленінград. Было захоплена 1,5 млн км2 тэрыторыі СССР з насельніцтвам 74,5 млн чалавек.

Ад поўнага краху краіну ўратаваў народ. Многія часці Чырвонай арміі праяўлялі мужнасць і гераізм. Каля месяца змагаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці. Ад самага пачатку ваенных дзеянняў праціўнік сустракаў упартае супраціўленне: у бітве пад Смаленскам, пры абароне Кіева, Адэсы, Севастопаля. Больш за 20 млн чалавек падалі заявы аб уступленні ў Чырвоную армію дабравольцамі, да 10 млн мірных грамадзян удзельнічалі ў збудаванні абаронных рубяжоў, каля 2 млн чалавек уступілі ў народнае апалчэнне, якое адыграла важную ролю ў абароне Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў. У тыле ворага пачалася арганізацыя партызанскага і падпольнага руху. У гісторыю ўвайшоў подзвіг камсамолкі Зоі Касмадзям’янскай, якая выконвала дыверсійнае заданне ў тыле ворага. Яна стала першай жанчынай, якой у час вайны было нададзена званне Героя Савецкага Саюза. І такіх герояў у савецкай краіне былі тысячы. Вялізнае ваеннае і палітычнае значэнне меў гераізм савецкіх людзей, праяўлены пры абароне Ленінграда.

Буйнейшай бітвай першага перыяду Вялікай Айчыннай вайны стала Маскоўская бітва (30 верасня 1941 г. — 20 красавіка 1942 г.). Савецкія войскі разграмілі праціўніка, адкінуўшы яго па ўсім фронце ад Масквы на 100—250 км. Гэта было першае буйное паражэнне нямецкіх войскаў ад пачатку вайны.

Гістарычнае значэнне перамогі ў бітве пад Масквой заключалася ў тым, што быў развеяны міф аб непераможнасці нямецкай арміі і сарваны план «маланкавай вайны», умацаваўся маральны дух байцоў Чырвонай арміі і ўсяго народа. Для Германіі вайна зацягнулася. Паражэнне немцаў паўплывала на рашэнне Японіі адмовіцца ад уступлення ў вайну супраць СССР. Яна актывізавала сваю экспансію ў азіяцкім рэгіёне, атакаваўшы 7 снежня 1941 г. амерыканскую ваенна-марскую базу Пёрл-Харбар (Гавайскія астравы). Развіваючы наступленне, Японія да чэрвеня 1942 г. акупіравала Тайланд, Сінгапур, Бірму, Інданезію, Новую Гвінею, Філіпіны.

Перамога пад Масквой і ўступленне ў вайну ЗША ў снежні 1941 г. істотна змянілі міжнароднае становішча і паскорылі працэс фарміравання антыгітлераўскай кааліцыі. Перыяд Вялікай Айчыннай вайны з 19 лістапада 1942 г. да канца 1943 г. адзначаны пераходам стратэгічнай ініцыятывы да Чырвонай арміі і карэнным пераломам у ходзе вайны.