*§ 5—2. Значэнне святла ў жыцці жывёл

Значэнне святла для арыентацыі жывёл у прасторы

Бачнае сонечнае выпраменьванне неабходна жывёлам для зрокавай арыентацыі ў асяроддзі пражывання. Менавіта прамяні сонечнага святла спрыялі развіццю зроку шмат у якіх арганізмаў. Рассеяныя, адбітыя ад навакольных прадметаў прамяні, што ўспрымаюцца органамі зроку жывёл, даюць ім значную частку інфармацыі пра навакольны свет. Аднак здольнасць да аб’ёмнага бачання залежыць ад вугла размяшчэння вачэй і ад ступені перакрывання іх палёў зроку. Аб’ёмны зрок характэрны для чалавека, прыматаў, некаторых птушак — соў, сокалаў, арлоў, грыфаў. Жывёлы, у якіх вочы размешчаны па баках галавы, маюць плоскасны зрок.

Для пераважнай большасці наземных і водных жывёл з дзённай, змрочнай ці начной актыўнасцю зрок з’яўляецца асноўным прыстасаваннем для арыентацыі пры розных умовах асветленасці. Кажаны вылятаюць на паляванне пасля заходу сонца, а днём спяць. Вожыкі палююць на змярканні і ноччу. Лемуры і совы, калі іх разбудзіць днём, зусім бездапаможныя. Змрочны ці начны лад жыцця часта прыводзіць да гіпертрафіі (празмернага павелічэння) вока. Вялікія вочы, здольныя ўлоўліваць мізэрныя долі святла, уласцівы лемурам, даўгапятам, совам, большасці прадстаўнікоў сямейства каціных.

!  Гэта цікава

Начны або дзённы лад жыцця з’яўляюцца сукупнасцю прыроджаных рэфлексаў, якія спрацоўваюць нават пры выпадковым змяненні чаргавання святла і цемнаты. Напрыклад, у час сонечнага зацьмення ўсе жывёлы пачынаюць паводзіць сябе, як уначы: начныя насякомыя (прусакі, цвыркуны, камары) выяўляюць сваю звычайную актыўнасць, а дзённыя (матылькі, мухі, пчолы), наадварот, прыпыняюць сваю дзейнасць на час зацьмення, а пасля яго — аднаўляюць.

Паняцце бачнага святла ў некаторай меры ўмоўнае ў адносінах да жывёл, бо іх віды моцна адрозніваюцца па здольнасці ўспрымаць прамяні сонечнага спектра рознай даўжыні хвалі. Для чалавека вобласць успрымання бачных прамянёў размяшчаецца ад фіялетавых да цёмна-чырвоных. Некаторыя змеі могуць бачыць у інфрачырвоным (цеплавым) дыяпазоне і паляваць на цеплакроўных жывёл ноччу, калі розніца паміж тэмпературай паверхні цела жывёл і навакольным асяроддзем максімальная. У выніку гэтыя віды змей здольныя ўспрымаць навакольны свет у двух дыяпазонах электрамагнітных хваль: у бачным святле (як і большасць жывёл) і ў інфрачырвоным. Сярод рыб здольнасцю бачыць пад вадой у інфрачырвоным дыяпазоне валодаюць піранні, якія палююць на цеплакроўных жывёл, што зайшлі ў ваду. Сярод насякомых інфрачырвоным зрокам валодаюць камары, што дазваляе ім з вялікай дакладнасцю знаходзіць найбольш насычаныя крывяноснымі сасудамі ўчасткі цела здабычы.

Для пчол бачная частка спектра ссунута ў больш караткахвалевую вобласць. Яны ўспрымаюць як каляровыя значную частку ультрафіялетавых прамянёў, але не адрозніваюць чырвоныя. Узнікненне яркаафарбаваных кветак пакрытанасенных раслін таксама звязана з асаблівасцямі зрокавага апарата апыляльнікаў і, у канчатковым выніку, са светлавым рэжымам асяроддзя.

Жывёлы арыентуюцца з дапамогай зроку ў час далёкіх пералётаў і міграцый. Птушкі з дзіўнай дакладнасцю выбіраюць напрамак палёту, пераадольваючы часам тысячы кіламетраў ад гняздоўяў да месцаў зімовак. Матэрыяламі доследаў і назіранняў даказана, што пры такіх далёкіх пералётах птушкі часткова арыентуюцца па сонцы і зорках, гэта значыць астранамічных крыніцах святла.

У жывёл пячор і жыхароў глеб, якія знаходзяцца ў змроку, вочы або рэдукаваны (пячорныя рыбы і амфібіі, краты, сляпышы), або зусім адсутнічаюць (большасць планарый, дажджавыя чэрві), што кампенсуецца больш моцным развіццём органаў дотыку. Пячорныя жывёлы слаба афарбаваны ці зусім пазбаўлены пігменту. Яны звычайна бясколерныя, празрыстыя ці малочна-белага колеру.