§ 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

9. Дасягненні беларускіх спартсменаў

У Рэспубліцы Беларусь з першых дзён суверэнітэту былі знойдзены магчымасці для падтрымкі і развіцця спорту як аднаго з важнейшых паказчыкаў культуры і здароўя нацыі. За апошнія 15 гадоў у Беларусі пабудавана каля 20 лядовых палацаў.

Самы буйны́ з іх — ​шматпрофільны культурна-спартыўны комплекс «­Мінск-Арэна» — змяшчае больш за 15 тыс. гледачоў. Пры гэтым збудаванне лядовых палацаў вядзецца не толькі ў буйны́х гарадах, але і ў невялікіх раённых цэнтрах.

Пасля рэканструкцыі ў чэрвені 2018 г. быў адкрыты стадыён «Дынама». Тут у 2019 г. прайшлі асноўныя спаборніцтвы II Еўрапейскіх гульняў, Цырымонія іх адкрыцця і закрыцця.

Галоўнымі базамі падрыхтоўкі нацыянальных каманд па зімовых і летніх відах спорту з’яўляюцца спартыўныя комплексы «Раўбічы» (зімовыя віды) і «Стайкі» (летнія віды). Яны адпавядаюць міжнародным стандартам і дазваляюць падрыхтавацца да выступленняў на самым высокім узроўні (у тым ліку на Алімпійскіх гульнях).

У 1996 г. на ХХVІ летніх Алімпійскіх гульнях у Атланце (ЗША) Рэспубліка Беларусь была ўпершыню прадстаўлена самастойнай нацыянальнай камандай. Абсалютным рэкордам для Беларусі стаў удзел у Алімпіядзе ў Пекіне, якая прайшла ў 2008 г. Беларускія спартсмены ўстанавілі новы нацыянальны рэкорд — ​заваявалі 19 узнагарод, а нацыянальная зборная заняла шаснаццатае месца па якасці і трынаццатае — ​па колькасці медалёў. У той год беларусы прывезлі на радзіму тры залатыя медалі.

На XXX летніх Алімпійскіх гульнях 2012 г. у Лондане два новыя сусветныя рэкорды ўстанавіў беларускі стралок С. Мартынаў. Тэнісістка В. Азаранка, якая ўпершыню ў гісторыі беларускага тэніса ў 2012 г. стала першай ракеткай свету, разам з М. Мірным змагла перамагчы гаспадароў тэніснага корта і заваяваць золата Алімпіяды.

На XXXII летняй Алімпіядзе 2021 г. у Токіа ўладальнікам залатога медаля стаў Іван Літвіновіч, ён выйграў спаборніцтвы ў скачках на батуце.

Паспяхова выступіла паралімпійская зборная Беларусі. Плывец Ігар Бокій стаў пяціразовым пераможцам Паралімпійскіх гульняў і заваяваў 5 залатых медалёў.

Спартыўныя традыцыі — ​адзін з ключавых фактараў, якія спрыяюць праслаўленню Беларусі ў свеце. Беларусь, дзякуючы дасягненням сваіх спартсменаў і спартыўным аб’ектам, стала адной з самых спартыўных і вядомых краін Еўропы.