§ 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
8. Тэатр і кіно
У цяперашні час у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў. Вядучае месца ў тэатральным мастацтве займаюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, Дзяржаўны музычны тэатр, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача і інш.
Аснову рэпертуару беларускіх тэатраў складае драматургія беларускіх аўтараў, руская і замежная класіка. Сучасныя аўтары ў сваіх пастаноўках звяртаюцца да гістарычнай тэматыкі, фальклорных сюжэтаў.
Вялікую колькасць прыхільнікаў і ўдзельнікаў збіраюць шматлікія міжнародныя фестывалі тэатральнага мастацтва: Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «Март@контакт» у Магілёве, Міжнародны фестываль лялечных тэатраў «Лялькі над Нёманам» у Гродне, Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» ў Брэсце, «Славянскія Тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі і інш.
Для сучаснага нацыянальнага кінамастацтва характэрна пераасэнсаванне гістарычнага мінулага і адлюстраванне надзённых праблем. Папулярнасцю карыстаюцца кінастужкі, знятыя на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»: «Анастасія Слуцкая», «У жніўні 44-га…», «Дняпроўскі рубеж», « Снайпер: Зброя адплаты», «У чэрвені 41-га». Падзеяй у беларускім кінематографе стаў выхад на шырокі экран фільма «Брэсцкая крэпасць» — першага кінапраекта Саюзнай дзяржавы.
З 1994 г. у Мінску штогод праводзіцца Міжнародны кінафестываль «Лістапад». У яго працы прымаюць удзел кінематаграфісты многіх краін свету, прэзентуючы гледачу свае конкурсныя кінастужкі. У Магілёве штогод праводзіцца Міжнародны анімацыйны кінафорум «Анімаёўка».
З 1997 г. штогод праходзіць уручэнне прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва.