Печатать книгуПечатать книгу

§ 15-2. Утварэнне СССР

Ключавая ідэя: з кангламерату розных дзяржаўных і нацыянальна-дзяржаўных утварэнняў, на якія распалася Расійская імперыя, была ўтворана новая сацыялістычная дзяржава.

На тэрыторыі зніклай Расійскай імперыі на фоне ўзмацнення нацыяналістычных памкненняў асобных тэрыторый запанавала ідэя стварэння адзінай дзяржавы на чале з бальшавікамі. СССР, утвораны як федэрацыя нацыянальных рэспублік, фактычна з’яўляўся ўнітарнай дзяржавай дзякуючы адзінай камуністычнай партыі, якая кантралявала ўсе ўрадавыя органы ўлады. У рамках СССР пачалася рэалізацыя савецкай эканамічнай мадэлі.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 15-2. Утварэнне СССР
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 11 Апрель 2025, 14:00

1. Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва. Утварэнне СССР

У XIX ст. нацыяналізм стаў адной з вядучых сусветных ідэалогій. Яшчэ да Першай сусветнай вайны ён пачаў падрываць цэласнасць імперый, якія пазней распаліся. У Расійскай імперыі каля 57 % насельніцтва складалі нярускія народы, таму нацыянальная палітыка бальшавікоў мела вялікае значэнне. На II з’ездзе РСДРП у 1903 г. бальшавікі ўзялі на ўзбраенне марксісцкі тэзіс аб праве нацыі на самавызначэнне, пазней — на аддзяленне і ўтварэнне самастойных дзяржаў. У 1917 г. У. І. Ленін сфармуляваў прынцып «саюза свабодных рэспублік», гэта значыць федэрацыі. Бальшавікі дзейнічалі ва ўмовах рэальнага гістарычнага кантэксту.

У сакавіку 1917 г. практычна адначасова са стварэннем Часовага ўрада была ўтворана Украінская цэнтральная рада. Пасля капітуляцыі гэтага ўрада Рада адразу ж аб’явіла аб стварэнні Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР). Украінскія нацыяналісты-сепаратысты стварылі свае інстытуты ўлады ў Расійскай імперыі і аб’явілі аб сваім выхадзе з яе складу.

Аналагічныя працэсы адбываліся і ў іншых рэгіёнах былой Расійскай імперыі, у тым ліку ў Беларусі. Там узнікла Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) як выканаўчы орган Першага ўсебеларускага з’езда, які праходзіў у Мінску ў снежні 1917 г. Праца з’езда была перапынена бальшавікамі. Калі бальшавікі пакінулі Мінск, Рада аб’явіла сябе вышэйшай уладай на тэрыторыі Беларусі. Падпісанне Брэсцкага міру паміж Савецкай Расіяй і Германіяй актывізавала яе дзейнасць. Яна аб’явіла аб незалежнасці БНР. Нягледзячы на гатоўнасць дзеячаў Рады супрацоўнічаць з Германіяй, апошняя не прызнала БНР і перашкаджала дзейнасці яе органаў. Тым не менш Рада БНР пачала ствараць на акупаваных Германіяй тэрыторыях свае структуры, праводзіла працу па стварэнні беларускай арміі і сістэмы народнай адукацыі.

Бальшавікі ўсяляк супрацьстаялі нацыянальному сепаратызму. Яны імкнуліся захаваць цэласнасць тэрыторый і адзінства народаў, якія ўваходзілі раней у Расійскую імперыю, стварыўшы прыблізна ў тых жа межах новую дзяржаву — СССР. Інтэрнацыяналістычны характар ідэалогіі бальшавікоў садзейнічаў гэтаму аб’яднальнаму праекту.

У той жа час Савецкая Расія не перашкаджала рэалізацыі права асобных народаў на самавызначэнне. 31 снежня 1917 г. савецкі ўрад прызнаў незалежнасць Фінляндыі. У жніўні 1918 г. У. І. Ленін  падпісаў дэкрэт аб адмове ад дагавораў аб падзеле Польшчы, заключаных ранейшай уладай.

У 1918—1922 гг. нярускія народы савецкай дзяржавы атрымалі аўтаномію двух узроўняў: рэспубліканскую (Башкірская АССР, Татарская АССР, Дагестанская АССР і інш.) і абласную (Бурат-Мангольская АВ, Воцкая АВ, Калмыцкая АВ, Марыйская АВ, Чувашская АВ).

Былі ўтвораны суверэнныя савецкія рэспублікі: у снежні 1917 г. Украінская ССР, у студзені 1919 г. Беларуская ССР, у красавіку 1920 г. Азербайджанская ССР, у лістападзе 1920 г. Армянская ССР, у лютым 1921 г. Грузінская ССР. У Прыбалтыцы савецкая ўлада не ўтрымалася. У 1919 г. яна была скінута контррэвалюцыйнымі сіламі пры падтрымцы заходніх дзяржаў. Створаныя там урады праводзілі палітыку, варожую Савецкай дзяржаве.

Ленінскі план прадугледжваў атрыманне ўсімі жадаючымі народамі незалежнасці і дзяржаўнасці і толькі потым аб’яднанне з Расіяй у раўнапраўнай федэрацыі.

У верасні 1922 г. народны камісар па справах нацыянальнасцей І. В. Сталін прапанаваў план «аўтанамізацыі», які прадугледжваў уключэнне ўсіх існаваўшых тады савецкіх рэспублік у склад РСФСР на правах аўтаноміі. Гэтую ідэю падтрымалі кіраўнікі кампартый Азербайджана і Арменіі. Беларусь і Украіна занялі чакальную пазіцыі. 

Былі ўлічаны ўказанні У. І. Леніна, які валодаў бясспрэчным аўтарытэтам. У выніку 30 снежня 1922 г. быў утвораны добраахвотны саюз суверэнных і раўнапраўных рэспублік — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ўвайшлі РСФСР, Украінская ССР, Беларуская ССР і Закаўказская СФСР (у складзе Грузіі, Арменіі, Азербайджана). У 1923 г. быў створаны саюзны ўрад, вышэйшы выканаўчы орган улады — Савет Народных Камісараў СССР. У 1924 г. II Усесаюзны з’езд Саветаў ухваліў Канстытуцыю СССР. Вышэйшым органам улады стаў Усесаюзны з’езд Саветаў. Паміж з’ездамі яго функцыі выконваў Цэнтральны выканаўчы камітэт, які складаўся з дзвюх раўнапраўных палат — Саюзнага Савета і Савета нацыянальнасцей, што ў сваю чаргу складаўся з прадстаўнікоў саюзных рэспублік.

Нягледзячы на фармальнае федэратыўнае ўладкаванне, дзяржаўная ўлада ў рэспубліках была пад кантролем кампартый, якія ў сваю чаргу кантраляваліся з Масквы. У выніку СССР набыў рысы ўнітарнай цэнтралізаванай дзяржавы. Такім чынам бальшавікі здолелі стрымаць нацыяналістычныя памкненні і стварыць новую дзяржаву ў межах былой Расійскай імперыі.

У 1924 г. са скасаваннем Харэзмскай і Бухарскай народных рэспублік былі створаны Узбекская ССР і Туркменская ССР, у 1929 г. — Таджыкская ССР, у 1936 г. — Казахская ССР і Кіргізская ССР. Пасля роспуску Закаўказскай федэрацыі Азербайджан, Арменія і Грузія ў 1936 г. паасобку ўвайшлі ў склад СССР. Пры гэтым варта ўлічваць, што межы паміж рэспублікамі праводзіліся без уліку нацыянальнага рассялення, што адмоўна адаб’ецца пазней — у перыяд перабудовы.

У 1919 г. былі нармалізаваны адносіны Савецкай дзяржавы з Афганістанам, у 1921 г. — з Турцыяй, Іранам, Манголіяй. Пасля падпісання ў 1920 і 1921 гг. мірных дагавораў з Фінляндыяй, Польшчай, Эстоніяй, Латвіяй і Літвой Савецкая Расія выйшла з міжнароднай ізаляцыі.

Заходнія дзяржавы патрабавалі ад Савецкай Расіі выплаты дарэвалюцыйных даўгоў і пакрыцця страт ад нацыяналізацыі замежнай уласнасці. Прарывам у міжнародных адносінах стаў Рапальскі дагавор з Германіяй 1922 г. аб адмове ад узаемных прэтэнзій і ўсталяванні дыпламатычных стасункаў. У хуткім часе адбылося дыпламатычнае прызнанне і з боку іншых буйных еўрапейскіх дзяржаў, пачынаючы з Вялікабрытаніі ў 1924 г. ЗША былі апошняй вядучай дзяржавай, якая прызнала СССР у 1933 г.

2. Асноўныя рысы савецкай палітычнай сістэмы

Калі ў пытаннях эканомікі бальшавікі ішлі на кампрамісы, то ў пытаннях кантролю духоўнага і палітычнага жыцця грамадства — не. У 1922 г. былі закрытыя часопісы і газеты левых эсэраў і анархістаў, гэтыя і так ужо малаўплывовыя партыі спынілі сваё існаванне.

Пасля смерці У. І. Леніна ў студзені 1924 г. у бальшавіцкай партыі пачалася барацьба за ўладу. Колькасць членаў кампартыі, перайменаванай у 1925 г. ва Усесаюзную камуністычную партыю (бальшавікоў) — ВКП(б) — павялічылася з 732 тыс. чалавек да 1,3 млн у 1927 г. Галоўнае разыходжанне пунктаў гледжання было паміж сталіністамі і трацкістамі. Апазіцыянеры былі нязгодныя з тэзісам І. В. Сталіна аб «магчымасці пабудовы сацыялізму ў адной краіне», лічылі, што гэты дзяржаўны і грамадскі лад у адсталай Расіі можа ўмацавацца толькі пасля перамогі пралетарскай рэвалюцыі на індустрыяльным Захадзе. Яны таксама выступалі супраць іерархіі ў партыі, вылучэння партыйнай і палітычнай эліты. У канцы 1927 г. Л. Д. Троцкі, Р. Я. Зіноўеў, Л. Б. Каменеў, іншыя правадыры апазіцыі і іх паплечнікі былі выключаны з ВКП(б).

У другой палове 1920-х — 1930-я гг. склалася асаблівая мадэль палітычнага ўладкавання СССР.

Эканамічную аснову сістэмы складалі поўнае падпарадкаванне вытворцы дзяржаве, дзяржаўнае рэгуляванне і пазаэканамічны прымус, забарона забастовак, мілітарызацыя эканомікі і працы.

Палітычнай асновай з’яўляліся такія элементы, як панаванне аднапартыйнай сістэмы, зрошчванне партыйнага і дзяржаўнага апарата, знішчэнне палітычных апанентаў, стварэнне магутнага рэпрэсіўнага апарата. Савецкая палітычная сістэма ўключала партыйныя органы і органы дзяржбяспекі. Партыйныя органы падбіралі кіруючыя кадры. У сваю чаргу органы дзяржбяспекі ажыццяўлялі нагляд за партыйнай структурай. Практычна ўсе слаі свецкага грамадства былі ўцягнуты ў розныя арганізацыі — партыю, камсамол, піянерскія дружыны, прафсаюзы, творчыя саюзы.

Важную ролю ў савецкай палітычнай сістэме адыгрывала асоба правадыра. Першапачаткова ім быў У. І. Ленін, а затым І. В. Сталін, які перамог у бязлітаснай унутрыпалітычнай барацьбе члена Палітбюро РКП(б) і наркома па ваенных і марскіх справах Л. Д. Троцкага. Культ асобы Сталіна канчаткова склаўся ў сярэдзіне 1930-х гг.

Духоўнае жыццё характарызавалася ўсталяваннем дзяржаўнага кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, літаратурай і мастацтвам, аддзяленнем царквы ад дзяржавы і прымусовым укараненнем атэізму, стварэннем спецыяльных ідэалагічных арганізацый і ўстаноў з мэтай тлумачэння афіцыйнай ідэалогіі, барацьбой з іншадумствам.

3. Культурная рэвалюцыя і яе вынікі

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. адзначыла ўступленне Расіі ў новы этап яе цывілізацыйнага развіцця. Бальшавікі, што прыйшлі да ўлады, прыступілі да стварэння савецкай мадэлі грамадства, якая не мела аналагаў у сусветнай гісторыі. Будаўніцтва сацыялізму спачатку ў РСФСР, а затым і ў СССР суправаджалася карэннай перабудовай усяго культурнага і ідэалагічнага жыцця. Палітыка савецкай улады ў сферы культуры атрымала агульную назву культурнай рэвалюцыі.

Паняцце культурнай рэвалюцыі ўпершыню з’явілася ў Расіі ў адным з анархісцкіх маніфестаў 1917 г. у форме лозунга «Няхай жыве Культурная Рэвалюцыя!». У звыклым для нас значэнні гэтае паняцце ўвёў заснавальнік Савецкай дзяржавы У. І. Ленін. Ён разглядаў культурныя пераўтварэнні і фарміраванне новай культуры, адрознай ад буржуазнай, у якасці складанай часткі плана будаўніцтва сацыялізму ў краіне. Ім былі распрацаваны асноўныя задачы культурнай рэвалюцыі. Важнейшыя з іх — пераадоленне «буржуазнай культуры» і замена яе «сацыялістычнай культурай», выхаванне «новага чалавека» і стварэнне новай маралі, падрыхтоўка савецкай інтэлігенцыі і кадраў, неабходных краіне.

Культурныя пераўтварэнні праводзіліся пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі, прычым паступова і паэтапна, паколькі былі разлічаны на цэлую гістарычную эпоху. У. І. Ленін абвяшчаў культурную рэвалюцыю як неабходную і дастатковую ўмову для пераадолення цывілізацыйнай адсталасці Расіі.

У ходзе культурнай рэвалюцыі была ліквідавана непісьменнасць, створана адна з лепшых у свеце сістэм адукацыі, якая дазволіла дабіцца вялізных поспехаў у справе падрыхтоўкі кадраў, у развіцці ўсіх сфер навуковых ведаў. Савецкая інтэлігенцыя стала прывілеяванай праслойкай грамадства. Многія справядліва лічаць, што Вялікую Айчынную вайну выйграў савецкі настаўнік, які вучыў дзяцей не толькі правапісу, матэматыцы або законам фізікі — ён вучыў іх любіць Радзіму, дапамагаць товарышам, быць смелым, бескарыслівым і шчырым.

Культурная рэвалюцыя, якая закранула ўсе сферы культурнага і духоўнага жыцця грамадства, рэгулявалася дзяржавай у адпаведнасці з камуністычнай ідэалогіяй. Ідэалагічны кантроль быў сур’ёзнай перашкодай для развіцця філасофіі і грамадскіх навук. Мастацкая культура таксама была пастаўлена на службу сацыялістычнай дзяржаве, таму найвялікшыя поспехі былі дасягнуты ў прыродазнаўчых, дакладных і тэхнічных навуках. Важнейшыя дасягненні навукі выкарыстоўваліся ў савецкай прамысловасці.

Пытанні

1. Растлумачце значэнне паняццяў «аўтаномія», «федэрацыя». Прывядзіце прыклады сучасных федэратыўных дзяржаў, аўтаномій у складзе незалежных дзяржаў.

2. Вылучыце аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары, якія садзейнічалі ўтварэнню СССР. У якой форме было декларавана дзяржаўнае ўладкаванне СССР, у якой яно рэальна ажыццявілася? Выкарыстоўвайце матэрыялы рубрыкі «Лабараторыя гісторыка».

3. У чым вы бачыце прычыны трансфармацыі федэратыўнай дзяржавы ва ўнітарную?

4. Параўнайце сістэму дзяржаўнага кіравання ў СССР па Канстытуцыях 1924 і 1936 гг.

5. Сфармулюйце вызначэнне паняцця «культ асобы». Чаму ў савецкім грамадстве сфарміраваўся культ асобы І. В. Сталіна? Ці можаце вы прывесці іншыя гістарычныя прыклады існавання культу асобы? Дайце ацэнку гэтай гістарычнай з’яве.

6. Якую ролю ў пабудове новага грамадства павінна была адыграць культура? Вызначце складальнікі культурнай рэвалюцыі і яе вынікі.

7. Ці можна лічыць утварэнне СССР завяршэннем рэвалюцыйнага працэсу? Параўнайце сістэму дзяржаўнага кіравання СССР з сістэмай адной з заходніх краін (на выбар). У чым вы бачыце яе перавагі і недахопы?

Прапануем абмеркаваць

Лабараторыя гісторыка

Асаблівае меркаванне