§ 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

3. Адукацыя ў Беларусі

За гады незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь склалася нацыянальная сістэма адукацыі, якая дазваляе рэалізаваць канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне адукацыі. Асноўнымі прынцыпамі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі з’яўляюцца забеспячэнне роўнага доступу і павышэнне якасці адукацыі для кожнага.

У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца прынцып «Адукацыя праз усё жыццё». Адукацыйныя адносіны ў нашай краіне рэгулююцца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Асноўная адукацыя ў Беларусі ўключае дашкольную, агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і сістэму адукацыі пасля заканчэння ВНУ.

У рэспубліцы добра развіта сістэма дашкольнай адукацыі. Дзіцячыя дашкольныя ўстановы наведваюць каля 80 % дзяцей, гэта адзін з самых высокіх узроўняў ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй сярод краін СНД. У Беларусі 100 % дзяцей пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы.

Агульная сярэдняя адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца 11-гадовай і ўключае пачатковую адукацыю (I–IV класы), базавую адукацыю (V–IX класы), сярэднюю адукацыю (X–XI класы). Паспяхова скончыўшы базавую школу, маладыя людзі маюць магчымасць працягнуць навучанне ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку.

У 10–11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўведзена профільнае навучанне: вучні могуць вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні. Функцыянуюць класы прафесійнай накіраванасці, у якіх навучэнцы акрамя вучэбных прадметаў на павышаным узроўні абавязкова наведваюць факультатыўныя заняткі па такіх кірунках, як педагагічны («Уводзіны ў педагагічную прафесію»), аграрны («Уводзіны ў аграрныя прафесіі»), спартыўна-педагагічны («Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі»), ваенна-патрыятычны.

Вышэйшая адукацыя ў рэспубліцы з’яўляецца прэстыжнай і даступнай. Па колькасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў на 10 тыс. насельніцтва Беларусь знаходзіцца на ўзроўні развітых краін Еўропы і свету.
У гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь былі адкрыты новыя вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы адукацыі: Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (заснавана ў 1991 г.), Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт (2004 г.), Палескі дзяржаўны ўніверсітэт (2006 г.) і інш. Атрыманне вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь сёння забяспечваюць 42 дзяржаўныя, 8 прыватных устаноў.

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі рыхтуюць спецыялістаў з улікам новых патрэб беларускай эканомікі, з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, звязаныя з падрыхтоўкай кадраў у галіне лагістыкі, рэгіёназнаўства, робататэхнікі і штучнага інтэлекту, для працы на атамнай электрастанцыі і інш.

У 2015 г. Беларусь афіцыйна стала ўдзельнікам Балонскага працэсу, арыентаванага на стварэнне еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Падрыхтоўка навуковых і навукова-педагагічных кадраў вядзецца ў аспірантуры і дактарантуры.

У краіне склалася эфектыўная сістэма павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Ва ўстановах вышэйшай і дадатковай адукацыі дарослых навучанне вядзецца па 385 спецыяльнасцях перападрыхтоўкі. Пры гэтым пералік спецыяльнасцей перападрыхтоўкі пастаянна карэкціруецца з улікам патрабаванняў арганізацый — ​заказчыкаў кадраў.

Нацыянальная сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізуецца праз цэнтры аднапрофільныя (тэхнічнага, экалагічнага, турысцка-краязнаўчага, фізкультурна-спартыўнага профілю) і шматпрофільныя, а таксама дзіцячыя школы мастацтваў. На базе ўстаноў дадатковай адукацыі праходзіць значная частка сацыяльных, культурных, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, праектаў навучэнцаў, працуюць дзіцячыя забаўляльныя пляцоўкі і профільныя лагеры.

1 студзеня 2021 г. у краіне быў створаны Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Асноўная яго задача — ​падтрымка адораных вучняў, развіццё ў іх цікавасці да навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк рэалізуе адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі.

Беларуская адукацыя цэніцца ў свеце, таму многія замежныя студэнты выбіраюць для навучання адукацыйныя ўстановы Беларусі.