§ 25–2. Культура Заходняй Беларусі 1921—1939 гг.
6. Архітэктура
У архітэктуры Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. актыўна развіваўся канструктывізм з уласцівай яму строгасцю, лаканічнасцю і функцыянальнасцю. Пабудаваныя ў стылі канструктывізму будынкі сфармавалі цэнтральную частку горада Гродна, паўплывалі на планіроўку Брэста і іншых заходнебеларускіх гарадоў. Нараўне з канструктывізмам пераважаў «Закапанскі стыль» — спалучэнне прынцыпаў гарадскога будаўніцтва з фальклорнымі рэгіянальнымі матывамі. Яскравым прыкладам такога комплекснага праекта можна лічыць комплекс будынкаў у цэнтры Браслава, збудаваных па праекце прафесара Віленскага ўніверсітэта і актыўнага дзеяча Віленскага таварыства аматараў навук Ю. Клоса. Яго праекты абапіраліся на багаты мясцовы матэрыял, сабраны падчас шматлікіх экспедыцый па тэрыторыі Віленскага ваяводства. У выніку новыя пабудовы гарманічна ўпісваліся ў існуючыя гарадскія комплексы і былі блізкія да традыцыі беларускага драўлянага дойлідства.
У «закапанскім стылі» ўзводзіліся культавыя пабудовы, напрыклад, драўляны касцёл у вёсцы Межаны Браслаўскага павета, які таксама быў узведзены па праекце Ю. Клос.
Архітэктура заходнебеларускіх гарадоў і мястэчак звязаная з творчасцю Л. Вітан-Дубейкаўскага. Па яго праектах у міжваенны перыяд былі пабудаваныя манастыр у Друі, касцёл Святога Пятра і Паўла ў Дрысвятах.