§ 15-2. Утварэнне СССР
2. Асноўныя рысы савецкай палітычнай сістэмы
Калі ў пытаннях эканомікі бальшавікі ішлі на кампрамісы, то ў пытаннях кантролю духоўнага і палітычнага жыцця грамадства — не. У 1922 г. былі закрытыя часопісы і газеты левых эсэраў і анархістаў, гэтыя і так ужо малаўплывовыя партыі спынілі сваё існаванне.
Пасля смерці У. І. Леніна ў студзені 1924 г. у бальшавіцкай партыі пачалася барацьба за ўладу. Колькасць членаў кампартыі, перайменаванай у 1925 г. ва Усесаюзную камуністычную партыю (бальшавікоў) — ВКП(б) — павялічылася з 732 тыс. чалавек да 1,3 млн у 1927 г. Галоўнае разыходжанне пунктаў гледжання было паміж сталіністамі і трацкістамі. Апазіцыянеры былі нязгодныя з тэзісам І. В. Сталіна аб «магчымасці пабудовы сацыялізму ў адной краіне», лічылі, што гэты дзяржаўны і грамадскі лад у адсталай Расіі можа ўмацавацца толькі пасля перамогі пралетарскай рэвалюцыі на індустрыяльным Захадзе. Яны таксама выступалі супраць іерархіі ў партыі, вылучэння партыйнай і палітычнай эліты. У канцы 1927 г. Л. Д. Троцкі, Р. Я. Зіноўеў, Л. Б. Каменеў, іншыя правадыры апазіцыі і іх паплечнікі былі выключаны з ВКП(б).
У другой палове 1920-х — 1930-я гг. склалася асаблівая мадэль палітычнага ўладкавання СССР.
Эканамічную аснову сістэмы складалі поўнае падпарадкаванне вытворцы дзяржаве, дзяржаўнае рэгуляванне і пазаэканамічны прымус, забарона забастовак, мілітарызацыя эканомікі і працы.
Палітычнай асновай з’яўляліся такія элементы, як панаванне аднапартыйнай сістэмы, зрошчванне партыйнага і дзяржаўнага апарата, знішчэнне палітычных апанентаў, стварэнне магутнага рэпрэсіўнага апарата. Савецкая палітычная сістэма ўключала партыйныя органы і органы дзяржбяспекі. Партыйныя органы падбіралі кіруючыя кадры. У сваю чаргу органы дзяржбяспекі ажыццяўлялі нагляд за партыйнай структурай. Практычна ўсе слаі свецкага грамадства былі ўцягнуты ў розныя арганізацыі — партыю, камсамол, піянерскія дружыны, прафсаюзы, творчыя саюзы.
Важную ролю ў савецкай палітычнай сістэме адыгрывала асоба правадыра. Першапачаткова ім быў У. І. Ленін, а затым І. В. Сталін, які перамог у бязлітаснай унутрыпалітычнай барацьбе члена Палітбюро РКП(б) і наркома па ваенных і марскіх справах Л. Д. Троцкага. Культ асобы Сталіна канчаткова склаўся ў сярэдзіне 1930-х гг.
Духоўнае жыццё характарызавалася ўсталяваннем дзяржаўнага кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, літаратурай і мастацтвам, аддзяленнем царквы ад дзяржавы і прымусовым укараненнем атэізму, стварэннем спецыяльных ідэалагічных арганізацый і ўстаноў з мэтай тлумачэння афіцыйнай ідэалогіі, барацьбой з іншадумствам.