§ 15-2. Утварэнне СССР
3. Культурная рэвалюцыя і яе вынікі
Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. адзначыла ўступленне Расіі ў новы этап яе цывілізацыйнага развіцця. Бальшавікі, што прыйшлі да ўлады, прыступілі да стварэння савецкай мадэлі грамадства, якая не мела аналагаў у сусветнай гісторыі. Будаўніцтва сацыялізму спачатку ў РСФСР, а затым і ў СССР суправаджалася карэннай перабудовай усяго культурнага і ідэалагічнага жыцця. Палітыка савецкай улады ў сферы культуры атрымала агульную назву культурнай рэвалюцыі.
Паняцце культурнай рэвалюцыі ўпершыню з’явілася ў Расіі ў адным з анархісцкіх маніфестаў 1917 г. у форме лозунга «Няхай жыве Культурная Рэвалюцыя!». У звыклым для нас значэнні гэтае паняцце ўвёў заснавальнік Савецкай дзяржавы У. І. Ленін. Ён разглядаў культурныя пераўтварэнні і фарміраванне новай культуры, адрознай ад буржуазнай, у якасці складанай часткі плана будаўніцтва сацыялізму ў краіне. Ім былі распрацаваны асноўныя задачы культурнай рэвалюцыі. Важнейшыя з іх — пераадоленне «буржуазнай культуры» і замена яе «сацыялістычнай культурай», выхаванне «новага чалавека» і стварэнне новай маралі, падрыхтоўка савецкай інтэлігенцыі і кадраў, неабходных краіне.
Культурныя пераўтварэнні праводзіліся пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі, прычым паступова і паэтапна, паколькі былі разлічаны на цэлую гістарычную эпоху. У. І. Ленін абвяшчаў культурную рэвалюцыю як неабходную і дастатковую ўмову для пераадолення цывілізацыйнай адсталасці Расіі.
У ходзе культурнай рэвалюцыі была ліквідавана непісьменнасць, створана адна з лепшых у свеце сістэм адукацыі, якая дазволіла дабіцца вялізных поспехаў у справе падрыхтоўкі кадраў, у развіцці ўсіх сфер навуковых ведаў. Савецкая інтэлігенцыя стала прывілеяванай праслойкай грамадства. Многія справядліва лічаць, што Вялікую Айчынную вайну выйграў савецкі настаўнік, які вучыў дзяцей не толькі правапісу, матэматыцы або законам фізікі — ён вучыў іх любіць Радзіму, дапамагаць товарышам, быць смелым, бескарыслівым і шчырым.
Культурная рэвалюцыя, якая закранула ўсе сферы культурнага і духоўнага жыцця грамадства, рэгулявалася дзяржавай у адпаведнасці з камуністычнай ідэалогіяй. Ідэалагічны кантроль быў сур’ёзнай перашкодай для развіцця філасофіі і грамадскіх навук. Мастацкая культура таксама была пастаўлена на службу сацыялістычнай дзяржаве, таму найвялікшыя поспехі былі дасягнуты ў прыродазнаўчых, дакладных і тэхнічных навуках. Важнейшыя дасягненні навукі выкарыстоўваліся ў савецкай прамысловасці.