Печатать книгуПечатать книгу

*§ 5—2. Значэнне святла ў жыцці жывёл

  • Успомніце, як рэагуюць жывёлы на чаргаванне светлага і цёмнага часу сутак. Як змяненне даўжыні светлавога дня на працягу года ўплывае на жыццё жывёл?
  • Як вы думаеце? Якую ролю адыгрывае святло ў жыцці жывёл?
  • Вы даведаецеся пра ролю святла як крыніцы цяпла для жывёл, пра яго значэнне для іх арыентацыі ў прасторы.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 5—2. Значэнне святла ў жыцці жывёл
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 06:24

Прэамбула

У адрозненне ад зялёных раслін жывёлы не здольныя да фотасінтэзу і для працэсаў жыццядзейнасці выкарыстоўваюць не сонечную энергію, а энергію, якая змяшчаецца ў арганічных рэчывах. Тым не менш святло для пераважнай большасці відаў наземных жывёл з’яўляецца жыццёва неабходным фактарам.

Святло як крыніца цяпла для жывёл

Асвятленне непарыўна звязана з награваннем цела жывёл. Адны з іх, здольныя падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела, пазбягаючы святла, прадухіляюць залішняе яго награванне. У іншых, наадварот, ваганні тэмпературы цела знаходзяцца ў прамой залежнасці ад сонечнай энергіі, як і жыццёвыя працэсы ў арганізме. Менавіта гэтыя жывёлы актыўна выкарыстоўваюць сонечную энергію для падтрымання тэмпературы цела. З гэтай мэтай яны выбіраюць найбольш асветленыя месцы і прымаюць паставы, спрыяльныя для максімальнага асвятлення цела.

Значэнне святла для арыентацыі жывёл у прасторы

Бачнае сонечнае выпраменьванне неабходна жывёлам для зрокавай арыентацыі ў асяроддзі пражывання. Менавіта прамяні сонечнага святла спрыялі развіццю зроку шмат у якіх арганізмаў. Рассеяныя, адбітыя ад навакольных прадметаў прамяні, што ўспрымаюцца органамі зроку жывёл, даюць ім значную частку інфармацыі пра навакольны свет. Аднак здольнасць да аб’ёмнага бачання залежыць ад вугла размяшчэння вачэй і ад ступені перакрывання іх палёў зроку. Аб’ёмны зрок характэрны для чалавека, прыматаў, некаторых птушак — соў, сокалаў, арлоў, грыфаў. Жывёлы, у якіх вочы размешчаны па баках галавы, маюць плоскасны зрок.

Для пераважнай большасці наземных і водных жывёл з дзённай, змрочнай ці начной актыўнасцю зрок з’яўляецца асноўным прыстасаваннем для арыентацыі пры розных умовах асветленасці. Кажаны вылятаюць на паляванне пасля заходу сонца, а днём спяць. Вожыкі палююць на змярканні і ноччу. Лемуры і совы, калі іх разбудзіць днём, зусім бездапаможныя. Змрочны ці начны лад жыцця часта прыводзіць да гіпертрафіі (празмернага павелічэння) вока. Вялікія вочы, здольныя ўлоўліваць мізэрныя долі святла, уласцівы лемурам, даўгапятам, совам, большасці прадстаўнікоў сямейства каціных.

!  Гэта цікава

Начны або дзённы лад жыцця з’яўляюцца сукупнасцю прыроджаных рэфлексаў, якія спрацоўваюць нават пры выпадковым змяненні чаргавання святла і цемнаты. Напрыклад, у час сонечнага зацьмення ўсе жывёлы пачынаюць паводзіць сябе, як уначы: начныя насякомыя (прусакі, цвыркуны, камары) выяўляюць сваю звычайную актыўнасць, а дзённыя (матылькі, мухі, пчолы), наадварот, прыпыняюць сваю дзейнасць на час зацьмення, а пасля яго — аднаўляюць.

Паняцце бачнага святла ў некаторай меры ўмоўнае ў адносінах да жывёл, бо іх віды моцна адрозніваюцца па здольнасці ўспрымаць прамяні сонечнага спектра рознай даўжыні хвалі. Для чалавека вобласць успрымання бачных прамянёў размяшчаецца ад фіялетавых да цёмна-чырвоных. Некаторыя змеі могуць бачыць у інфрачырвоным (цеплавым) дыяпазоне і паляваць на цеплакроўных жывёл ноччу, калі розніца паміж тэмпературай паверхні цела жывёл і навакольным асяроддзем максімальная. У выніку гэтыя віды змей здольныя ўспрымаць навакольны свет у двух дыяпазонах электрамагнітных хваль: у бачным святле (як і большасць жывёл) і ў інфрачырвоным. Сярод рыб здольнасцю бачыць пад вадой у інфрачырвоным дыяпазоне валодаюць піранні, якія палююць на цеплакроўных жывёл, што зайшлі ў ваду. Сярод насякомых інфрачырвоным зрокам валодаюць камары, што дазваляе ім з вялікай дакладнасцю знаходзіць найбольш насычаныя крывяноснымі сасудамі ўчасткі цела здабычы.

Для пчол бачная частка спектра ссунута ў больш караткахвалевую вобласць. Яны ўспрымаюць як каляровыя значную частку ультрафіялетавых прамянёў, але не адрозніваюць чырвоныя. Узнікненне яркаафарбаваных кветак пакрытанасенных раслін таксама звязана з асаблівасцямі зрокавага апарата апыляльнікаў і, у канчатковым выніку, са светлавым рэжымам асяроддзя.

Жывёлы арыентуюцца з дапамогай зроку ў час далёкіх пералётаў і міграцый. Птушкі з дзіўнай дакладнасцю выбіраюць напрамак палёту, пераадольваючы часам тысячы кіламетраў ад гняздоўяў да месцаў зімовак. Матэрыяламі доследаў і назіранняў даказана, што пры такіх далёкіх пералётах птушкі часткова арыентуюцца па сонцы і зорках, гэта значыць астранамічных крыніцах святла.

У жывёл пячор і жыхароў глеб, якія знаходзяцца ў змроку, вочы або рэдукаваны (пячорныя рыбы і амфібіі, краты, сляпышы), або зусім адсутнічаюць (большасць планарый, дажджавыя чэрві), што кампенсуецца больш моцным развіццём органаў дотыку. Пячорныя жывёлы слаба афарбаваны ці зусім пазбаўлены пігменту. Яны звычайна бясколерныя, празрыстыя ці малочна-белага колеру. 

Роля святла ў жыцці чалавека

Сонечнае святло ў жыцці чалавека мае як прамое, так і ўскоснае значэнне. Дзякуючы яму мы можам арыентавацца ў прасторы, выкарыстоўваючы зрок. Святло дае нам магчымасць пазнаваць навакольны свет, кантраляваць і каардынаваць рухі.

Як вам ужо вядома, сонечнае святло спрыяе сінтэзу ў арганізме вітаміну D, які адказвае за засваенне кальцыю і фосфару. Пры недахопе гэтага вітаміну парушаецца рост і развіццё чалавека. У дзіцячым узросце дэфіцыт вітаміну D прыводзіць да развіцця рахіту.

Сонечнае святло (асабліва ультрафіялетавыя прамяні) аказвае згубнае дзеянне на шмат якія хваробатворныя бактэрыі і грыбкі, размешчаныя на скуры ці на слізістых абалонках, таму лічыцца натуральным антысептыкам. Яно дапамагае пазбавіцца ад шэрага інфекцыйных захворванняў — гэта ахоўная функцыя.

Самаадчуванне і душэўны стан чалавека таксама залежаць ад сонечных прамянёў. Параўнайце свае адчуванні ў пахмурнае і сонечнае надвор’е. Недахоп святла прыводзіць да пагаршэння настрою, да апатыі і дэпрэсіі. Жыццё без святла ці з яго мінімальнай колькасцю можа прывесці да D-авітамінозу, зніжэння імунітэту і паслаблення арганізма, у выніку чаго паніжаецца супраціўляльнасць прастудным і іншым захворванням. Акрамя таго, памяншаецца працаздольнасць і пагаршаецца агульны стан. У той жа час залішне яркае святло шкоднае, бо можа выклікаць неўрозы і праблемы са зрокам.

Сонечная энергія выкарыстоўваецца чалавекам як у паўсядзённым жыцці, так і ў прамысловасці. У быце шмат якія людзі выкарыстоўваюць сонечную энергію для таго, каб падагрэць ваду, абагрэць хату.

У прамысловасці выкарыстоўваюць сонечныя батарэі, якія сабраны з фотаэлементаў. Пераўтварэнне светлавой энергіі ў электрычную ў фотаэлементах заснавана на фотаэлектрычным эфекце, які ўзнікае пры ўздзеянні на іх сонечнага выпраменьвання. Транспарт таксама здольны прыходзіць у рух пры дапамозе сонечных батарэй — некаторыя электрамабілі атрымліваюць энергію ад святла.

Паўторым галоўнае. Жывёлы, не здольныя падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела, выкарыстоўваюць сонечнае святло як крыніцу цяпла. Для большасці жывёл бачнае сонечнае святло неабходна для зрокавай арыентацыі ў прасторы. Некаторыя жывёлы здольны бачыць інфрачырвоныя і ультрафіялетавыя прамяні. У якасці прыстасавання да розных умоў асвятлення ў жывёл з’явіліся вочы рознай ступені складанасці. Для актыўнага ладу жыцця ва ўмовах недастатковага асвятлення сфарміраваліся вялікія вочы. У жывёл, якія жывуць у пячорах ці ў глебе пры поўнай адсутнасці святла, вочы развіты слаба або зусім адсутнічаюць. Для чалавека святло мае вялікае значэнне: яно ўплывае на фізічны і псіхалагічны стан, сонечнае святло выкарыстоўваецца як крыніца энергіі ў гаспадарчай дзейнасці.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Растлумачце энергетычную ролю святла ў жыцці жывёл.
2. Назавіце характэрныя адаптацыі жывёл, якія вядуць начны ці змрочны лад жыцця.
3. Якая роля святла ў жыцці чалавека?

    Складаныя пытанні

1. З прыведзенага пераліку жывёл выберыце прадстаўнікоў, якія маюць неразвітыя ці слаба развітыя вочы: лемур, крот, даўгапят, сава, чарвяк дажджавы, сляпыш, жаба, планарыя. Назавіце асяроддзе іх пражывання.
2. Чым тлумачыцца здольнасць начных жывёл бачыць здабычу і няздольнасць пчол бачыць чырвоны колер?
3. У марскіх рыб, якія жывуць на розных глыбінях, будова вачэй не аднолькавая. У большасці рыб тоўшчы вады вочы вельмі буйныя. У глыбакаводных рыб вочы маленькія ці зусім адсутнічаюць. Растлумачце прычыну такіх адрозненняў.

Індывідуальнае дамашняе заданне. Правядзіце назіранні за рэакцыяй жывёл, якія жывуць у вашай мясцовасці, на змяненне дня і ночы. Параўнайце іх па перыядах актыўнасці і размяркуйце на групы паводле ладу жыцця.