§ 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
5. Літаратура
Ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь важнымі тэмамі беларускай літаратуры сталі ўсведамленне ўнікальнасці гістарычнага мінулага і нацыянальнае адраджэнне беларускага народа.
Творы сучасных беларускіх пісьменнікаў паказваюць светаадчуванне чалавека «мяжы стагоддзяў», які задумваецца над станам сучаснага глабалізаванага свету, над праблемай захавання і ўмацавання духоўных і маральных каштоўнасцей чалавека — чалавечай годнасці, дабра, сумленнасці, над праблемай захавання навакольнага асяроддзя, зберажэння гістарычнай памяці.
Літаратура канца ХХ — пачатку ХХІ ст. характарызуецца жанравай і стылістычнай разнастайнасцю. Сучасных беларускіх пісьменнікаў цікавіць не толькі адлюстраванне рэалій жыцця, але і перадача ўласных, суб’ектыўных адносін, думак, эмоцый да разнастайнага навакольнага свету.
Беларуская літаратура застаецца найважнейшым сродкам фарміравання светапогляду і грамадзянска-культурнага развіцця асобы.