§ 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
7. Выяўленчае мастацтва
Асаблівасцю развіцця беларускага выяўленчага мастацтва ў гады суверэнітэту рэспублікі стала вяртанне да гістарычных каранёў беларускага народа, мінулага сваёй краіны. Любоўю да беларускай зямлі прасякнуты цыкл карцін «Мая Беларусь» лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь М. Селяшчука.
Замалёўкі архітэктурных помнікаў Нясвіжа, галерэя партрэтаў Радзівілаў былі выкананы народным мастаком БССР У. Стэльмашонкам.
Народны мастак СССР, БССР, акадэмік жывапісу, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Беларусі М. Савіцкі ў сваёй творчасці звярнуўся да чарнобыльскай і біблейскай тэматыкі. Цыкл яго прац «Запаведзі», палотны «Пахаванне Ефрасінні Полацкай», «Зняцце з крыжа» сцвярджаюць хрысціянскія каштоўнасці.
Беларускі пейзажыст, народны мастак Рэспублікі Беларусь Павел Васільевіч Масленікаў паклаў пачатак цэлай дынастыі мастакоў. Мастакамі сталі і яго сын Уладзімір Паўлавіч Масленікаў, і яго ўнук Павел Уладзіміравіч Масленікаў.
Адным з новых кірункаў сучаснага мастацтва стаў стрыт-арт (вулічнае мастацтва). Асноўнай часткай стрыт-арта з’яўляюцца манументальныя графіці. Муралы на вуліцы Кастрычніцкай у г. Мінску былі створаны ў рамках фестывалю Vulica Brasil.
Для манументальнага мастацтва характэрна адмаўленне ад грандыёзных манументаў абстрактна-сімвалічнага сэнсу. Гістарычная тэматыка знайшла адлюстраванне ў помніках Кірылу Тураўскаму ў Тураве, Францішку Скарыну і Гедыміну ў Лідзе, Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, Ефрасінні Полацкай у Мінску і Рэчыцы, Усяславу Чарадзею ў Полацку, Альгерду і Аляксандру Неўскаму з сям’ёй у Віцебску, Давыду Гарадзенскаму ў Гродне, Льву Сапегу ў Лепелі і Слоніме.
У 1990-я гг. характэрнай прыкметай часу сталі помнікі ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. У 1996 г. у Мінску быў адкрыты мемарыял воінам, загінулым у Афганістане, вядомы як «Востраў Мужнасці і Смутку».
У 1990-я гг. і ў пачатку XXI ст. шырокае распаўсюджванне атрымала жанравая гарадская скульптура, характэрнымі асаблівасцямі якой з’яўляюцца адсутнасць манументальнасці і дэмакратызм.